Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Цэны на плястычныя апэрацыі ўстанаўляе Міністэрства аховы здароўя


Сьвятлана Курс, Менск Беларускі рынак плястычнай хірургіі характарызуецца закрытасьцю, рэгуляваньнем цэнаў і несумленнай канкурэнцыяй. Беларуская школа плястычнай хірургіі мае даволі высокі ровень, але паасобныя цэнтры прадаюць састарэлыя паслугі. Наша карэспандэнтка высьвятляла, чаму Беларусь стала лідэрам на постсавецкай прасторы паводле колькасьці плястычных апэрацыяў.

Цэны на плястычныя апэрацыі ў Беларусі ў некалькі разоў ніжэйшыя за расейскія і ўкраінскія і на некалькі парадкаў меншыя, чым на Захадзе. Плястыка павекаў у Беларусі каштуе ад 100 да 200 даляраў, новая форма вушэй забярэ 200 – 300 даляраў, падцягненьне твару – ад 500 да паўтары тысячы, зьмяненьне жаночага бюста – ад 250 да 400 даляраў. Пазбавіцца жывата каштуе каля 2000 даляраў, новы нос каштаваць будзе 600 – 800 даляраў. Цэны на інтымныя апэрацыі ўстанаўляюцца індывідуальна. Міністэрства аховы здароўя ўстанавіла нізкія цэны для беларусаў і амаль сусьветныя цэны для замежнікаў. Гаворыць плястычны хірург, які не захацеў афішаваць сваё імя і пасаду.

(Хірург: ) “У Маскве цяпер больш робяць апэрацыяў. А ў нашых цэнтрах у асноўным толькі беларусы робяць апэрацыі. Рэдка хто да нас прыяжджае рабіць апэрацыі, бо Міністэрства аховы здароўя вызначыла цэны для замежнікаў амаль на ўсясьветным роўні”.

Замежнікі не спакушаюцца. Калі й прыяжджаюць, то палякі, расейцы і нашыя былыя суайчыньнікі, якія прывыклі да сярэдняга паводле цаны і якасьці мэдычнага сэрвісу. Так што беларускі плястычны бум – нацыянальная зьява, якая грунтуецца на празе быць больш шчасьлівымі, упэўненымі і любёнымі. 85 % наведнікаў – жанчыны, часта з заніжанай самаацэнкаю. Мэдыкі кажуць, што звычайна жанчыну да апэрацыі падводзіць жаданьне дагадзіць мужчыну, каб ня кінуў дзеля маладзейшай і прыгажэйшай. Стаўленьне да жанчыны досыць спажывецкае. 30-гадовыя Тацяна й Алена разважаюць пра плястычныя апэрацыі.

(Алена: ) “Калі людзі зьмяняюць выгляд, гэта азначае, што яны ня могуць зьмяніцца ўнутры і мяняюць нешта вонкавае. Наўрад ці гэта дапаможа. Самае сьмешнае, што мой муж часта стаў казаць: “Пара табе рабіць плястычную апэрацыю”. Мяне гэта вельмі палохае”.

(Тацяна:) “Са словаў нашых мужчынаў і замежнікаў я прывыкла лічыць, што нашыя жанчыны – найпрыгажэйшыя ў сьвеце. Аж раз пайшла на перакур і пачула, як два супрацоўнікі напаўголасу кажуць: “Вось каб Тацяне сылікону ў бюст напампаваць, то можна было б хоць у Галівуд”. Ды ня ўсім жа быць анёламі бялявымі і сінявокімі. Людзі бываюць прыгожыя ў кожным узросьце, адбіваецца прыгожы ўнутраны сьвет. Гэта не высокія словы, а праўда”.

Недзяржаўныя дактары скардзяцца на некарэктную канкурэнцыю з боку дзяржавы. Маўляў, дзяржава пазбаўляе недзяржаўныя цэнтры ліцэнзіі, як летась адбылося з цэнтрам “Red Rose”, але паслугі дзяржцэнтраў ніжэйшыя якасьцю, тамтэйшыя тэхналёгіі не разьвіваюцца, дасьведчаныя дактары там гадамі робяць найпрасьцейшыя, састарэлыя апэрацыі, са старым шыўным матэрыялам і інструмэнтаром. У сваю чаргу дзяржаўныя спэцыялісты вінавацяць сваіх “прыватных” калегаў у некампэтэнтнасьці і імкненьні да нажывы на шкоду кліенту. Так гэта альбо не, праверыць не ўдалося. Ніводзін з дактароў дзяржаўных ці недзяржаўных цэнтраў плястычнае хірургіі не дае адкрытых камэнтароў. Уся інфармацыя атрыманая зь неафіцыйных ананімных размоваў зь імі. Вось бадай, дзе ляжыць галоўнае і прыкрае адрозьненьне беларускае плястычнае мэдыцыны ад замежнае – у закрытасьці і ненатуральным адборы спэцыялістаў.

Са словаў хірургаў, у Беларусі ёсьць вельмі добрыя спэцыялісты ўсясьветнага роўню. Мне называлі некалькі імёнаў прафэсараў-віртуозаў, якія могуць зрабіць цуд зь дзіцем, якое нарадзілася з выродлівасьцю, або з камбайнэрам, які абгарэў падчас пажару. Але – кліент сам мусіць сабраць інфармацыю пра цэнтар і спэцыяліста, да якога зьвяртаецца, пераадолеўшы атмасфэру сакрэтнасьці, што атачае й гэтую сфэру жыцьця.
XS
SM
MD
LG