Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Сёньня беларускія літаратары большасьць прэміяў атрымліваюць за межамі Беларусі"


Ігар Карней, Менск Мінулым тыднем Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ “Аб прысуджэньні дзяржаўных прэміяў Рэспублікі Беларусь за 2004 год”. Ляўрэатамі сталі болей за паўсотню чалавек – яны атрымаюць грашовую прэмію ў памеры 350 базавых велічыняў, што ў эквіваленце больш за 4 тысячы даляраў. Разам з тым указ стаў сапраўднай сэнсацыяй: не прысуджана ніводнай прэміі ў галінах літаратуры, музыкі і тэатру. Што да кіно, дык ляўрэатамі стала здымачная група тэлеканалу ОНТ – за дакумэнтальны фільм “Найноўшая гісторыя”, прысьвечаны прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкi.

Ад самага пачатку году намінанты на прэмію чакалі гэтага ўказу, але толькі 7 чэрвеня Беларускае тэлебачаньне паведаміла, што нарэшце Лукашэнка дакумэнт падпісаў. Прозьвішчы пры гэтым не называліся, і прэтэндэнты некалькі дзён запар куплялі дзяржаўныя газэты з надзеяй даведацца: ці атрымалі яны запаветную прэмію? У “Рэспубліцы” і “Советской Белоруссии” адразу ж пасьля падпісаньня ўказу павінен быў зьявіцца яго тэкст, аднак чамусьці яго няма дагэтуль, і, натуральна, творцы нэрвуюцца. Мне ўдалося атрымаць поўны пералік ляўрэатаў крыху раней, і першае, што зьдзівіла, – адсутнасьць у ім прадстаўнікоў літаратуры, тэатру, музыкі. Па камэнтар я зьвярнуўся да старшыні Саюзу пісьменьнікаў Алеся Пашкевіча. Пытаньне адно: няўжо за два гады, прынамсі ў літаратуры, не адбылося нічога вартага дзяржаўнай увагі?

(Пашкевіч: ) “Для мяне дзіўна гэта чуць, бо па нацыянальным тэлебачаньні сказалі, што прэміі ў галіне літаратуры таксама вызначаныя. Таму чакаў публікацыяў у газэтах, як гэта мае быць, да апошняга спадзяваўся, што ў нас усё ж знойдзецца чалавек, годны дзяржаўнай прэміі ў галіне літаратуры. Але ж вы самі добра ведаеце, кім асабіста гэтыя прэміі выдаюцца... Безумоўна, беларуская літаратура штогод мае мінімум аднаго прэтэндэнта годнага. Але сёньня беларускія літаратары большасьць прэміяў атрымліваюць за межамі Беларусі. І гэта – нашыя сапраўдныя нацыянальныя творцы”.

Пасьля падпісаньня ўказу дзяржаўныя мэдыі сьціпла паведамілі, што сёлета прысуджана 9 дзяржпрэміяў, ляўрэатамі якіх сталі 53 чалавекі: 32 зь іх – за дасягненьні ў галіне навукі і тэхнікі – і 21 – за дасягненьні ў літаратуры, мастацтве і архітэктуры. Дарэчы, у 2002 годзе (а дзяржпрэмія ўручаецца раз на два гады) ляўрэатамі сталі 69 чалавек. Да апошняга спадзяваўся, што атрымае дзяржпрэмію і літаратар Анатоль Бутэвіч, якога вылучаў Саюз пісьменьнікаў. Мне стала ніякавата, калі зразумеў, што прынёс творцу непрыемную навіну.

(Бутэвіч: ) “А дзе вы іх бачылі? Я асабіста ня бачу, вось дахаты прыйшоў, газэты гартаю, нідзе няма. Ня бачу сьпісаў, таму ня ведаю, хто застаўся канчаткова”.

(Карэспандэнт: ) “Калі ўрэшце вы свайго прозьвішча і ня знойдзеце – як успрымеце?”

