Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хавіер Саляна, Ліга правоў чалавека заклапочаныя прысудам Клімаву


Юры Дракахруст, Прага Хавіер Саляна асудзіў сёньня прысуд Андрэю Клімаву. Міжнародная ліга правоў чалавека таксама выказала крайнюю занепакоенасьць працягам здушэньня палітычных свабод і правоў чалавека ў сувязі з асуджэньнем палітыка і прадпрымальніка Андрэя Клімава. Нагадаем, 10 чэрвеня ён быў асуджаны на паўтара году абмежаваньня волі за арганізацыю дэманстрацыі 25 сакавіка сёлета.

У заяве праваабарончай арганізацыі падкрэсьліваецца, што Клімаў на судзе адмаўляў, што арганізаваная ім дэманстрацыя перашкаджала руху транспарту. Міжнародная ліга правоў чалавека нагадвае, што палітык прыцягнуты таксама да адказнасьці з абвінавачваньня ў паклёпе на кіраўніка дзяржавы.

Ліга заклікае Аляксандра Лукашэнку спыніць наступ на дэмакратычныя сілы Беларусі. Аўтары дакумэнту нагадваюць, што Беларусь узяла на сябе абавязкі захоўваць правы чалавека, падпісаўшы шэраг пагадненьняў, у прыватнасьці Міжнародны пакт грамадзянскіх і палітычных правоў.

Міжнародная ліга правоў чалавека – няўрадавая арганізацыя, якая мае адмысловы кансультацыйны статус пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.

*** Высокі прадстаўнік Эўразьвязу ў пытаньнях замежнай палітыкі і бясьпекі Хавіер Саляна асудзіў прысуд, вынесены ў мінулую пятніцу палітыку Андрэю Клімаву. “Гэта празьмернае пакараньне за дзеяньні, якія, паводле сьведчаньняў АБСЭ і шэрагу іншых арганізацыяў, зьяўляюцца нічым іншым, як мірнай дэмакратычнай дзейнасьцю”, – заявіў Хавіер Саляна.
XS
SM
MD
LG