Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут беларускай культуры ўзяў удзел у “Славянскіх днях” ў Варшаве


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Варшаўскім этнаграфічным музэі адбыліся “Славянскія дні” – актыўны ўдзел у іх узялі сябры Інстытуту беларускай культуры – незалежнай арганізацыі, у якую ўваходзяць беларусы Варшавы.

У “Славянскіх днях”, мэта якіх – пашырыць веды палякаў пра суседнія народы, звычайна бяруць удзел дзясяткі музычных калектываў, народных майстроў, навукоўцаў з Чэхіі, Польшчы, Беларусі ды іншых краінаў. Інстытут беларускай культуры ўдзельнічае ў гэтым мерапрыемстве ўжо трэці раз запар – ад самага свайго заснаваньня – і кожны раз зь нязьменным посьпехам. Гэтым разам большасьць імпрэзаў адбываліся на вуліцы, якая ў выходныя была закрытая для транспарту.

Гаворыць старшыня Інстытуту Вольга Мазярская:

(Мазярская: ) “Сёлетні праект быў, можа, больш вузкі, але цікавейшы сутнасна. Мы запрашалі гурт зь Пінску “Крылы часу”, які грае клясычную музыку, у тым ліку Агінскага, ды іншых старадаўніх беларускіх кампазытараў. Дык іхныя выступы зрабілі сапраўдны фурор. Людзі, якія проста ішлі па вуліцы, спыняліся й казалі: “Божа, як яны прыгожа граюць”.

Акрамя гэтага, паводле спадарыні Мазярскай, палякі вельмі цікавіліся сучаснай Беларусьсю, пра якую ў Польшчы даволі мала інфармацыі. Сябры Інстытуту паказвалі наведнікам “Славянскіх дзён” альбомы пра Беларусь, апавядалі пра беларускую культуру.

Традыцыйна ў часе імпрэзы прадстаўнікі розных краінаў частуюць палякаў нацыянальнымі стравамі. Працягвае Вольга Мазярская:

(Мазярская: ) “Найбольш народу было каля нас. Мы прапанавалі некалькі беларускіх напояў. Гэтыя напоі былі настолькі нечаканыя, што цягам двух дзён наведнікі вярталіся да нас і прасілі яшчэ й яшчэ. Гэта былі аўсяны кісель і хлебны квас. Мы зрабілі іх у хатніх умовах. Такія напоі даволі папулярныя ў Беларусі, а зусім невядомыя ў Польшчы”.

Варта адзначыць, што Інстытут беларускай культуры ў Варшаве прэзэнтаваў Беларусь на “Славянскіх днях” выключна ўласнымі сіламі – намаганьнямі сваіх сяброў і прыхільнікаў.
XS
SM
MD
LG