(Бутэвіч: ) “Плакаць ня буду, бо плачам тут не дапаможаш. Пра ўсё трэба пытацца як мінімум у тых членаў камітэтаў, якія ведалі, хто быў, якая была далейшая гаворка ці працэдура. Я ня ведаю, на жаль, гэтага нічога. Нам жа ніхто нічога не паведамляе”.

(Карэспандэнт: ) “Вы чакаеце паведамленьня з газэтаў?”

(Бутэвіч: ) “На жаль, так, няма крыніцы інфармаваньня. Звычайна было так – друкавалі ўказ, рашэньне цалкам, сьпісам... Ну, але гэта ня той выпадак, ад якога можна памерці”.

Рашэньне аб прысуджэньні прэміяў прымае адмысловы дзяржаўны камітэт. Архітэктара Міхаіла Пірагова, аўтара праекту Палацу Рэспублікі, вылучалі на дзяржаўную прэмію за гэты праект другі раз запар. Сёлета ён яе атрымаў у складзе творчай групы за аздабленьне Палацу Рэспублікі і мастацкую рэалізацыю інтэр’еру чыгуначнага вакзалу. І мэханізмы прысуджэньня прэміі цягам гэтага часу вывучыў дасканала.

(Пірагоў: ) “Вялікі склад камітэту – чалавек сорак вядомых дзеячоў літаратуры, мастацтва, навукі. Яны абмяркоўваюць працы, на сваіх нарадах прымаюць рашэньні, усё абмяркоўваецца, праходзіць праз розныя інстанцыі, а потым аформленыя дакумэнты на прэтэндэнта накіроўваюцца ў Саўмін. А ўжо пасьля матэрыял ідзе ў Адміністрацыю, і прэзыдэнт падпісвае ўказ. Праўда, за 2002 год указ быў падпісаны 4 красавіка, а тут “збой” даў падкамітэт у пытаньнях навукі і тэхнікі. Адну работу на экспэртызу разы два вярталі. У выніку ў параўнаньні з папярэднім разам зацягнулася больш чым на два месяцы. Але, тым ня меней, па тэлебачаньні ўжо абвясьцілі”.

Калі мы ўжо загаварылі пра дзяржпрэмію за аздабленьне Палацу Рэспублікі, кінулася ў вочы, што прэмія таксама прысуджаная архітэктару Лявонцію Зданевічу – колісь вядомаму апазыцыйнаму палітыку, сябру фракцыі Беларускага народнага фронту ў Вярхоўным Савеце ХІІ скліканьня.

Традыцыйна прэміі ўручаюць на пачатку году. Чаму сёлета ўказ зьявіўся так позна? Чаму таямніцамі ўказ ахутаны пасьля падпісаньня? Вучоны сакратар аднаго з падкамітэтаў у дзяржаўных прэміях – у галіне навукі і тэхнікі – Валянціна Карэліна сказала, што сёлета надзвычай доўга сьпісы трымаліся ў Адміністрацыі Лукашэнкі.

(Карэліна: ) “Доўга былі на разглядзе ў Адміністрацыі прэзыдэнта работы, якія падаў падкамітэт. Да таго ж уносіліся карэктывы ў склад самога падкамітэту, таму трошкі пазьней і мы самі пачалі працаваць”.

(Карэспандэнт: ) “Сам падкамітэт – гэта сталы штат людзей?”

(Карэліна: ) “На чатыры гады зацьвярджаецца склад падкамітэту, а кожны з членаў можа працаваць ня болей за 8 гадоў”.

(Карэспандэнт: ) “Калі сапраўды чалавек можа лічыць сябе паўнавартасным ляўрэатам дзяржаўнай прэміі?”

(Карэліна: ) “Калі падпіша прэзыдэнт. Указ падпісаны – значыць, ужо. А дата уступленьня ўказу ў сілу – 7 чэрвеня”.

