Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зьніжаецца колькасьць беспрацоўных


Юлія Шарова, Менск Паводле зьвестак Міністэрства працы, на 1 чэрвеня беспрацоўных у краіне – 1,8 адсотка ад эканамічна актыўнага насельніцтва. Год таму было амаль на працэнт болей. Ня маюць працы больш за 77 тысяч беларусаў.

Афіцыйны паказьнік роўню беспрацоўя ў Беларусі насамрэч далёкі ад рэальнага. Гэтага не адмаўляюць нават спэцыялісты Міністэрства працы. Рэч у тым, што яны ўлічваюць толькі тых асобаў, якія зарэгістраваліся на біржы працы. Тлумачыць начальнік галоўнага ўпраўленьня палітыкі занятасьці й народанасельніцтва Міністэрства працы Мікалай Коханаў:

(Коханаў: ) “Беспрацоўнымі лічацца грамадзяне працаздольнага веку, працаздольнага стану, якія стала жывуць у Рэспубліцы Беларусі, якія не працуюць, ня вучацца, ня служаць у войску, не займаюцца прадпрымальніцтвам і зарэгістраваныя ў органах дзяржаўнай службы занятасьці. Таму гаворка ідзе пра фіксаваных беспрацоўных. Ну, а звычайна будзе недзе ў тры ці ў тры з паловай разы вышэй”.

Такім чынам, гэты 1,8 адсотка можна памножаць на тры, кажа спадар Коханаў. Тады якраз атрымаецца ровень беспрацоўя, адлюстраваны ў выбарачных абсьледаваньнях хатніх гаспадарак. Іх рэгулярна праводзіць Міністэрства статыстыкі. Але спэцыяльна сапраўднай колькасьці беспрацоўных ніхто не вызначае – для гэтага трэба рабіць складаныя й дарагія дасьледаваньні, для якіх ні ў Мінстату, ні ў Міністэрства працы няма рэсурсаў. Праўда, у хуткім часе Міністэрства статыстыкі мае зладзіць такое дасьледаваньне ў двух раёнах Беларусі.

Я наведала аддзяленьне занятасьці насельніцтва Першамайскага раёну Менску й пагутарыла зь яго наведнікамі. Большасьць суразмоўцаў шукалі часовую працу й рэгістравацца не сьпяшаліся. Бо ў такім разе ім будуць шукаць найперш працу па спэцыяльнасьці, а праца па спэцыяльнасьці ня ўсіх задавальняе.

(Дзяўчаты: ) “Мы заканчваем сёлета, мы таваразнаўцы. Адукацыя сярэдняя спэцыяльная. І вось мы прыйшлі шукаць працу. Мы самі ня зь Менску, але хочам застацца ў Менску. Набываем прапіску й шукаем працу”.

(Спадарыня: ) “Хачу пайсьці папрацаваць. Раней не хацела, а цяпер хачу”.

(Хлопец: ) “Хачу знайсьці работу на лета. Скончыў дзевяць клясаў. Раней не зьвяртаўся, цяпер хачу паспрабаваць, што гэта такое”.

(Спадарыня: ) “Мне патрэбная часовая праца, бо асноўную мне пакуль што адклалі на месяц. Усё чакаю-чакаю, але мне адкладаюць. Таму я хачу часовую працу, але пакуль я нічога не падабрала”.

(Дзяўчына: ) “Хацела знайсьці працу на лета, да экзамэнаў. Хацелася б знайсьці нешта прыстойнае, каб грошы зарабіць”.

Дарэчы, сярэдні памер грашовай дапамогі для беспрацоўнага склаў на сёньня ўсяго толькі 36300 рублёў.

Экспэрт дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі й мэнэджмэнту Аляксандр Чубрык лічыць, што рэальнае зьніжэньне беспрацоўя ў Беларусі ўсё ж адбылося. Два гады таму Незалежны інстытут сацыяльна-палітычных і эканамічных дасьледаваньняў праводзіў апытаньне, вынікі якога паказалі – рэальнае беспрацоўе ў Беларусі дасягала 10 адсоткаў. Зрэшты, сам спадар Чубрык лічыць гэты паказьнік крыху ніжэйшым – да сямі адсоткаў. Цяпер беспрацоўных сапраўды стала меней, бо ў Беларусі ўсё ж адбыўся эканамічны ўздым.

(Чубрык: ) “У нас вельмі істотна зьнізіліся вымушаныя вакацыі ці скарочаныя працоўныя тыдні. Такім чынам, мы можам казаць, што ўсё сьведчыць пра тое, што незарэгістраванае беспрацоўе цягам апошніх двух гадоў таксама зьнізілася. Калі яно было 6 – 7 адсоткаў, а цяпер зьнізілася на 2 адсоткі, то мы можам сказаць, што ў нас цяпер каля 6 адсоткаў беспрацоўе – агульнае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG