Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Візавы канфлікт з Грузіяй – "псыхалягічная і палітычная параза Лукашэнкі"


RFE/RL Сваё тлумачэньне, чаму беларускія ўлады далі “задні ход” з увядзеньнем візавага рэжыму для Грузіі, прапануе наш аглядальнік Юры Дракахруст.

(Дракахруст: ) "Гэта сапраўды самы загадкавы момант ва ўсім гэтым канфлікце. Прыняць рашэньне, а потым адмяніць яго, прычым адмяніць пасьля жорсткага адказу другога боку – што ні кажы, гэта псыхалягічная і палітычная параза беларускага лідэра, які заўсёды імкнецца падаваць сябе моцным і непахісным палітыкам.

Чаму ж ён пайшоў на такія страты? Тут варта заўважыць, што сама па сабе забарона на ўезд Аляксандра Лукашэнкі ў Грузію, чым зьбіраўся адказаць на візавы рэжым грузінскі парлямэнт, для беларускага кіраўніка не такая ўжо і страта. Ён, здаецца, на працягу ўсяго часу свайго кіраваньня ў Тбілісі ня быў, абышоўся б без такой магчымасьці і ў далейшым. Тбілісі – гэта не Масква, не Вашынгтон і не Бэрлін.

Тым больш незразумелая прычына саступак.

Па-першае, грузінскі бок зрабіў несымэтрычны крок – калі б Тбілісі ўвёў поўнамаштабны візавы рэжым у адказ, колькі б усяго нагаварылі беларускія прапагандысты пра беларусаў і грузінаў, якія разам гнілі ў акопах Вялікай Айчынай, а зараз дзякуючы “грузінскім авантурыстам і наймітам Вашынгтону” падзеленыя візавым “плотам”.

А адказ быў іншым – беларусам сказалі "калі ласка", Лукашэнку – "чырвонае сьвятло".

Па-другое, гэтая візавая забарона была надзвычай непрыемнай для Лукашэнкі не сама па сабе, а як вельмі небясьпечны для яго прэцэдэнт ужо ў межах СНД. А раптам заўтра Малдова ці нават Украіна забароніць уезд да сябе беларускаму кіраўніку, абгрунтоўваючы свой крок грузінскім прэцэдэнтам. Тут толькі пачні.

Да таго ж хаця СНД – утварэньне незразумелае і нежывое, але ніхто ня хоча браць на сябе ініцыятыву яго далейшага разбурэньня. Асабліва гэта не да твару Лукашэнку, які больш за іншых гаворыць пра інтэграцыю і захаваньне сувязяў савецкіх часоў. Увядзеньне візавага рэжыму гэтыя сувязі якраз разбурае, а грузіны адрэагавалі ня так, як ад іх чакалі. Атрымлівалася, што Тбілісі – ледзь не захавальнік СНД, а Менск – разбуральнік. Дапускаць гэтага Лукашэнку не хацелася, таму візавы рэжым зьнік гэтак жа раптоўна, як і зьявіўся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG