Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Голад ня цётка


Антаніна Хатэнка, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Народныя мудраслоўі почасту карэняцца ў гэткай глыбізьне, што й ня здумаць. Бывае, адпачатны сэнс каторае прымаўкі ўжо зацьмянеў, як старое люстэрка, а ўсё ж праглядаецца празь яе прадаўняя існасьць жыцьцёвае праявы, а то й падказка сьветаўладкаваньня.

Дык вось папярэджаньне голад ня цётка, пашыранае таксама й на Расеі, акурат з тае пары, калі набыткі лета продкам дасылала берагіня Цётка. Пэўне, Алаіза Пашкевіч, узяўшы слова Цётка сабе за псэўданім, мерылася гэтак ажывіць вобраз прадалёкай абярожніцы.

Зрэшты, у вякох усё дзеецца нязьменна, ды людзі невідушчымі парабіліся. А багіня Каляда – валадарка гадавога колазвароту – усё роўна ў зімовыя сьвяткі цёткай Шчодрай па хатах ходзіць, увесну Ладай красуе, да летніх ніў Цёткаю клоніцца, а ўвосень у думную Жыву ператвараецца.

Але тое ледзь чутно зь мітаў. Да мяне ж упершыню з бабулінай літасьці зьявілася. Пасьля Купальля дзятва яблыкі хрумстала, а нашы дрэўцы яшчэ не пладзілі. І прынесла аднойчы Алеся-спагадніца ў хвартуху румяных смакот з калгаснага саду. Малеча, я спалохалася, начуўшыся помавак пра арышты за каласок. Здавалася, таго яблыка чужога ня ўем.

Адважніца мая ўсьміхнулася: “Голад ня дзядзіна, зьясі й крадзена”. І суцешыла: “Ласуйся. Цётка зь неба кінула”. І праўда ж: галоднаму асьцюкі ня колюцца, а чорт з голаду й мухі еў. Дый на галодны зуб усё смачна. Гэтак дапаўняюць беларусы прадаўнюю значнасьць божае ласкі, процістаўляючы ёй жорсткасьць нішчымніцы: голад ня цётка.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал)
XS
SM
MD
LG