Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхарка Бабруйску пачала акцыю пратэсту на Бангалоры


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Сёньня ў Менску пачала сваю акцыю пратэсту бабруйчанка Любоў Санкевіч. Менскія ўлады дазволілі жанчыне пікетаваць на плошчы Бангалор штодня ўвечары да 4 ліпеня.

Спадарыня Санкевіч сваёй акцыяй хоча зьвярнуць увагу грамадзкасьці, прэсы і Аляксандра Лукашэнкі на барацьбу, якую яна вядзе ўжо амаль пяць гадоў. У 2001 годзе жанчыну звольнілі з Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў, кіраўніцтва якога яна абвінавачвае ў злоўжываньнях. Любоў Санкевіч патрабуе аднаўленьня на працы і справядлівага расьсьледаваньня на заводзе.

Паўтара году таму яна праводзіла шматдзённую галадоўку пратэсту і несанкцыянаваную акцыю ў Менску, але так і не дамаглася сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Сустрэча з кіраўніком краіны — галоўная мэта акцыі, якую сёньня распачала жыхарка Бабруйску. Гаворыць Любоў Санкевіч:

(Санкевіч: ) “Я супраць крадзяжу дзяржаўнай уласнасьці, супраць парушэньня правоў чалавека, як у маёй справе. І сустрэчы хачу цяпер толькі з Лукашэнкам: паглядзець яму ў вочы, каб даведацца, ці на самай справе ён ня ведае, што творыцца, альбо гэта толькі гульня”.

Любоў Санкевіч зьбіраецца штовечар раскладаць на плошчы Бангалор свае плякаты: “Спыніце рабаваньне народу”, “Вярніце працу, адабраную ў барацьбе за справядлівасьць” і “Чакаю прыёму ў прэзыдэнта”.
XS
SM
MD
LG