Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Да заходняй дэмакратыі наш народ яшчэ не дарос”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Ці маюць беларускія студэнты магчымасьць займацца палітычнай дзейнасьцю, выяўляць сваю грамадзкую актыўнасьць, не рызыкуючы пры гэтым выклікаць незадавальненьне з боку адміністрацыі і страціць месца ў навучальнай установе? Падзеі апошніх тыдняў, у прыватнасьці, масавая галадоўка жодзінскай моладзі і запалохваньні палітычна актыўных студэнтаў у шэрагу навучальных установаў у іншых рэгіёнах, сьведчаць пра тое, што гэтае пытаньне для маладых беларусаў надзвычай актуальнае. Пачну з адказу на яго нашага слухача зь Менску Аляксандра Сьвістунова — чалавека ўжо немаладога, пэнсіянэра, але да праблемаў моладзі неабыякавага. Спадар Сьвістуноў піша:

“Я прыхільнік цьвёрдай улады, і заўсёды галасаваў за Лукашэнку. Ён навёў у краіне парадак. Да заходняй дэмакратыі наш народ яшчэ не дарос. У нас такія людзі: пакуль яму палкай па сьпіне ня стукнеш — ён не разумее. Якая там дэмакратыя: большая палова беларусаў не разумее сэнсу гэтага слова. Іншая зьява, якая мяне трывожыць, тое, што многія мясцовыя начальнікі няправільна разумеюць сэнс цьвёрдай улады. Вось пачалі выключаць студэнтаў за тое, што ходзяць на мітынгі ці падпісваюць розныя заявы. Гэта ж памылка. Гэтак мы зламаем лёсы маладых хлопцаў і дзяўчат. Моладзь трэба выхоўваць, тлумачыць ім палітыку кіраўніцтва. Гэтым павінны займацца і рэктараты, і БРСМ. Выключыць — гэта самае лёгкае.

Я лічу, што гэта перагібы на месцах. Моцная ўлада павінна быць мудрай і не дэманстраваць сваёй жорсткасьці. Бо інакш можна азлобіць людзей. На маю думку, ня варта было б кідаць апазыцыянэраў у турму — дастаткова было б і высылкі ў якія-небудзь глухія вёскі. Вунь як было пры цары: Леніна паслалі ў Шушанскае, на вольнае паветра. Хадзіў там на паляваньне, чытаў кнігі, пісаў артыкулы. А нашы апазыцыянэры няхай пасьвяць калгасных кароў ды раскідваюць гной. Можа, тады зразумеюць, чаго хоча народ”.

Мяккія ўмовы ссылкі Леніна ды іншых рэвалюцыянэраў, якіх высылалі на пасяленьне ў Сібір і пры гэтым не прымушалі працаваць і нават плацілі грошы на ўтрыманьне, для царскага рэжыму нічым добрым ня скончыліся, спадар Cьвістуноў. І тая дыктатарская ўлада, якая прыйшла ў Расеі на зьмену манархіі, улічыла гэта. Сталінскі рэжым прыдумаў для сваіх сапраўдных і ўяўных апанэнтаў іншае пакараньне — ГУЛАГ, у параўнаньні зь якім царская ссылка выглядала домам адпачынку.

Сёньняшніх студэнтаў, ня згодных з палітыкай рэжыму, гэты рэжым пазбаўляе права на вучобу не таму, што недзе дапускаюць, як пішаце вы, спадар Сьвістуноў, “перагібы на месцах”. Мэта ня ў тым, каб кагосьці выхоўваць, а ў тым, каб запалохаць, не дапусьціць масавых пратэстаў, спыніць грамадзкае незадавальненьне. А тэза аб тым, што беларускі народ нібыта не дарос да дэмакратыі — зручнае апраўданьне мясцоваму аўтарытарызму. Але адначасова гэтая тэза прыніжальная, зьневажальная для беларусаў. Атрымліваецца, палякі, літоўцы, украінцы, зь якімі беларусы стагодзьдзямі жылі ў адной дзяржаве, да дэмакратыі дарасьлі, а беларусы — ня здолелі?

