Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два палкоўнікі прызналіся ў забойстве журналіста Георгія Гангадзэ


Юры Дракахруст, Прага Генэральны пракурор Украіны Сьвятаслаў Піскун заявіў, што два арыштаваныя палкоўнікі МУС прызналіся ў забойстве журналіста Георгія Гангадзэ 5 гадоў таму. Паводле пракурора гэтыя прызнаньні сьведчаць, што расьсьледаваньне рухаецца ў правільным накірунку. Але дагэтуль невядома, хто быў ініцыятарам, замоўшчыкам злачынства.

Дамагчыся раскрыцьця забойства Георгія Гангадзэ было справай гонару новага ўкраінскага кіраўніцтва. У 2000 годзе гэтае забойства скаланула ўсю краіну, абвінавачваньні ў датычнасьці да забойства вышэйшых прадстаўнікоў улады спарадзілі моцную кампанію пратэстаў “Украіна бяз Кучмы”.

Заснавальнік інтэрнэт-выданьня “Украінская праўда” Георгій Гангадзэ быў скрадзены ў верасьні 2000 году. Пазьней пад Кіевам было знойдзенае ягонае абезгалоўленае цела.

Празь некалькі тыдняў дэпутат Аляксандар Мароз абнародаваў у Вярхоўнай Радзе магнітафонныя запісы, зробленыя ў кабінэце прэзыдэнта Кучмы маёрам службы аховы Міколам Мельнічэнкам. На адной са стужак асоба з голасам, падобным да голасу Кучмы, загадвае іншай асобе з голасам, падобным да голасу міністра ўнутраных справаў Юрыя Краўчанку, скрасьці Гангадзэ і аддаць яго чачэнцам. Леанід Кучма і тады і цяпер адмаўляў сапраўднасьць стужак.

Расьсьледаваньне справы Гангадзэ пры Кучму апынулася ў тупіку. Але пасьля прыходу новай улады ўжо ў сакавіку сёлета было абвешчана пра арышт двух падазраваных у забойстве. Учора генэральны пракурор Сьвятаслаў Піскун паведаміў, што яны прызналі сваю віну.

Але хто загадаў двум афіцэрам МУС забіць журналіста? Адказу на гэтае пытаньне пакуль няма.

Аналітык нашага радыё Ян Максімюк не выключае, што яго і ня будзе, што магчыма гэта было прадметам сакрэтнай зьдзелкі, якая забясьпечыла перамогу “аранжавай рэвалюцыі”: неўжываньне сілы супраць дэманстрантаў у абмен на імунітэт ад крымінальнага перасьледу Кучмы пасьля прыходу новай улады.

Леанід Кучма спакойна жыве ў Кіеве, а прэзыдэнт Юшчанка заяўляе, што справа Гангадзэ раскрытая. Ян Максімюк не выключае, што справа можа скончыцца асуджэньнем толькі непасрэдных выканаўцаў злачынства.

Адзін з ключавых фігурнатаў справы – былы ахоўнік Кучмы Мікола Мельнічэнка, як і ўдава Гангадзэ, атрымаў палітычны прытулак у Злучаных Штатах. Украінскія сльедчыя дамагаюцца, каб Мельнічэнка прыехаў ва Ўкраіну і даў паказаньні па справе, тады ягоныя магнітафонныя стужкі могуць разглядацца, як сьведчаньні ў справе. Сяргей Таран, прадстаўнік кіеўскага Інстытуту масс-мэдыяў, гаворыць, што Мельнічэнка перасьцерагаецца за сваю бясьпеку і ня хоча казаць усёй праўды.

(Таран: ) "Ён выказвае вельмі супярэчлівыя намеры. Сустрэцца зь імі жадалі і міжнародныя арганізацыі, у тым ліку і мы. Але ён не ідзе на такія кантакты, якія апроч іншага дапамог бы яму дакладней данесьці сваю пазыцыю да міжнароднай грамадзкасьці і да грамадзянаў Украіны. Мы лічым, што ён ня хоча гаварыць усю праўды пра тое, як былі запісаныя стужкі, і пра тое, якія структуры за ім стаяць і зь імі супрацоўнічалі".

Удава Гангадзэ мяркуе, што пакуль справа аб забойстве Георгія ня будзе цалкам раскрытая, Украіна ня мае ніякіх шанцаў стаць нармальнай краінай.
XS
SM
MD
LG