Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Гомелю беспасьпяхова спрабуюць падаць у суд на старшыню гарвыканкаму


Казімер Яноўскі, Гомель 246 жыхароў пяці вуліцаў Навабеліцкага раёну Гомелю спрабуюць праз суд прыцягнуць да адказнасьці старшыню гарвыканкаму Аляксандра Бяляева. На думку жыхароў, выканкам парушыў правілы бясьпекі і санітарна-экалягічныя нормы і даў дазвол на будаўніцтва аўтазапраўкі блізу жылых дамоў, пад высакавольтнай электралініяй.

Сёньня абласны суд другі раз разглядаў скаргу жыхароў вуліцаў Высокая, Луначарскага, Усходняя ды іншых на рашэньне Навабеліцкага суду. Апошні ня стаў разьбіраць заявы, падпісанай больш як дзьвюма сотнямі жыхароў, наконт прыцягненьня да адказнасьці старшыні гарвыканкаму Аляксандра Бяляева — за дазвол будаўніцтва аўтазапраўкі блізу жылых дамоў.

Паводле меркаваньня раённага суду, Адам Лобудзеў ды іншыя падпісанты няправільна аформілі пазоў у суд. На гэтую акалічнасьць указала і калегія грамадзянскіх справаў абласнога суду. Заява жыхароў не пайшла ў справу.

(Семянцова: ) “На мой погляд, суды, як і ўсе нашы ўлады, занялі аднолькавую пазыцыю. Калі заяву падалі 246 чалавек, няхай і аформілі не належным чынам, судзьдзя ўсё адно павінен быў разгледзець нашу заяву і перадаць пракурору. А ўжо пракурор мусіў вырашыць, якая гэта справа — грамадзянская ці крымінальная. Заява наша з канкрэтнымі фактамі парушэньняў. На падставе заканадаўства судзьдзя з пракурорам і павінны былі вырашыць юрыдычныя нюансы: гэта пазоў ці скарга, і прыцягваць да адказнасьці тых, хто парушаў”, — лічыць Антаніна Семянцова, побач з домам якой гомельская філія закрытага акцыянэрнага таварыства “Славнафта—Старт” узводзіць аўтазапраўку.

Дарэчы, будаўніцтва аўтазапраўкі, нягледзячы на скаргі жыхароў, блізіцца да завяршэньня. Галоўны інжынэр філіі таварыства “Славнафта—Старт” Юры Кукушкін сказаў нашаму радыё:

(Кукушкін: ) “Выканана ўсё паводле праекту. Ніякіх патрабаваньняў мы не парушалі. А што людзі падаюць у суд, дык гэта іх права. Калі аўтазапраўку закрыюць, нехта ж кампэнсуе нам выдаткі на будаўніцтва — самі жыхары ці горад. У нас няма парушэньняў. Будаўніцтва ўзгаднілі ўсе гарадзкія службы: санітарная, экалёгія, усе астатнія органы”.

Жыхары ж прылеглых да аўтазапраўкі дамоў, баючыся за сваё бясьпеку і экалёгію, дамагацца праз суд прыцягнуць да адказнасьці гарадзкіх кіраўнікоў. Распавядае яшчэ адзін падпісант заявы ў суд Леанід Пліска:

(Пліска: ) “Улады Гомелю павінны былі нам паведаміць, ці згодны мы мець па суседзтве такі выбухова– і пажаранебясьпечны аб’ект. Яны гэтага не зрабілі. Яны нас ня лічаць за людзей. Што хочуць, тое і робяць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG