Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Скрабец 30-ты дзень галадуе за кратамі (абноўлены)


Уладзімер Глод, Менск Пра тое, што лідэр дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Сяргей Скрабец па-ранейшаму працягвае галадаваць, нашаму радыё 13 чэрвеня паведаміў ягоны адвакат Міхаіл Хоміч. Гэтак Скрабец пратэстуе супраць арышту і абвінавачаньняў на свой адрас, якія ён лічыць беспадстаўнымі.

Міхаіл Хоміч гаворыць, што ягоны падабаронны не зьмяніў свайго рашэньня трымаць галадоўку. Ён п’е толькі ваду, пераважна ляжыць у ложку, часам глядзіць тэлевізар... У камэры Сяргей Скрабец штодня робіць адмысловыя комплексы гімнастычных практыкаваньняў.

Памочнік былога парлямэнтара Сяргей Галаганюк нагадвае, што спадар Скрабец ужо дзесяць гадоў цікавіцца спосабамі пахудзеньня і галадаваньня. Двойчы ён быў у Тыбэце, дзе бачыў, як займаюцца гэтым будысты:

(Галаганюк: ) “Там існуе пэўная сыстэма, таму што гэта робіцца па-ўсходняму. Сяргей у гэтым добра разьбіраецца. Там ёсьць вызначаныя працэдуры, вызначаныя малітвы”.

(Карэспандэнт: ) “Але ж трыццаць дзён — гэта вельмі шмат...”

(Галаганюк: ) “Небясьпечна гэта. Стан здароўя можа быць здавальняючым, а потым усё хуценька можа перайсьці ў цяжкі стан. З гэтым не жартуюць”.

Тым часам адвакат Хоміч перадаў у пракуратуру хадайніцтва пра зьмену меры стрыманьня Сяргею Скрабцу. Адвакат не ўключыў у пакет дакумэнтаў высноваў мэдычнай камісіі, бо дактары зь Берасьцейскага сьледчага ізалятару, якія аглядалі экс-дэпутата на 27-мы дзень галадоўкі, палічылі стан здароўя Скрабца “здавальняючым”:

(Хоміч: ) “Я яго не аддаваў, таму што такое заключэньне не падтрымае абарону”.

На гэты момант рашэньне аб зьмене меры стрыманьня Сяргею Скрабцу — станоўчае ці адмоўнае — не прынятае. Паводле яго адваката, апошняе слова застаецца за Берасьцейскай абласной пракуратурай, дзе цяпер знаходзіцца хадайніцтва.

Лідэр Аб''яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заявіў сёньня, што партыя рыхтуе адмысловую заяву да Скрабца з просьбай спыніць галадоўку.

***

Сяргей Скрабец у Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня ўзначальваў дэпутацкую групу “Рэспубліка”. Летам 2004 году ён удзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Летась у кастрычніку ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай аб палітычным прытулку, аднак атрымаў адмоўны адказ. Сёлета ў красавіку Беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт, у якім сьцьвярджалася, што спэцслужбы затрымалі кур’ера, які вёз зь Вільні 200 тысяч даляраў — нібыта для фінансаваньня палітычнай дзейнасьці Сяргея Скрабца.
XS
SM
MD
LG