Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для “Белавія” зачыніцца “бераг турэцкі”?


Ігар Карней, Менск Беларускі манапаліст у авіяперавозках, Нацыянальная авіякампанія “Белавія”, можа пазбавіцца права на выкананьне чартарных рэйсаў у турэцкі аэрапорт Анталья.

Напярэдадні кіраўніцтва Дзяржаўнага камітэту авіяцыі атрымала ліст ад аналягічнага турэцкага ведамства, у якім патрабуецца выдаць дазвол на чартэрныя палёты з Антальі ў Менск турэцкай кампаніі “Turkish Airlines”. У выпадку адмовы турэцкі бок прыгразіў ануляваць дазвол беларускім авіяперавозчыкам, атрыманы ў авіяцыйным камітэце Турэччыны. Беларускія турыстычныя апэратары тым часам кажуць, што зьяўленьне канкурэнта ў авіяперавозках зрабіла б адпачынак у Турэччыне больш даступным.

У “Белавія” патрабаваньні турэцкага боку называюць “неадэкватнымі”. У распаўсюджаным прэс-рэлізе гаворыцца, што “падобная пазыцыя можа нанесьці сур’ёзныя страты турыстычнаму рынку ў самы разгар сэзону” і “Белавія” з падобнымі патрабаваньнямі катэгарычна ня згодная.

Як стала вядома, да ўрэгуляваньня канфлікту прыцягнутыя дыпляматычныя місіі абедзьвюх дзяржаваў, а на наступным тыдні павінны адбыцца перамовы на ўзроўні авіяцыйных ведамстваў Беларусі і Турэччыны. Праўда, у стасунках з журналістамі зацікаўленыя бакі ад канкрэтных адказаў ухіляюцца. Вось што мне сказалі ў амбасадзе Турэччыны ў Менску:

(Супрацоўніца амбасады: ) “Гэтае пытаньне збольшага тычыцца “Балавія” і павінна вырашацца паміж авіяцыйнымі камітэтамі дзьвюх краінаў. У “Белавія” вам усё раскажуць, што адбываецца, — і пра перамовы, і пра ўсё астатняе. У іх ёсьць поўная інфармацыя ў гэтым пытаньні”.

Але ў “Белавія” камэнтаваць сытуацыю ўвогуле адмаўляюцца, спасылаючыся на ўжо згаданы кароткі прэс-рэліз.

Паводле раскладу “Белавія”, цяпер авіякампанія выконвае рэгулярныя і чартэрныя палёты ў Турэччыну на пяці маршрутах — Стамбул, Анталья, Бодрум, Ізьмір, Даламан. Авіяцыйнае кіраўніцтва Турэччыны прэтэндуе на адзін, але самы папулярны кірунак — Анталью.

У беларускіх турыстычных фірмах падобную ініцыятыву вітаюць. Прыкладам, супрацоўнік аднаго з буйнейшых апэратараў па Турэччыне, фірмы “Смок Трэвэл”, перакананы: зьяўленьне турэцкага авіяперавозчыка станоўча адаб’ецца на коштах адпачынку ў рэгіёне:

(Прадстаўнік “Смок Трэвэл: ) “Вельмі нават рэальна, што можа быць на парадак таньней. Бо кошт таго, што прапануе “Белавія”, не падлягае ніякім перамовам: формула “пахадзі па рынку, пашукай таньней” у дадзеным выпадку не працуе. Дарэчы, была ўжо падобная сытуацыя з кіпрыйскім чартэрам: адзін год кіпрыёты паляцелі — і было таньней за “Белавія”. Натуральна, каб быць канкурэнтаздольным на рынку, трэба прапанаваць больш прывабны кошт. Гэта само сабой. Іншая рэч, што ўжо 14 чэрвеня, і з падобнай ідэяй яны проста прамарудзілі. Пытаньне трэба вырашаць найпазьней да пачатку сакавіка, бо ўсе ўжо падпісалі дамовы пад чартэры і рызыкаваць папярэдне аплачанымі грашыма захоча ня кожны”.

Зрэшты, як удакладніў мэнэджар “Смок Трэвэл”, зусім ня выключана, што падобныя захады турэцкіх авіяперавозчыкаў скіраваныя нават не на сёлетні сэзон, а ўжо на наступны.

Цяпер кошт пералёту да Антальі складае болей за 300 даляраў. З Масквы рэйс у гэтым жа кірунку каштуе напалову таньней, і гэтым многія беларусы працягваюць карыстацца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG