Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Цытаты мінулага – 13 чэрвеня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса за 13 чэрвеня.

“Полесская правда”, 1925 год. Пастанова Гомельскага Губэрнскага Выканаўчага Камітэту “Аб парадку адкрыцьця ўстановаў для платнай гульні ў неазартныя гульні”:

“1. Адкрыцьцё ўстановаў для платнай гульні ў неазартныя гульні (як: кеглі, більярд і г.д.), а таксама для фізычных забаваў (каруселі, арэлі і г.д.) дапускаюцца толькі з асобага ў кожным выпадку дазволу ў гор.Гомелі — Губэрнскага Адміністрацыйнага Аддзелу, а ва ўездах — міліцыяй)… 4. Катэгарычна забараняецца адкрыцьцё ўстановаў і наладжваньне ў адкрытых установах гульняў у карты, лато, рулетку і інш. азартныя гульні”.

“ЛіМ”, 1955 год:

“Комсамольскія арганізацыі і рэдакцыі абласных газет абавязаны унесці свой арганізуючы пачатак у работу літаратурных аб’еднанняў. Малады літаратар у газеце павінен бачыць самага першага свайго літаратурнага настаўніка, добразычлівага дарадчыка. Ён павінен і прыслухоўвацца да голасу газеты. Некаторыя з маладых пісьменнікаў, не паспеўшы надрукаваць першы верш ці апавяданне ў Мінску, пачынаюць абыходзіць абласную, гарадскую ці раённую газеты, пакідаючы актыўна супрацоўнічаць у ёй”.

“Добры вечар”, 1995 год. Пасьля правалу выбараў у мясцовыя саветы Анатоль Майсеня піша:

“Думаю, што тыя людзі з прэзыдэнцкага атачэньня, якія ўсё яшчэ спадзяюцца сканцэнтраваць усю ўладу ў сваіх руках і такім чынам стварыць прадумовы для вырашэньня праблем, ня проста глыбока — трагічна памыляюцца. Таму што ў наш пераходны пэрыяд адзіным выйсьцем з крызіснай сытуацыі можа быць толькі пераразьмеркаваньне ўлады, г.зн. дэцэнтралізацыя, што прывядзе да стварэньня самакіраванай сыстэмы ўлады, дзе кожны яе ўзровень ведае ўласныя паўнамоцтвы, дзе існуе дакладнае разьмежаваньне функцыяў паміж цэнтральнай і мясцовай уладаю”.
XS
SM
MD
LG