Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Саньнікаў: “Грузія пачала размаўляць з Лукашэнкам на мове, якую ён разумее”


Алесь Дашчынскі, Менск 10 чэрвеня беларускі міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў заявіў, што Лукашэнка не прымаў ніякіх рашэньняў аб увядзеньні візавага рэжыму з Грузіяй. Паводле Мартынава, парлямэнт Грузіі скарыстаўся неправеранай і юрыдычна несапраўднай інфармацыяй, калі пастанавіў рэкамэндаваць ураду забараніць беларускаму прэзыдэнту ўезд на тэрыторыю Грузіі.

Нагадаю, 9 чэрвеня прэсавая служба беларускага прэзыдэнта паведаміла, што Аляксандар Лукашэнка прыняў рашэньне аб увядзеньні адносна Грузіі візавага рэжыму. Гэтае паведамленьне дасюль разьмешчанае на афіцыйным сайце кіраўніка краіны пад загалоўкам: “Адносна Грузіі ўведзены візавы рэжым”. У той самы дзень намесьнік начальніка ўпраўленьня інфармацыі Міністэрства замежных справаў Руслан Есін сабраў журналістаў і зрабіў заяву, у якой падкрэсьліў, што “Рэспубліка Беларусь прыняла рашэньне аб увядзеньні ў адносінах да Грузіі візавага рэжыму ўезду-выезду”.

У адказ 10 чэрвеня парлямэнтары Грузіі выходзяць з ініцыятывай абвясьціць Лукашэнку пэрсонай нон-грата на тэрыторыі Грузіі. Разам з тым у праекце парлямэнцкай пастановы прапануецца пакінуць ранейшы бязьвізавы рэжым уезду на тэрыторыю Грузіі для грамадзянаў Беларусі.

Палітычны скандал дасягнуў такой сілы, што пры канцы дня міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў вымушаны быў ратаваць сытуацыю. Ён заявіў, што Лукашэнка не прымаў ніякіх рашэньняў пра ўвядзеньне візавага рэжыму з Грузіяй. Паводле Мартынава, кіраўнік Беларусі сваім рашэньнем дазволіў Міністэрству замежных справаў і праваахоўчым органам разгледзець сытуацыю што да візавых адносінаў з Грузіяй і пры неабходнасьці ўжыць захады для абароны нацыянальнай бясьпекі і сацыяльнай стабільнасьці ў грамадзтве. Паводле Мартынава, гэтае рашэньне выкліканае тым, што прэзыдэнт Саакашвілі і парлямэнт Грузіі прымалі рашэньні і рабілі заявы пра накіраваньне ў Беларусь “баевікоў-рэвалюцыянэраў”. Беларускі міністар замежных справаў заявіў, што ў тым разе, калі пляны кіраўніцтва Грузіі накіраваць у Беларусь экспартэраў рэвалюцыі не памяняюцца, можна будзе ўносіць прапанову аб увядзеньні візавага рэжыму.

Нарэшце, 11 чэрвеня намесьніца кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Пяткевіч у інтэрвію агенцтву “Інтэрфакс” катэгарычна зьняпраўдзіла чуткі пра нібыта прынятае Лукашэнкам рашэньне аб увядзеньні візавага рэжыму ў адносінах да Грузіі. Пры гэтым Пяткевіч зазначыла, што Беларусь не пацерпіць шантажу з боку кіраўніцтва гэтай краіны.

Чаму ж міністру Сяргею Мартынаву і прадстаўніцы прэзыдэнцкай Адміністрацыі Натальлі Пяткевіч давялося дэзавуяваць ранейшыя афіцыйныя паведамленьні аб увядзеньні візавага рэжыму адносна грамадзянаў Грузіі? Чаму афіцыйны Менск даў ход назад?

Гэтае пытаньне да былога намесьніка міністра замежных справаў Андрэя Саньнікава.

(Саньнікаў: ) “Таму што грузінскі парлямэнт, Грузія ўвогуле, пачалі размаўляць з Лукашэнкам на мове, якую ён разумее. Вось адразу прынялі меры адэкватныя, забаранілі ўезд, і адразу ж тут пачалося вось гэтае коўзаньне і такія даволі нязграбныя выказваньні наконт таго, што нічога не ўводзілі і не было намеру ўводзіць. Гэта яшчэ раз пацьвердзіла, што толькі такую мову й разумеюць беларускія ўлады”.

Цяпер парлямэнт Грузіі будзе чакаць афіцыйных тлумачэньняў ад беларускага боку што да сытуацыі з увядзеньнем візавага рэжыму для грамадзянаў Грузіі. На гэтым тыдні грузінскія парлямэнтары вернуцца да разгляду праекту пастановы, якая рэкамэндуе ўраду аб’явіць Лукашэнку пэрсонай нон-грата. У лік неязных у Грузію можа трапіць і шэраг іншых беларускіх афіцыйных асобаў.

Грузінскія парлямэнтары падымаюць пытаньне, наколькі мэтазгодна трымаць прадстаўніка Грузіі ў апараце СНД у Менску, калі яго нават не папярэджваюць, што з боку Беларусі можа быць парушана Бішкецкае пагадненьне аб бязьвізавых паездках. Паводле кіраўніка камісіі ў міжнародных пытаньнях грузінскага парлямэнту Канстанціна Габашвілі, ёсьць сэнс увогуле задумацца пра лёс СНД. Спадар Габашвілі камэнтуе дзеяньні афіцыйнага Менску адносна Грузіі:

(Габашвілі: ) “Гэта было заяўлена ў зьневажальнай форме. Гэта было тыповае рашэньне аднаго чалавека, рашэньне дыктатара. Бо існуе нармальная практыка, можна дамаўляцца, урэшце, паслаць міністра замежных справаў ці ўнутраных справаў адзін да аднаго. Але навошта рабіць у аднабаковым парадку такія рэчы зь візамі? Мы й вырашылі, што трэба пайсьці ўсьлед за Эўропай, ЗША і аб’явіць Лукашэнку пэрсонай нон-грата на нашай тэрыторыі, а таксама чыноўнікаў, якія яго актыўна падтрымліваюць ня толькі ў антыгрузінскай істэрыі, але і ў рэпрэсіях, што праводзяцца ў Беларусі”.
XS
SM
MD
LG