Паводле крыніц з прэзыдэнцкай Адміністрацыі, Лукашэнка асабіста вельмі пільна разглядае ўсе матэрыялы, якія падаюцца па кожнай кандыдатуры, а затым ужо вырашае – уганараваць прэтэндэнта ці не. Яшчэ раз нагадаю, што сапраўднай сэнсацыяй сёлетняга ўказу аб дзяржпрэміях стала адсутнасьць сярод ляўрэатаў прадстаўнікоў літаратуры, тэатру, музыкі і кіно. Праўда, да кінэматаграфістаў прыраўнавалі тэлевізійную групу тэлеканалу ОНТ – яна працавала над 12-сэрыйным фільмам пад назвай “Найноўшая гісторыя”, які быў вельмі неадназначна ўспрыняты ў грамадзтве.

Прэмія прысуджаная аўтарам фільму: кіраўніку ОНТ Рыгору Кісялю, ягонаму намесьніку Юр’ю Казіятку, “голасу за кадрам” дыктару Аляксандру Аверкаву і яшчэ чатыром рэжысэрам і апэратарам гэтага ж каналу. Яшчэ раней фільм рэзка быў скрытыкаваны і апазыцыйнымі палітыкамі, і асобнымі майстрамі дакумэнтальнага кіно. Так, у газэце “Народная воля” народны артыст, ляўрэат дзяржпрэміяў Віктар Дашук назваў яго “сатанінскім відовішчам”, а саму “Найноўшую гісторыю” – “помнікам падману, халуйству і здрадзе”. А вось рэакцыя на прысуджэньне прэміі стваральнікам сэрыялу рэжысэра-дакумэнталіста Юр’я Хашчавацкага.

(Хашчавацкі: ) “У нас мастацтва падзялілася на два: адно мастацтва сапраўднае, а другое – паркетнае, для Лукашэнкі. У ягоных відах мастацтва толькі “Найноўшая гісторыя” і была. Так выглядае, што ў Беларусі наагул не было гісторыі да зьяўленьня Лукашэнкі, ня будзе гісторыі пасьля Лукашэнкі. Гэта ў ягоным ўяўленьні. Дакладна гэтак жа, як бывае мастацтва, якое яго любіць – тады гэта мастацтва. А таго мастацтва, якое яго ня любіць, увогуле проста не існуе. Таму ўсё вельмі гарманічна ў гэтай сыстэме. Гарманічна ад слова “гармонік” – памятаеце той гармонік, пад які ён сьпяваў “О, и как я счастлив”. І з гэтага гармоніка ён набраў гармоніі для таго, каб такія дзяржпрэміі выдаваць”.

А вось адзін з прэзыдэнцкіх ідэолягаў пісьменьнік Эдуард Скобелеў лічыць, што непрысуджэньне дзяржаўнай прэміі ў літаратуры цалкам правільнае, бо апошнім часам ўсе ягоныя калегі занадта захапіліся палітыкай, а пісьменьнікам, маўляў, на барыкадах рабіць няма чаго.

(Скобелеў: ) “Рэч у тым, што на базе таго ідэйнага багажу, якім яны валодаюць, яны проста бясплодныя. Мы заўсёды кажам, якія яны вялікія, але ніколі не гаворым пра іхныя творы. А твораў і няма…”

Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь у грашовым вымярэньні складае 350 базавых велічынь – амаль 9 мільёнаў рублёў, ці больш за чатыры тысячы даляраў. У выпадку прысуджэньня прэміі калектыву аўтараў яна дзеліцца паміж імі пароўну. Сёлета якраз была абраная тактыка прысуджэньня прэмiяў вялікім калектывам, так што канчатковая сума кожнаму ляўрэату не такая ўжо і значная. Пры гэтым трэба памятаць, што з гэтых грошай яшчэ трэба заплаціць падатак.
XS
SM
MD
LG