Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дачная тэма – падарожныя нататкі


Сяргей Дубавец, Вільня (Этэр 12 чэрвеня 2005 году.) Новая перадача сэрыі "Вострая брама". Падарожныя нататкі.

“Пачатак лета сёлета прайшоў пад знакам Вострае Брамы. У бібліятэцы Радыё Свабода надрукаваны зборнік выбраных аднайменных перадач, у Менску і Вільні адбыліся ягоныя прэзэнтацыі. Шмат усяго было сказана, але і шмат чаго засталося недаказаным ці нявыказаным, пра што самы час сказаць сёньня, у гэтай падарожна-прэзэнтацыйнай перадачы.

А пачалося наша летняе падарожжа, як і каторы ўжо год запар, з Палесься. У машыне, апроч старых сяброў, знайшлося месца менскаму прадпрымальніку Антосю, чалавеку занятаму, але пры тым сьвядомаму беларусу і заўзятаму палемісту, думкі якога пра ўсё на сьвеце іншы раз моцна адрозьніваліся ад нашых. Дарогаю мы шмат размаўлялі, слухалі Радыё Свабода, якое далятае сюды, пад Хойнікі, ажно зь віленскага сярэднехвалёвага трансьлятара. Антось па-свойму камэнтаваў навіны. Акурат ішоў рэпартаж пра судовы працэс Статкевіча і Севярынца. Апазыцыя ў Беларусі, – казаў Антось, – слабая ад таго, што спадзяецца толькі на замежную дапамогу – на фінансавую ці вось цяпер – на тое, што несправядлівым судзьдзям Захад закрые магчымасьць езьдзіць у Эўропу. А гэтыя ж судзьдзі з пракурорамі жывуць побач, маюць дарагія машыны, дачы... Нашто ім кудысьці ехаць, калі ім і тут добра, бо пачуваюцца абароненымі і беспакаранымі? За гэтую абароненасьць яны і прадаюць сумленьне рэжыму...

Гэткім чынам, у падарожных нататках зьявілася тэма дачы. Але я яшчэ ня ведаў, што яна пройдзе чырвонай ніткай праз увесь шлях. Усё ўрэшце ўпіраецца ў маёмасьць, – працягваў свае развагі Антось. – Толькі тады, калі такі куплены судзьдзя што-небудзь страчвае, толькі тады ён можа ўспомніць пра існаваньне закону, маралі, пра сваю прададзеную непадкупнасьць. А так... Мы папрасілі Антося канкрэтызаваць думку, і ён згадаў, як дасадна было яму, калі на ягоным даволі дарагім мэрсэдэсе хуліганы цьвіком прашкраблі доўгую рытвіну праз увесь корпус. А хто такія хуліганы? – пытаўся Антось і сам адказваў, – людзі безыдэйныя. А калі ідэйныя, дык яны ўжо не хуліганы, а – партызаны, нашчадкі сваіх слаўных дзядоў, якія пускалі пад адхон варожыя цягнікі і палілі хаты фашыстоўскіх халуёў. Мы пачалі спрачацца – ці можна на несправядлівасьць адказваць супрацьпраўнымі дзеяньнямі. Напэўна, усё залежыць ад правільнай ацэнкі сытуацыі – як мы кваліфікуем дзеяньні тых судзьдзяў і сваю ролю ва ўласнай краіне.

Што да грошай, дык Антось заўважыў, што да яго, забясьпечанага чалавека, ніхто з апазыцыі ніколі не зьвяртаўся па дапамогу. Тым часам ён, які падзяляе ідэі апазыцыі, можа і абавязаны дапамагаць тым, хто прадстаўляе ягоныя інтарэсы ў палітыцы. Ён, вядома, ня Сорас, але ж і такіх, як ён, зусім нямала...