Наступны ліст — ад Мікалая Волчыка зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну. Слухач піша:

“Напэўна, вал прапаганды з тэлевізара робіць сваю справу. Што глядзяць у нашай мясцовасьці? Афіцыйныя каналы — БТ, ОНТ, “Лад”… Я тут неяк ледзь-ледзь “выцягваю” сыгнал зь Беластоку (8-мы канал Польскага тэлебачаньня), а каналы зь Менску вечарамі не гляджу. Адзначу, што і ваша вяшчаньне штодня праслухоўваецца мной у поўным аб’ёме. Сытуацыя на Бацькаўшчыне патрабуе пашырэньня радыёвяшчаньня, і гэта было б вельмі правільна. Але мой досьвед наконт пашырэньня кола сяброў “Свабоды” не схіляе да аптымізму. Сярод маіх знаёмых толькі тры сталыя слухачы і аднадумцы.

Улада кансэрвуецца. Кансэрватыўная ідэалёгія нэгатыўна ставіцца да тэндэнцыі палітызацыі насельніцтва. У нас пераважае прыватны інтарэс, а не палітыка. Палітыка ў Беларусі — сфэра дзейнасьці адной асобы, і яе мэта — трымаць нас пад кантролем і ўсяляк абмяжоўваць нават думку цераз татальны ідэалягічны ціск. Ня дзіўна, што пратэст беларусаў-інтэлектуалаў, разрыў паміж палітыкай і маральнымі каштоўнасьцямі мае сумныя вынікі для патрыётаў Бацькаўшчыны. Прабачце, нейкая замшэлая калгасная дэмакратыя лунае над намі замест буслоў”.

Думаю, спадар Волчык, тое, што сярод вашых знаёмых толькі трое стала слухаюць “Свабоду”, не падстава для пэсымізму. Гэта зусім ня мала. Варта ўлічваць, што многія людзі па старой савецкай завядзёнцы імкнуцца не афішаваць, а то і трымаюць у сакрэце факт слуханьня замежных радыёстанцыяў. Ведаю гэта ў тым ліку і па многіх лістах на “Свабоду”, у якіх людзі прызнаюцца, што баяцца адкрыта выказваць свае палітычныя погляды, падпісвацца сапраўднымі імёнамі, расказваць знаёмым пра пачутае па “Свабодзе”, бо апасаюцца за сваю будучыню і бясьпеку сваіх сем’яў.

Фрагмэнт ліста Міхаіла Лысевіча зь Ліды. Слухач піша:

“Вельмі памыляюцца нашы прарасейскія апазыцыянэры, якія маюць надзею схіліць Расею да барацьбы з Лукашэнкам у абмен на больш празрыстыя правілы эканамічных узаемадачыненьняў. Расею цалкам задавальняюць менавіта такія правілы, бо эканамічная палітыка самой Расеі зусім не празрыстая. Зь іншага боку, Лукашэнка мае ад Расеі ўсё, што неабходна, каб падтрымліваць больш-менш прымальны эканамічны ўзровень. Пра палітычны аспэкт супрацоўніцтва і казаць няма чаго. Гэта цалкам брудная і цынічная палітыка двухбаковай падтрымкі ў любой справе. А што другі бок — апазыцыя? Як ні дзіўна, але тут таксама ўсё зразумела і трывала. Старыя лёзунгі, старая тактыка, старыя памылкі, спадзяваньні і нават хаўрусьнікі — таксама старыя. Так і не зьявіўся на нашай апазыцыйнай сцэне сапраўдны палітык”, — так лічыць Міхаіл Лысевіч зь Ліды, які ў сваім вялікім лісьце таксама выказвае шэраг заўвагаў да канкрэтных палітыкаў, у прыватнасьці, да Зянона Пазьняка і ягонай антырасейскай рыторыкі.

