Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імя "адзінага" стане вядомае толькі ў верасьні?


Альгерд Невяроўскі, Менск Лідэры партыяў удзельніцаў Сталай нарады дэмакратычных сілаў абвясьцілі пра пачатак апошняга этапу падрыхтоўкі да Нацыянальнага кангрэсу дэмакратычных сілаў, на якім будзе названае імя адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі. З 15 чэрвеня да сярэдзіны жніўня па ўсёй Беларусі павінны прайсьці 143 сходы, на якіх будуць вылучаныя больш за 800 дэлегатаў на Кангрэс. Арганізатары гавораць, што Кангрэс дэмакратычных сілаў пройдзе ў пэрыяд з 1 верасьня да 1 кастрычніка на тэрыторыі Беларусі.

Кангрэс дэмакратычных сілаў павінен найперш назваць імя адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі на выбарах 2006 году. 15 чэрвеня ў Сьветлагорску павінен прайсьці першы сход прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадзкасьці дзеля вылучэньня дэлегатаў на Кангрэс. Усяго цягам двух месяцаў па ўсёй тэрыторыі Беларусі пройдуць 143 такія сходы. Пакуль на зацьвярджэньне Кангрэсу прапанавана чатыры прозьвішчы патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты — Аляксандар Мілінкевіч, Анатоль Лябедзька, Станіслаў Шушкевіч і Сяргей Калякін. Да іншых патэнцыйных кандыдатаў сталая нарада зьвярнулася з заклікам да супрацоўніцтва. Але свае прапановы пакуль даслалі толькі Аляксандар Казулін і Васіль Лявонаў. Гаворыць старшыня аргкамітэту Кангрэсу дэмакратычных сілаў Аляксандар Бхвостаў:

(Бухвостаў: ) “Тыя дакумэнты, што яны накіравалі, разглядаюцца спэцыяльнай групай, заўтра павінна быць канчаткова вызначаная рэдакцыя адказаў. Ёсьць там прапановы, якія могуць быць прынятыя (і, відаць, будуць прынятыя), але думаю, што гэты працэс перамоваў будзе зь імі весьціся і надалей”.

Сталая нарада падтрымлівае прапановы аб зьмяненьні Выбарчага кодэксу, зьмены Канстытуцыі і гэтак далей. Але непрымальнымі лічыць прапановы аб спыненьні пачатага працэсу вылучэньня адзінага кандыдата і пачатку новага з удзелам новых кандыдатаў. Гаворыць старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Ня будуць прымальнымі прапановы адмовіцца ад вызначэньня адзінага кандыдата, ці ад вызначэньня лідэра на Кангрэсе. А такія прапановы да нас таксама паступаюць”.

Прадстаўнікі сталай нарады гавораць, што дзьверы для іншых кандыдатаў адчыненыя да самага моманту правядзеньня Кангрэсу. Яны заклікалі кандыдатаў адкінуць асабістыя амбіцыі і ўключацца ў працэс вылучэньня дэлегатаў на Кангрэс.

Сталая нарада таксама накіравала заяўкі ў 50 арганізацыяў у розных гарадах Беларусі, якія маюць залі, што могуць зьмясьціць больш за 800 дэлегатаў. Сябры аргкамітэту спадзяюцца, што ўлады не адмовяць у арэндзе памяшканьня.
XS
SM
MD
LG