Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы прагаласавалі за англамоўную беларуску па імені Corriana


Валянціна Аксак, Менск Беларускія гледачы галасуюць за англамоўных тутэйшых выканаўцаў. Сёлета другі раз запар. Што гэта – даніна модзе? Пратэст супроць татальнага засільля на беларускай эстрадзе расейскамоўных песьняў? Ці нешта іншае? Вясновы этап тэлеконкурсу “Песьня году Беларусі” глядзела нашая карэспандэнтка.

Сёлета беларускія тэлегледачы прагаласавалі за маладую абаяльную стыльную выпускніцу аддзяленьня кітаістыкі Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага унівэрсытэту Кацю Качыну, якая мае сцэнічнае імя Corriana.

Яна атрымала 10 тысяч галасоў з 94 тысяч усіх, хто позьняю ноччу з 10 на 11 чэрвеня глядзеў па канале ОНТ другі сёлетні этап конкурсу “Песьні году Беларусі”.

Гэты конкурс летась упершыню правёў тэлеканал ОНТ, але ягоная ідэя ня новая. Старэйшыя слухачы памятаюць такія конкурсы на цэнтральным савецкім тэлеканале. У цяперашняга ОНТэшнага нават музычная застаўка з таго савецкага. Летась арганізатары правялі конкурс раз напрыканцы году, а сёлета вырашылі зрабіць ягоныя прамежкавыя сэзонныя этапы. На зімовым перамогу шляхам тэлефоннага галасаваньня гледачоў атрымаў англамоўны дуэт “Atlantica“, а цяпер на вясновым таксама англамоўная Corriana.

Усяго было 34 выканаўцы, добрая палова зь якіх амаль нікому не вядомая, хоць арганізатары і прадстаўлялі іх па выніках ратацыяў у радыёэфіры. Аднак усе, зь кім я гаварыла пра гэта пасьля канцэрту, кажуць, што гэтак званыя ратацыі ці частата гучаньня залежыць толькі ад выбару праграмных дырэктараў радыёстанцый. Што ж датычыць мовы песьняў конкурсу, то з 34-х апрача англамоўнае пераможцы, была яшчэ адна на беларускай мове. Яе сьпявала зусім юная выканаўца Вікторыя.

Астатнія 32 – па-расейску.

А як жа тады ўстаноўленыя афіцыйна 75 працэнтаў беларускае музыкі? На практыцы гэта выглядае як 75 працэнтаў музыкі паводле геаграфіі. У тутэйшых шыротах нарадзіўся сам ці продкі адсюль – значыць беларускі выканаўца. А насамрэч больш правільна казаць пра такіх творцаў – беларуска-расейскі. Бо ня толькі па мове яны не беларускія, але, як тая савецкая застаўка да конкурсу, успрымаюцца другасным расейскім прадуктам мясцовага разьліву.

Ці ня ў гэтым прычына таго, што нават тыя гледачы, якія ня ведаюць ангельскае мовы, галасуюць за англамоўных выканаўцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG