Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Беларускае пытаньне ня ўнесенае ў парадак дня сэсіі ПА АБСЭ"


Алена Струвэ, Менск “Беларускае пытаньне ня ўнесенае ў парадак дня чарговай сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, аднак, спадзяюся, што разьвіцьцё палітычнай сытуацыі ў гэтай краіне мы ўсё ж абмяркуем ”, сказаў Радыё Свабода дэпутат Нідэрляндзкага парлямэнту, сябра Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Барт ван Вінзэн.

Чарговая сэсія Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ пройдзе напачатку ліпеня ў Вашынгтоне. Нідэрляндзкі дэпутат Барт ван Вінзэн прадстаўляе ў гэтай арганізацыі рабочую групу па Беларусі.

(Вінзэн: ) "Летась ў Эдынбургу ў часе працы штогадавой сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ мы вельмі горача дыскутавалі беларускае пытаньне і ў выніку перамоваў зь беларускімі парлямэнтарамі ўсё ж падпісалі сумесную дэклярацыю пра супрацоўніцтва, спадзеючыся на тое, што гэткім чынам выйдзем з тупіку, які склаўся ў дачыненьнях паміж Беларусьсю і Захадам.

Мы зыходзілі з таго, што мы павінны весьці шырокі палітычны дыялёг: з дэпутатамі Нацыянальнага сходу, апазыцыяй і няўрадавымі грамадзкімі арганізацыямі. Была дамоўленасьць, што мы будзем гэта рабіць. Аднак, як паказвае практыка, менавіта беларускі бок не праяўляе зацікаўленасьці ў дыялёгу. У Вашынгтоне мы мусім працягнуць гэтую размову. Я ў гэтым перакананы".

Паводле спадара ван Вінзэна, пазыцыя беларускага боку ня стала нейкай нечаканай для эўрапейскіх парлямэнтароў, аднак...

(Вінзэн : ) "Мы заўсёды спадзяваліся і па-ранейшаму прытрымліваемся меркаваньня, што Беларусь як эўрапейская краіна мусіць адпавядаць эўрапейскім стандартам у галіне дэмакратыі, правоў чалавека, свабоды СМІ. На жаль, беларускае кіраўніцтва злоўжывае дэмакратычнымі і прававымі прынцыпамі, якія Беларусь як сябра АБСЭ абавязаная выконваць. Антыдэмакратычны рэжым не паважае свабоды думак і карае пазбаўленьнем волі ягоных крытыкаў. Са свайго боку Эўразьвяз, АБСЭ ня могуць быць у баку ад Беларусі. Калі кантакты паміж Беларусьсю і Эўразьвязам на міжурадавым узроўні замарожаныя, гэта ніякім чынам ня можа адбіцца на кантактах на грамадзкім ўзроўні. Мы мусім клапаціцца пра іх і падтрымліваць".
XS
SM
MD
LG