Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

12 чэрвеня францускае войска перайшло Нёман і ўвайшло на тэрыторыю Беларусі


RFE/RL Каляндар Свабоды – 12 і 13 чэрвеня. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 12 і 13 чэрвеня.

Спачатку – пра каляндар учорашняе нядзелі.

12 чэрвеня ў Беларусі спрадвеку шанавалі Ісака. У фальклёрных запісах ёсьць такая прыкмета: «На Ісака адбываюцца зьмяіныя вясельлі».

12 чэрвеня для нашых продкаў пачалася напалеонаўская вайна 1812 году. Беларусь перад тым была анэксаваная Расейскай імпэрыяй і ўваходжаньне войскаў Напалеона стала фактычным пачаткам ягонай вайны з Расеяй. Сцэнар, паводле якога разьвіваліся падзеі, падобны да пачатку гітлераўскае акупацыі. На сьвітанку 12 чэрвеня без абвяшчэньня вайны французы пераправіліся празь Нёман. Абарона расейскага войска абмяжоўвалася эпізадычнымі баямі. Імпэрыя адцягвала свае арміі на ўласна расейскую тэрыторыю для таго, каб захаваць іх і ўжо там даць французам рашучы адпор. Словам, калі напачатку мінулай вайны немцы прайшлі Беларусь за чатыры дні, дык ў напалеонаўскай кампаніі захоп расьцягнуўся на месяц. У адрозьненьне ад 2-й сусьветнай і ад фашыстоўскіх захопнікаў, у напалеонаўскім абозе было шмат беларусаў. Гісторыкі акцэнтуюць увагу на тым, што нашыя продкі ў 1812 годзе ваявалі і з расейскага, і з францускага бакоў.

Паводле іроніі календара менавіта ў дзень пачатку напалеонаўскага нашэсьця Расея адзначае свой Дзень незалежнасьці. У гэты дзень у 1990 годзе зьезд народных дэпутатаў РСФСР прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Расеі.

Цяпер – пра сёньняшні каляндар.

13 чэрвеня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Ерамей. “Прыйшоў Ерамей – больш ня сей”, – казалі нашыя продкі. Ерамей азначаў канец усялякай сяўбы.

13 чэрвеня 1883 году прыйшоў на сьвет Натан Рубінштэйн, чалавек, які адыграў важную ролю ў гісторыі беларускай музыкі. Музыколяг Юлія Андрэева піша пра яго ў часопісе “Arche”: “Новая эпоха ў музычным жыцьці Менску распачынаецца зь вяртаньнем у Менск маладога скрыпача і дырыжора Натана Рубінштэйна. Ён быў карэнным менчуком, вышэйшую музычную адукацыю атрымаў у Санкт-Пецярбурскай кансэрваторыі. Менавіта Рубінштэйн быў ініцыятарам стварэньня і першым дырэктарам Менскага музычнага вучылішча, што адчынілася ў 1907 годзе. Ён праводзіў клясу скрыпкі, а таксама выкладаў тэорыю музыкі і сальфэджыё. З 1909 году ў Менску ім рэгулярна праводзіліся сымфанічныя канцэрты». Канец цытаты. У 1920-я гады Рубінштэйн пераехаў у Маскву. Што зь ім адбылося далей – невядома.

13 чэрвеня 1889 году – дзень нараджэньня героя Слуцкага антыбальшавіцкага паўстаньня Паўла Жаўрыда. У ягонай энцыкляпэдычнай даведцы таксама няма пэўнае даты завяршэньня жыцьця.
XS
SM
MD
LG