Узаемадачыненьні паміж афіцыйнымі Менскам і Масквой цяжка назваць ідылічнымі, спадар Лысевіч. Згадайце: і напрыканцы 1990-х гадоў пры Ельцыне, і на пачатку новага стагодзьдзя пры Пуціне ў двухбаковых ўзаемадачыненьнях раз-пораз узьнікалі вострыя канфлікты. Разьлікі за нафту і газ, прыватызацыя буйных прамысловых аб’ектаў, прапановы ўключыць Беларусь у склад Расеі на правах шасьці губэрняў, затрыманьні і арышты расейскіх журналістаў, супярэчнасьці ў мытным афармленьні грузаў… Гэты пералік можна працягваць.

Расея ўплывала і будзе ўплываць на беларускую палітыку — гэта ўсьведамляюць у Беларусі і ўлада, і апазыцыя. Істотна тое, што Крэмль пакуль ня бачыць у Беларусі маштабнай палітычнай фігуры, якая б мела рэальныя шанцы прыйсьці да ўлады на зьмену Лукашэнку. Відавочна, гэтым можна патлумачыць стаўленьне Масквы да многіх працэсаў у сёньняшняй Беларусі.

Зусім інакш, чым Міхаіл Лысевіч, ацэньвае цяперашнія беларуска-расейскія ўзаемадачыненьні іншы наш пастаянны слухач — Раман Зіноўеў зь Лёзна.

“Я зьвярнуў увагу на нядаўнюю заяву дзяржсакратара ЗША Кандалізы Райс пра тое, што Расея больш за ўсіх выйграла б, калі б Беларусь стала дэмакратычнай, — піша Раман Зіноўеў. — Гэта слушна, калі мець на ўвазе выйгрыш замежных дзяржаў. Але найбольш ад зьмены рэжыму выйграў бы беларускі народ. Цяперашнія ўзаемадачыненьні Беларусі і Расеі нагадваюць мне адносіны паміж прафэсійным злодзеем і ягонымі крымінальнымі сяброўкамі. Ці ён іх абярэ, ці яны яго. Так і ў нас. Беларуская ўлада абірае расейцаў, напрыклад, у гатэлях: зь іх бяруць значна большую плату, чым з грамадзянаў Беларусі. А ў Расеі абіраюць беларусаў, напрыклад, шляхам абавязковай рэгістрацыі ў Маскве. Альбо беручы, як з замежнікаў, плату за мэдычнае абслугоўваньне. Такое вось, так бы мовіць, “братэрства” дзьвюх краінаў, якія нібыта складаюць адну саюзную дзяржаву”.

Пра гэтыя факты дыскрымінацыі беларусаў і расейцаў на тэрыторыі так званай “саюзнай дзяржавы” гаворыцца і пішацца з таго самага моманту, як яшчэ ў 1994 годзе прэзыдэнты Лукашэнка і Ельцын выкопвалі памежныя слупы пад Смаленскам. З таго часу падпісана паўтузіна розных дамоваў аб самай шчыльнай і канчатковай інтэграцыі. Але дыскрымінацыйныя выплаты ды рэгістрацыі не адмененыя. Што да гатэляў, то беларускія ўлады абяцаюць выраўняць кошты для сваіх і расейскіх грамадзянаў у 2006 годзе. Праўда, гучалі падобныя абяцаньні і раней. Але ўсе гэтыя выпадкі, спадар Зіноўеў, прыватныя. Для беларускай эканомікі куды больш важна тое, што няма роўных умоваў для суб’ектаў гаспадараньня: захоўваюцца розныя кошты на энерганосьбіты і сыравіну, розныя падаткі, розныя мытныя ўмовы. Усё гэта аб’ектыўна, паколькі ў кожнай зь дзьвюх незалежных краін уласныя эканамічныя інтарэсы.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG