Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гайдукевіч супраць "Народнай Волі": экспэрт заяўляе, што факс падроблены


Ганна Соусь, Менск Сёньня ў судзе Ленінскага раёну Менску працягваліся судовыя слуханьні спрэчкі старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сергея Гайдукевіча і газэты “Народная Воля” аб абароне гонару і годнасьці. У адпаведнасьці з вынікамі экспэртна-крыміналістычнай экспэртызы, блянк факсавага паведамленьня, надрукаванага ў газэце, выраблены праз мантаж асобных фрагмэнтаў. Пра гэта заявіў супрацоўнік Экспэртна-крыміналягічнага цэнтру Андрэй Ашуркаў, той самы, які ў часе парлямэнцкіх выбараў 2004 году ладзіў графалягічную экспэртызу падпісных лістоў у падтрымку Ўладзімера Навасяда і зрабіў заключэньне аб тым, што ўсе подпісы былі пастаўленыя адной асобай. Уладзімер Навасяд, аспрэчваючы вынікі экспэртызы, прывёў у Вярхоўны суд амаль 25 падпісантаў, якія пацьвердзілі, што самі паставілі подпіс.

Супрацоўнік Экспэртна-крыміналістычнага цэнтру менскай міліцыі Андрэй Ашуркаў заяўляе, што блянк ірацкай амбасады быў выраблены спосабам мантажу асобных фрагмэнтаў. Зьмешчанага на блянку тэксту экспэрт зь міліцыі не дасьледаваў. Вось што заявіў Радыё Свабода з гэтай нагоды прадстаўнік “Народнай Волі” ў судзе юрыст Гары Паганяйла.

(Паганяйла: ) “Дакумэнт па фрагмэнтах, зьвязаных з выкарыстаньнем блянкавай прадукцыі амбасады, сфальсыфікаваны. Але нас цікавяць ня “шапкі”, нас цікавіць зьмест па сутнасьці. Гэта і ёсьць прадмет дасьледаваньня суду”.

У факсавым паведамленьні, надрукаваным у газэце, прыводзіліся словы выканаўцы абавязкаў генэральнага дырэктара Дзяржаўнай кампаніі продажу нафты Іраку Алі Хасана, які нагадваў старшыні ЛДПБ пра пэўныя забавязаньні і прасіў вярнуць доўг амаль 1 мільён даляраў.

Сяргей Гайдукевіч патрабуе праз суд прызнаць несапраўднай і зьневажальнай гэтую інфармацыю, надрукаваную ў “Народнай Волі”, і патрабуе 200 мільёнаў рублёў кампэнсацыі.

Сёньня ж Іосіф Сярэдзіч падаў хадайніцтва аб правядзеньні судова-лінгвістычнай экспэртызы зьместу факсавага паведамленьня, але суд яму ў гэтым адмовіў.

Пры гэтым суд дазволіў дапытаць у часе судовага працэсу спэцыяліста-лінгвіста Аксану Шчарбакову. Паводле яе лінгвістычнага аналізу, у надрукаваным факсе ўтрымліваецца зварот да арганізацыі, а не асабіста да Сяргея Гайдукевіча.

Таксама сёньня галоўны рэдактар “Народнай Волі” падаў хадайніцтвы з тым, каб суд выклікаў у якасьці сьведкаў шэраг асобаў — перакладчыка МЗС Іраку ў 2002 годзе Нуры Хасана, тагачаснага генэральнага дырэктара Дзяржаўнай кампаніі продажу нафты Іраку Садама Зэбэна Хусэйна ды іншых асобаў, датычных да кантактаў Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі і спадара Гайдукевіча з ірацкім бокам у час кіраваньня Садама Хусэйна.

Былы намесьнік старшыні ЛДП Мікалай Маркевіч заявіў для Радыё Свабода, што ўдзельнікі судовага працэсу з боку “Народнай Волі” адчуваюць беспрэцэдэнтны ціск.

(Маркевіч: ) “Аказваецца беспрэцэдэнтны маральны ціск. Пра гэта сьведчыць выпадак з адвакатам Пташнікам. Гэтаксама аказваецца ціск на ключавых сьведкаў — Рабатая, Маркевіча ды іншых, якія ведаюць пра Гайдукевіча вельмі шмат і могуць патлумачыць сытуацыю”.

У часе мінулага судовага паседжаньня галоўны рэдактар “Народнай Волі” Іосіф Сярэдзіч адмовіўся ад паслугаў адваката Ўладзімера Пташніка.

***

Судзьдзя Любоў Валевіч не задаволіла ўсе заяўленыя сёньня хадайніцтвы галоўнага рэдактара “Народнай волі” Іосіфа Сярэдзіча. Галоўны рэдактар хадайнічаў аб тым, каб на працэс былі выкліканыя асобы, якія ў 2002 годзе былі сьведкамі кантактаў Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі і яе лідэра Сяргея Гайдукевіча з прадстаўнікамі тагачаснага рэжыму Садама Хусэйна. Сёньня ўвечары адбыліся судовыя спрэчкі бакоў. Судовае рашэньне ў гэтай справе будзе агалошанае заўтра а 15-й гадзіне ў Ленінскім судзе Менску.

***

Варта адзначыць, што экспэртызу блянку факсавага паведамленьня, надрукаванага ў “Народнай волі” праводзіў прадстаўнік Экспэртна-крыміналягічнага цэнтру Андрэй Ашуркаў, той самы, які ў часе парлямэнцкіх выбараў 2004 году ладзіў графалягічную экспэртызу падпісных лістоў у падтрымку Ўладзімера Навасяда, які балятаваўся па Менскай Купалаўскай акрузе. Ашуркаў тады зрабіў заключэньне аб тым, што ўсе подпісы былі пастаўленыя адной асобай, і іх прызналі несапраўднымі. Але ж Уладзімер Навасяд, аспрэчваючы вынікі экспэртызы, прывёў у Вярхоўны суд амаль 25 падпісантаў, якія пацьвердзілі, што подпіс і дата былі пастаўленыя імі асабіста. Выкліканы ў суд экспэрт Андрэй Ашуркаў тады прызнаў, што "абсалютна дакладна вынесьці вэрдыкт у гэтай справе можа толькі госпад Бог".
XS
SM
MD
LG