* * *

У Гарошкаве пад Рэчыцай над сьвежай магілай паэта Анатоля Сыса мне згадаліся ўласныя думкі месяцовае даўнасьці. Рыхтуючы зборнік “Вострае Брамы” да друку і плянуючы прэзэнтацыю кнігі ў менскім Доме літаратара, я нязьменна ўяўляў сабе не гасьцей і не сцэнар падзеі, а менавіта яго, Сыса, вядомага ўсім разбуральніка пісьменьніцкіх сходак. Ён заўсёды зьяўляўся тады, калі пінжачная публіка, па-сур’ёзнаму насупленая, слухала, да прыкладу, выступленьне якога-небудзь чарговага ляўрэата. Сыс самым беспардонным чынам ставіў пад сумнеў усю гэтую насупленую сур’ёзнасьць. Маўляў, няўжо вы тут і насамрэч усе паверылі ў сваю геніяльнасьць і несьмяротнасьць сваіх эпігонскіх рыфмаванак? Так за дзясятак гадоў за Сысом трывала замацавалася амплуа разбуральніка важных мерапрыемстваў. Яго і баяліся, і саромеліся, і ганарыліся тым, што ён памеціў сваёй прысутнасьцю вечарыну, якая без таго зараз жа забывалася ў бясконцым шэрагу падобных.

Цяпер вы разумееце, чаму, разважаючы пра сваю першую кніжную прэзэнтацыю, у сцэнары я адводзіў першае месца Сысу, а дакладней таму, як мне трэба будзе выдаліць яго з залі, каб не псаваў таго настрою, які меўся запанаваць паміж удзельнікамі прэзэнтацыі. У прынцыпе, уся вечарына задумлялася як інтэлектуальная правакацыя, што ўрэшце і адбылося. І правакацыйны прыход Сыса быў бы яўным пераборам. Аднак жа цяпер, стоячы за дзень да вечарыны над ягонай магілай, я ўжо ведаў, што ён ня прыйдзе. Ці шкадаваў? Шкадаваў, згадваючы Сыса ранейшага, зь якім пазнаёміўся ў сярэдзіне 80-х у Гомелі. Ён і тады любіў усялякія прыколы. Прадстаўляўся, напрыклад, студэнтам гомельскага ўнівэрмагу. Унівэрмаг і ўнівэрсытэт у Гомелі побач, і народу, натуральна, лепей вядомы першы, чым другі. Пакепліваючы з тарашкевіцы, Сыс іншы раз спытваўся: “Хлопцы, ну чаму вы пішаце паталёк?” А самае кароннае пытаньне ў яго было пра бібліятэчны штамп на кнігах – чаму яго заўсёды ставяць на 17-й старонцы?

Гэтае пытаньне так і засталося без адказу. Як, мне здаецца, і ўсе астатнія пытаньні Сыса. Сёньня пасьля ягонае сьмерці мінула акурат 40 дзён.

* * *

Дарогаю гаворка заходзіць пра перайменаваньне менскіх праспэктаў Скарыны і Машэрава. Пасьля альянсу бээнэфаўцаў з камуністамі нас ужо мала дзівіць, што нацыяналісты адстойваюць імя савецкага партыйнага функцыянэра – аўтара татальнай мэліярацыі беларускіх балот і закрывальніка беларускіх школ. Чаму Лукашэнка пайшоў на такія перайменаваньні? Ды таму і пайшоў, каб бээнэфаўцы стаялі з партрэтамі Машэрава, а ў прыхільнікаў нацыянальнае ідэі наступіў поўны заварот мазгоў. Праўда, у бізнэсоўца Антося ёсьць свая вэрсія гэтых перайменаваньняў. Маўляў, Машэраў у гэтай гісторыі – для прыкрыцьця. Галоўная прычына – гэта рэўнасьць Лукашэнкі да Скарыны.

Антось вяртае нас да колішняга выказваньня правіцеля пра тое, што апазыцыя пасадзіць яго на кол. Тым самым Лукашэнка ўказаў на гістарычны прататып сваёй улады. У Беларусі на кол саджалі толькі казакаў, якія ў 17-м стагодзьдзі ўчынілі ў краіне небывалую разьню людзей і спусташэньне гарадоў. А саджаў іх на кол Януш Радзівіл, які ўвасабляў сабою законнасьць і асьвету. Інакш кажучы, у тыя часы разгульнай і бясчыннай казаччыне супрацьстаяла арыстакратыя Вялікага Княства. І вось сёньняшні правіцель у гэтым супрацьстаяньні абраў сабе бок казаччыны. А Скарына, як вядома, быў на супрацьлеглым баку – на баку арыстакратыі, эўрапейскіх унівэрсытэтаў і каралеўскіх двароў. Таму, – падводзіць Антось да самага галоўнага, – мы маем дзьве процілегласьці з адным імем. Як гэта з адным? – пытаемся мы. А вось так, – адказвае Антось. – Сын Лукаша Скарына, калі называць яго на казацкі манер, – гэта ж і ёсьць Лукашэнка. Разумееце, якія тут глыбіні ўзыгралі? Праспэкт Лукашэнкі, толькі не таго, не мяне сярмяжнага, а нейкага вучонага арыстакрата, падарожніка па Эўропах і выдаўца першай беларускай кнігі. Цэлы Фройд у гэтай справе пераблытаўся з псыхалінгвістыкай, а ўрэшце ніхто навокал толкам і не зразумеў, што адбылося.

