Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як студэнты і выкладчыкі БДУ ставяцца да загаду міністра адукацыі?


Ганна Соусь, Менск (эфір 11 чэрвеня). Міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў выдаў загад, у адпаведнасьці зь якім студэнтаў, якія ўдзельнічаюць у акцыях апазыцыі, дазволена выключаць з навучальных установаў. Нашая карэспандэнтка высьвятляла, як да гэтага ставяцца студэнты і выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

(Карэспандэнтка: ) “Міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў выдаў загад, у адпаведнасьці зь якім студэнтаў, якія ўдзельнічаюць у акцыях апазыцыі, дазволена выключаць з вышэйшых навучальных установаў. Як вы да гэтага ставіцеся?”

(Спадарыня: ) “Кожны чалавек мае права на волевыяўленьне. Гэта запісана ў нашай Канстытуцыі”.

(Спадар: ) “Мы вам зараз адкажам, а нас потым выключаць…”

(Спадарыня: ) “Я лічу, што гэта глупства. Кожны чалавек можа выбіраць — апазыцыю падтрымліваць ці Лукашэнку. У нас у гэтым сэнсе павінна быць свабода”.

(Спадар: ) “Увогуле пра гэта няма чаго гаварыць. Усім студэнтам усё даўно вядома. Усе абураныя гэтым, але ўсё роўна нічога ня зьменіцца”.

(Спадар: ) “Я нідзе ня ўдзельнічаю, таму мне абсалютна ўсё роўна”.

(Спадар: ) “Нэгатыўна стаўлюся, таму што якая розьніца — калі я хачу выказаць свой пратэст, чаму мяне павінны выключаць за гэта?”

(Спадар: ) “Мы самі ўдзельнічаем у такіх акцыях часам. Мне не здаецца, што гэта, наагул, нармальна. Я ня думаю, што гэта будзе прымяняцца прынамсі ў нашым Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце. Абяцаюць такія рэчы ўжо шмат часу, але ўсіх, хто крычаць, што яны былі выключаныя з палітычных матываў, выключалі з прычыны акадэмічнай непасьпяховасьці”.

(Спадар: ) “Я лічу, што гэты ўказ не зусім правільна гучыць. Кожны чалавек павінен мець права на асабістыя думкі. Але, напэўна, тых, хто ўдзельнічае, выключаць ня будуць”.

(Спадар: ) “Я ня ўдзельнічаю ў акцыях апазыцыі, і думаю, што гэта слушнае рашэньне”.

(Спадар: ) “Усё роўна так ня трэба рабіць, бо палітычныя погляды ніяк не павінны ўплываць на вучобу”.

(Спадарыня: ) “Натуральна, занадта жорсткія захады — гэта ня выхад з сытуацыі”.

(Спадарыня: ) “Я стаўлюся станоўча, таму што лічу: калі паступілі ў дзяржаўную ВНУ вучыцца, то трэба вучыцца. А калі стануць дарослымі людзьмі, няхай займаюцца палітыкай”.

(Спадар: ) “Адмоўна. Гэта дыскрэдытацыя апазыцыі. Яны спрабуюць задушыць усё свабоднае, што ёсьць у нашай краіне. Я лічу, што такога рабіць нельга, бо людзі маюць права мець сваё ўласнае меркаваньне”.

(Спадар: ) “Дрэнна. У цывілізаванай краіне такога не павінна быць”.

(Спадарыня: ) “Удзельнічае чалавек у нейкіх мітынгах ці палітычных сходах — гэта ніяк не ўплывае на ягоныя веды. Выключаць чалавека, як у школе за паводзіны, я лічу, няслушна”.

(Спадарыня: ) “Адмоўна. Адукацыя не павінна залежаць ад поглядаў студэнтаў на палітычнае становішча. Яны павінны мець свабоду выяўляць свае жаданьні і палітычныя погляды”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG