Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Скрабец, які галадуе за кратамі сьледчага ізалятару 31-ы дзень, зьбіраецца спыніць галадоўку (абноўлены)


Уладзімер Глод, Менск Пра гэта Радыё Свабода паведаміў 14 чэрвеня ягоны малодшы брат — Аляксандар. Лідэр дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня, адзін з актыўных апанэнтаў цяперашняга рэжыму Сяргей Скрабец па-ранейшаму працягвае галадаць. Гэтак ён пратэстуе супраць арышту і абвінавачаньняў на свой адрас, якія лічыць беспадстаўнымі.

Паводле Аляксандра Скрабца, брат даслаў ліст, у якім прасіў адразу пасьля 15 чэрвеня прывезьці яму прадукты ды рэчы, неабходныя для выхаду з галадоўкі:

(Скрабец: ) “Сяргей напісаў, што будзе выходзіць з галадоўкі, і што на пачатку тыдня прыяжджаць сэнсу няма. А вось дзесьці ў чацьвер ці пятніцу можна захапіць з сабою рэчы, неабходныя для выхаду з галадоўкі. Аляксандра, ягоная жонка, зьбіраецца ехаць туды ў чацьвер”.

Нагадаю, што старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла зьвярнулася да Сяргея Скрабца з просьбай спыніць галадоўку.

Аналягічны зварот прыняла і кіраўніцтва Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Адвакат экс-парлямэнтара Міхаіл Хоміч хадайнічаў перад уладамі аб вызваленьні яго з ізалятару пад падпіску пра нявыезд альбо пад хатні арышт. Але на гэты момант берасьцейская пракуратура не прыняла канчатковага рашэньня наконт магчымай зьмены меры стрыманьня Сяргею Скрабцу.

Сяргей Скрабец у Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня ўзначальваў дэпутацкую групу “Рэспубліка”. Летам 2004 году ён удзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Летась у кастрычніку ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай пра палітычны прытулак, аднак атрымаў адмоўны адказ. Сёлета ў красавіку Беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт, у якім сьцьвярджалася, што спэцслужбы затрымалі кур’ера, які вёз зь Вільні 200 тысяч даляраў — нібыта для фінансаваньня палітычнай дзейнасьці Сяргея Скрабца.
XS
SM
MD
LG