Захоплены сваім паведамленьнем, Антось робіць доўгую паўзу, а ўсе астатнія напружана пераварваюць ягоную вэрсію.

* * *

За вокнамі аўто – беларускі фэномэн – дачныя шанхаі. Дамкі, падобныя да вясковых хат, і соткі, падобныя да градаў. Але гэта ня хаты і ня грады. Усё скарлючанае і карыкатурнае, сядзіць адно на адным і страшэнна псуе краявід сваёй ненатуральнасьцю ды безгустоўнасьцю. Абітальнікі глядзяць непасрэдна ў вокны суседзяў, бо так блізка пастаўленыя іхныя курані, а на сотках ледзьве не ўпіраюцца лбамі ў другіх абітальнікаў, бо так цесна нарэзаныя соткі. Звыродлівы дачны краявід патрабуе вытлумачэньня, і яно знаходзіцца ў словах “падобная, але ня вёска”. У чым тут рэч? У тым, што цяперашнія гараджане – гэта ня проста ўчорашнія вяскоўцы. Розумам і сэрцам, прыродай сваёй яны вяскоўцамі і засталіся. Паглядзіце зь якой ахвотай яны перапоўненымі электрычкамі рушаць за горад, зь якой ахвотай корпаюцца ў зямлі і зьбіраюць на полі каравякі! Для праўдзівага месьціча гэта ўсё – малапрыемнае выпрабаваньне, а ня тое, што радасьць душы. А наш вясковы люд, які запоўніў сабою гарады, толькі й марыць пра задушную суботнюю электрычку.

Яны ня сталі гараджанамі, таму што пакінулі вёску праз здраду. Інакш кажучы, яны не прыехалі ў горад, каб зладзіць там, у горадзе, натуральны працяг свайго вясковага жыцьця, каб стаць горадам. Яны толькі ўцяклі зь вёскі і ўсімі сіламі скідалі, зьдзіралі, зрывалі зь сябе сваё вясковае аблічча, бясконца прыніжаючыся, падстройваючыся і падладжваючыся пад усё, так бы мовіць, гарадзкое. І самай першай ахвярай іхнае здрады стала мова. Яны нават прыдумалі заўвагу, якой паганялі сваіх уласных дзяцей: “Гавары па-гарадзкому!”

Разумееце, чаму ў нас так быццам абыякава ставяцца да роднае мовы, быццам недаацэньваюць? Кажу “быццам”, бо гэта зусім не абыякавасьць і не недаацэнка, а прадмет глыбока схаванага ў душы сораму за здраду. Вось чаму ўжо толькі гаварыць пра мову з простымі менчукамі неяк крыху быццам бы і непрыстойна. А самыя нахабныя, якія ніколі не прызнаюць сваіх памылак і ўласнага сораму, абвяргаючы гэты самы душэўны свой сорам, гатовыя крычаць, што па-беларуску немагчыма выказаць нічога глыбокага, маўляў, дрэнная гэта мова. Што да масы гарадзкіх вяскоўцаў-здраднікаў, дык усё вышэй сказанае тлумачыць, чаму яны не адстойваюць беларускае адукацыі для сваіх дзяцей. Бо сорамна. Людзі паводле прыроды сваёй ня сталі гарадзкімі і расейцамі ня сталі. Яны – сена на асфальце, якое ўсімі сіламі імкнецца выглядаць стрыжаным газонам, а атрымліваецца карыкатура. І замест таго, каб набыць сабе пад Менскам у спусьцелай вёсцы нармальную хату з нармальнымі гародамі, яны побач з гэтай спусьцелай вёскай угрызаюцца ў лес, каб дашчэнту сапсаваць краявід сваімі куранямі і ў штурханіне між суседзяў пачувацца, крый бог, не вясковымі, а гарадзкімі на дачы. Вось што ў нас атрымалася. Каб зразумець, чаму нашы людзі ў нацыянальным і дэмакратычным пляне паводзяць сябе ня так, як людзі ў іншых краінах, параўнайце нашы дачкі з нашымі ж вёскамі.

