Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кіраўніцтва АГП просіць Сяргея Скрабца спыніць галадоўку


Уладзімер Глод, Менск З гэтай мэтай палітыкі з Аб''яднанай грамадзянскай партыі (АГП) прынялі сёньня адмысловы зварот да лідэра дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня, які галадуе за кратамі ўжо 30-ы дзень. Сяргей Скрабец такім чынам пратэстуе супраць арышту й абвінавачаньняў на свой адрас, якія ён лічыць беспадстаўнымі.

У звароце канстатуецца, што Сяргей Скрабец "ужо зрабіў максымум магчымага". Ягоны ўчынак стаў вядомы многім беларусам. І людзі, якія ведаюць, што ў гэтай краіне немагчыма абараніць сваю годнасьць і гонар, высока ацэньваюць яго мужнасьць і вытрымку.

Сярод тых, хто падпісаў гэты дакумэнт, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка. Для яе ўчынак былога дэпутата ня стаў нечаканасьцю:

(Бандарэнка: ) "Я пазнаёмілася зь ім больш блізка, калі падтрымлівала іх і наведвала іх, калі яны галадалі з генэралам Фраловым, калі іх тады было ўсяго некалькі чалавек. І я зьвярнула ўвагу на вочы Сяргея Скрабца. Настолькі яны адбіваліся шчырасьцю, дабрынёй і нейкай непрыкрытай безабароннасьцю. І я сказала пра гэта Сяргею. Кажу, што, Сярожа, выдаюць Вас Вашыя вочы. Ён – такі звычайны чалавек, якіх багата, менавіта такі шчыры, адкрыты беларус".

Аўтары звароту АГП просяць Сяргея Скрабца спыніць галадоўку: "Вашыя здароўе й сілы спатрэбяцца ня толькі Вашым родным, але ўсім нам – палітыкам і журналістам, сябрам і знаёмым, калегам і таварышам... Мы дачакаемся пераменаў бяз ахвяраў ды крайніх захадаў".

(Бандарэнка: ) "Калі мне сёньня патэлефанавала Людміла Мікалаеўна Гразнова, я сказала, што я, безумоўна, падтрымліваю гэты зварот, што трэба такіх людзей абараняць, захоўваць і прыпыняць у такіх іхных дзеяньнях як галадоўка. На жаль, гэта нічога ня дасьць – улады заўсёды будуць праходзіць міма і будуць рабіць выгляд, што іх гэта не цікавіць".

Сярод падпісантаў звароту Станіслаў Багданкевіч, Анатоль Лябедзька ды іншыя вядомыя сябры Аб''яднанай грамадзянскай партыі.

***

Сяргей Скрабец у Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня ўзначальваў дэпутацкую групу "Рэспубліка". Летам 2004 году ён удзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Летась у кастрычніку ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай аб палітычным прытулку, аднак атрымаў адмоўны адказ. Сёлета ў красавіку Беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт, у якім сьцьвярджалася, што спэцслужбы затрымалі кур’ера, які вёз зь Вільні 200 тысяч даляраў – нібыта для фінансаваньня палітычнай дзейнасьці Сяргея Скрабца.

• Сяргей Скрабец 30-ты дзень галадуе за кратамі
XS
SM
MD
LG