Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры маладыя сьвядомыя беларусы сталі каталіцкімі сьвятарамі


Вінцэсь Мудроў, Полацак Мінулымі выхаднымі ў мястэчку Росіца на Дрысеншчыне адбылося ўрачыстае сьвятарскае пасьвячэньне трох маладых беларусаў. Усе яны скончылі Вышэйшую духоўную сэмінарыю айцоў марыянаў пры Люблінскім каталіцкім унівэрсытэце, і цяпер панясуць слова Божае людзям. І слова гэтае будзе прамаўляцца па-беларуску. Нядаўна сьвятарскае пасьвячэньне атрымалі два беларускія ксяндзы-дамініканіны – Касьцёл у Беларусі хаця й павольна, але беларусізуецца.

Месцам для сьвятарскага пасьвячэньня быў абраны адноўлены Траецкі касьцёл. Гэта той самы касьцёл, у які зімою 1943 году карнікі сагналі жыхароў Росіцы, а потым жыўцом спалілі ў адрыне. Сярод росіцкіх пакутнікаў былі й ксяндзы марыяне Юры Кашыра ды Антоні Ляшчэвіч, якія не пакінулі сваіх вернікаў і загінулі разам зь імі ў агні. І тое, што пачатак сьвятарскай дарогі для трох маладых марыянаў пачаўся менавіта ў Росіцы, факт даволі сымбалічны. Гэтым разам пунсовыя сьвятарскія шаты апранулі выпускнікі Вышэйшай духоўнай сэмінарыі айцоў марыянаў у Любліне Аляксандар Шамрыцкі, Андрэй Сідаровіч ды Аляксандар Жарнасек. Апошні, заўважым, – сын вядомай літаратаркі Ірэны Жарнасек. Саму ўрачыстую імшу і пасьвячэньне ў прысутнасьці шматлікіх вернікаў адпраўляў віцебскі біскуп Уладыслаў Блін. На ўрачыстасьцях прысутнічалі таксама сьвятары Віцебскай ды Менска-магілёўскай дыяцэзіяў, а таксама госьці з Польшчы – выкладчыкі Люблінскай сэмінарыі.

Трэба адцеміць, што ўсе тры маладыя ксяндзы – сьвядомыя беларусы. Гаворыць адзін зь іх, айцец Аляксандар Шамрыцкі:

(а. Аляксандар Шамрыцкі: ) “Гэты дзень для мяне вельмі важны. Да яго я рыхтаваўся восем гадоў. Цяпер рады, што вярнуўся на Бацькаўшчыну і магу ёй служыць як сьвятар, а менавіта ў якасьці сьвятара і манаха. Рады, што магу сьведчыць пра Хрыста на маёй роднай мове, што магу служыць літургію для вернікаў на мове маіх продкаў, на мове, якую чуў ад маёй бабулі, якую вывучаў у школе і, пазьней, у пэдкаледжы”.

Якая ж сёньня моўная сытуацыя ў касьцёлах Паўночнай Беларусі? Дакладных зьвестак пра гэта, прынамсі, па Віцебскай дыяцэзіі, няма: вывучэньнем моўнай сытуацыі ніхто не займаецца. Можна, аднак, сказаць, што набажэнствы ў наваполацкім ды полацкім касьцёлах ідуць па-беларуску. У іншых месцах імшы ладзяцца пачародна на дзьвюх мовах: па-беларуску і па-польску. Выключэньне складаюць некаторыя касьцёлы на захадзе Віцебшчыны. Там, як і на Гарадзеншчыне, беларускае слова пад высокімі касьцельнымі скляпеньнямі дагэтуль не лунае. Думаю, праблема тут у браку беларускіх ксяндзоў, і пераход на родную мову – справа часу. Пагатоў навачасная моладзь польскай мовы ня ведае, і даводзіцца друкаваць літаньні на польскай мове кірылічнымі літарамі, што выглядае цалкам недарэчна. Так што пасьвячэньне ў сьвятары маладых беларусаў – гэта сапраўднае сьвята, яшчэ адзін крок да таго, каб зрабіць Касьцёл беларускім ня толькі моваю набажэнстваў, але і духам.
XS
SM
MD
LG