Дазволю сабе такое параўнаньне зь літоўцамі – таксама нацыяй вясковай, што запоўніла сабой гарады. Вось жа літоўцы прывезьлі ў горад і свой жыцьцёвы стыль, і сваю псыхіку і самае галоўнае – мову. Яны засвоілі горад, а не падладжваліся пад яго. А ў выніку вы ня знойдзеце вакол Вільні тых дачных шанхаяў, якімі літаральна аблеплены Менск.

Дзеля дакладнасьці трэба сказаць, што і дачамі нашы ўчорашнія вяскоўцы сталі называць свае курані адносна нядаўна. Клясычная дача – загарадны дом з садам – у іхным разуменьні – гэта ўсё ж прадмет раскошы, такі самы, як езьдзіць на таксоўцы альбо абедаць у рэстаране. Ад пачатку гэта называлася ўчасткамі, па-беларуску, дзялянкамі, на якіх і дзялілася іхная сьвядомасьць паміж вёскай і горадам, паміж сорамам і здрадай, паміж страхам і беспакаранасьцю.

* * *

Працягваючы тэму перайменаваньняў, бізнэсовец Антось кажа пра адмену словаў “беларускі” і “нацыянальны” ў недзяржаўных назовах. А што ўласна беларускага і нацыянальнага ў большасьці таго, што ў нас гэтымі словамі называецца? – пытаецца ён. За што тут ваяваць? Тое самае, што змагацца за сьветлае імя Пятра Міронавіча Машэрава. Калі ўважліва паглядзець, змаганьне ідзе на самым паверхневым узроўні. Нейкія імёны, назвы, знакі. Гэта, вядома, важна. Але ня гэта галоўнае, сутнаснае. Хіба нашу апазыцыю, паклаўшы руку на сэрца, можна ўсю разам назваць нацыянальнай, а значыць, і беларускай? І якія высновы? – пытаюся я. Антось паказвае ў вакно на чарговую чараду дачных шанхаяў, пра якія мы толькі што гаварылі, і кажа: у нас жа і не гарадзкая апазыцыя, як і насельніцтва гарадзкое – не гарадзкое. Разумееце? У нас – дачная апазыцыя. З тым самым комплексам здрады, сораму і непаўнавартасьці, што і астатнія гараджане.

* * *

Менскую прэзэнтацыю кнігі “Вострая Брама” мы зладзілі камэрна, чалавек на пяцьдзясят. Хацелася адпаведнасьці. Наша сытуацыя такая, што беларускія культурныя праекты існуюць на нелегальным і паўлегальным становішчы. Менавіта адпаведнасьці, а прасьцей кажучы, праўды так бракуе ў нас на кожным кроку, што ў тых апэляцыях не пускаць судзьдзяў на Захад, што ў тых дачках, што ў змаганьні за Машэрава. У нас цяпер шырачэзныя магчымасьці для фальсыфікацыяў, махінацыяў і хлусьні. І многія імі ахвотна карыстаюцца, думаючы, што гэта на карысьць справе. Але падлог застаецца падлогам, графаман – графаманам, плагіят – плагіятам, як ты іх ні называй. І самае страшнае, што ў глыбіні душы ўсе гэта разумеюць, але думаюць, што жывуць толькі на паверхні.

Можна было, верагодна, на нашу прэзэнтацыю запрасіць музыкаў і сабраць поўную залю народу, але якраз гэта і была б неадпаведная раскоша нелегальнага праекту. І ці змог бы тады кожны сказаць самае галоўнае, і ці быў бы ён пачуты?..

* * *

Між тым, дачная разгадка альбо дачная хвароба – гэта толькі дыягназ. А што будзе далей? Дакладней, што мусіць быць, каб мы аздаравіліся? З чаго можна будзе пазнаць, што выбіраемся з уласных здрады і сораму? Пачнем набываць сабе летнікі ў спусьцелых вёсках, а ня побач зь імі? Пачнем аддаваць дзяцей у беларускую школу? Пачнем дамагацца беларускай адукацыі, беларускага тэлебачаньня і – зноў – праўды пра Курапаты з засакрэчаных архіваў КГБ? Усё, за што змагаліся, але, недазмагаўшыся, кінулі... У кожным разе, пачнем гаварыць пра сутнасьці, а не пра паверхню. І самае галоўнае – пачнем гаварыць па-беларуску. Ня гледзячы ні на што. Пачнем хаця б з тых палітычных сілаў і сродкаў масавай інфармацыі, якія называюцца ў нас дэмакратычнымі. Ці вы зноў ня верыце, што мова здольная зрабіць цуд? Але каб ня верыць, трэба прынамсі паспрабаваць.

* * *

На беларускай правінцыі значна менш, чым у Менску, адчуваецца наша дачная хвароба, наша няпраўда і неадпаведнасьць. Правінцыя ўвогуле жыве людчэй. Ці таму, што не пасьпела так далёка адарвацца ад каранёў, ці таму, што хутчэй вяртаецца, бо жыве бліжэй да вёскі. Да прыкладу, апошні юбілей перамогі ў сталіцы прайшоў, паміж іншым, і зноў прамоўленымі пытаньнямі – як да вайны ставіцца і як ушаноўваць перамогу? Няма грунту, няма і прыймальнага для ўсіх адказу. А вось правінцыя сям-там разабралася з гэтай праблемай і адказ знайшла. Пацьверджаньне гэтаму бачу на цэнтральнай вуліцы Смаргоні. На фасадзе жылога дому – транспарант – белымі літарамі на сінім палатне: “Славе ня меркнуць, традыцыям жыць!”

Што б гэта значыла? І вашым, і нашым? Менавіта так. І абуранаму няўвагай вэтэрану і пацыфісту-маладзёну, усім. Прызнацца, сэнсава лёзунг гатовы быў выклікаць іранічную ўсьмешку, але нешта спыніла. І я зразумеў, што. Мова. Варта ўявіць сабе гэты транспарант па-расейску, атрымаўся б чысты Орўэл. Нішто ні пра што. Але менавіта мова ў гэтых абстрактных словах выконвае функцыю канкрэтнага. “Славе ня меркнуць, традыцыям жыць!” Штосьці ва ўсім гэтым адчулася сапраўднае, ня дачнае.

Сёньняшні прыклад зусім сьвежы. Але ёсьць і іншыя. Яшчэ ў траўні на “Свабодзе” дыскутавалі – якім мусіць быць помнік мінулай вайне. Адказ ёсьць. Я бачыў яго ў тым самым Смаргонскім раёне на дарозе зь Менску ў Вільню, у вёсцы Белае. Гэта вялізны валун, да якога прымацаваны ляканічны крыж з надпісам “Ахвярам І і ІІ сусьветных войнаў ад нашчадкаў”. Усталяваны на Дзяды 2001 году помнік мае і вершаваную эпітафію: “Тут, у зямлі, зямлёю стаўшы самі, мы, перад Богам роўныя ляжым, жывое ўсё пакінуўшы жывым”.

* * *

Ужо ў Вільні мне думалася пра гэта падчас інтэрнэт-канфэрэнцыі, калі задалі пытаньне пра вёску. Маўляў, чаму я адным з складнікаў беларускай ідэі выстаўляю вёску, калі яна даўно ператварылася ў “дзірэўню”. Ажно якраз вёска хутчэй за горад разабралася з формулай беларускае памяці пра мінулую вайну. Вёска прымірыла ўсіх. Таму што вёска – сапраўдная. Гэта ня штучныя карыкатурныя дачы і ня горад, заселены ўцекачамі зь вёскі, які з-за гэтага ніяк ня стане беларускім, сапраўдным.

Натуральна, у нас ніколі ўжо ня будзе патрыярхальнае вёскі і таму сумаваць па ёй няма сэнсу. Але вёска ўсё яшчэ можа даць нам адказы на многія пытаньні і даць пачуцьцё сапраўднасьці, адпаведнасьці і праўды – усяго таго, чаму людзі некалі здрадзілі, уцякаючы зь вёскі ў горад і мяняючы жыцьцё сутнаснае на паверхневае. Урэшце, калі-небудзь станецца так, што ўсьвядомленыя беларусы пачнуць прыяжджаць у свае вясковыя дамы не на буракі, вядома, а хоць бы і на шашлыкі. І прывязуць туды з гораду мову. І гэта будзе праўдзівае пакаяньне за здраду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG