Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Здароўе, фітнэс, і посьпех – расказваюць беларусы замежжа


Натальля Судлянкова, Прага Часам пра некага гавораць: “Яму не хапіла жыцьця, каб дасягнуць сваіх мэтаў”. Часам можна пачуць: “Мне на гэтую справу не хапае здароўя”. Працягласьць жыцьця і здароўе сталі асноўным рэсурсам чалавека. Пра здароўе, як адзін з асноўных складнікаў посьпеху – у наступнай праграме цыклю “Беларусы за мяжой”.

Мы жывем у самы цудоўны час у гісторыі чалавецтва з пункту гледжаньня працягласьці жыцьця і стану фізычнага здароўя насельніцтва. Сёньня людзі і ў 80 гадоў працуюць і захоўваюць энэргічны рытм жыцьця. Мэдыкі гавораць, што гэта можа быць правілам, а не выключэньнем, калі людзі пачнуць дбаць пра сваё здароўе. Здароўе – менавіта той рэсурс, безь якога дасягнуць посьпеху вельмі цяжка. Гэта разумеюць і маладыя людзі.

Ляна Бурцава зь Менску цяпер жыве ў сталіцы Аўстрыі Вене і працуе ў фінансавай кампаніі. Вытрымліваць даволі жорсткі працоўны рытм і напружанасьць, калі цэлы дзень даводзіцца сядзець перад маніторам кампутара ёй дапамагаюць заняткі ў фітнэс-цэнтру.

Ляна гаворыць, што фізычныя практыкаваньні даюць ёй магчымасьць...

(Бурцава: ) “Па-першае – трымацца ў форме, потым, я думаю, што гэта – выдатны спосаб пазбавіцца стрэсу, адключыцца ад працоўных праблемаў. У нямецкай мове ёсьць нават спэцыяльны выраз для гэтага – знайсьці балянс пасьля працоўнага дня”.

Сярод мноства фітнэс-клюбаў Ляна знайшла той, які найбольш адпавядае яе патрабаваньням як з пункту гледжаньня аплаты, так і з пункту гледжаньня трэнэрскага калектыву.

(Бурцава: ) “Я хаджу ў клюб, дзе аплата вядзецца памесячна – прыкладна 50 эўра. Там вельмі прыстойна, ідзе кантроль з боку трэнэраў, яны дапамагаюць распрацаваць праграму, нешта раяць”

Для аўстрыйцаў, зрэшты, як і для шмат каго з жыхароў іншых эўрапейскіх краінаў...

(Бурцава: ) “Хадзіць у фітнэс – гэта вельмі папулярны занятак, узімку шмат людзей катаюцца на лыжах, на сноўбордах, улетку – на роварах або на роліках – гэта вельмі разьвіта тут”.

Аўстрыя імкнецца стварыць максымальна спрыяльныя ўмовы для таго, каб людзі маглі займацца спортам. Ляна гаворыць, што гэты клопат праяўляецца, напрыклад, у стварэньні спэцыяльных роварных сьцежак.

(Бурцава: ) “Адмысловыя такія дарожкі побач з асноўнай дарогай для машын. Ёсьць, канечне, адмысловыя месцы, дзе катацца можна, напрыклад, 20-кілямэтровая выспа на Дунаі – гэта вельмі папулярнае месца адпачынку ў аўстрыйцаў”.

Супрацоўнікі кампаніі, у якой працуе Ляна, таксама даволі актыўна займаюцца спортам:

(Бурцава: ) “Так. Бегаюць, асабліва наш “біг бос” гэтым займаецца. Ён бегае з раніцы а шостай, перад працай”.

***

Дасюль трымаецца стэрэатып маладога чалавека-інтэлектуала, які выглядае фізычна слабым і пра такія “прыземленыя” рэчы, як фізычнае здароўе ані дбае.

Ці насамрэч студэнты, якія добра вучацца і сапраўды імкнуцца атрымаць добрую адукацыю, а ня толькі дыплём і досьвед вясёлага студэнцкага жыцьця, пра здароўе не клапоцяцца? Далей – Тацьцяна Поклад зь Вільні.

Гэтымі днямі ў Вільні можна было пабачыць адначасова розных студэнтаў-гуманітарыяў зь Беларусі, якім давялося жыць, вучыцца і, нярэдка, адначасова працаваць у розных краінах далёка ад дому. Гэта студэнты і выпускнікі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, якія апынуліся ў выгнаньні. Яны перайшлі вучыцца ў іншыя навучальныя ўстановы, і працягвалі вучобу паводле праграмаў ЭГУ дыстанцыйна – фактычна, працавалі ўдвая больш за звычайных студэнтаў. Але змарнелымі яны не выглядалі – хаця, пэўна, натуральна, што адчуваецца стома. Ці дбаюць яны пра сваё здароўе, ці маюць у тым патрэбу? Вось жа знаёмцеся – адзін з выпускнікоў “унівэрсытэту ў выгнаньні”, Андрэй Філатаў.

(Філатаў: ) “Я апошні студэнт філязофіі. Я асьпірант, асьпірант унівэрсытэту ў выгнаньні.”

Тэма ягонай навуковай працы – “Касмапалітычная ідэнтычнасьць у кантэксьце беларускага памежжа.” Андрэй распавёў, што разам з дэканам філязофскага факультэту яны ўжо пачалі працаваць тут у Літве ў справе каардынацыі іх дзеяньняў з працай філязофскага факультэту Віленскага ўнівэрсытэту.

(Філатаў: ) “Яны ідуць нам насустрач і абяцаюць усялякую дапамогу ў тым, каб падрыхтаваць нашыя праграмы, узгодніць іх тут да адкрыцьця ўнівэрсытэту.”

Пакуль Андрэю даводзіцца займацца арганізацыйнай працай, але ёсьць і пляны выкладаць.

(Філатаў: ) “Спадзяюся, вядома. Я працую ў галінах сацыяльнай філязофіі і глябалізацыі, і з праблематыкай ідэнтычнасьці, нацыянальнай саматоеснасьці. Зараз гэта цікава, і я спадзяюся, што гэта будзе таксама цікава і новым студэнтам. Іх, я думаю, у нас будзе шмат, таму што мы прапануем беларускую адукацыю эўрапейскага ўзроўню для беларусаў.”

Андрэй кажа, што апошнім часам працы ў яго было насамрэч шмат, да таго ж працы арганізацыйнай, папяровай, – такая праца асабліва стамляе, як вядома кожнаму, хто зь ёй сутыкаўся. Цяпер ён вырашыў пачаць карыстацца роварам. Сучасныя беларускія студэнты за мяжой, як выглядае, пэўным чынам нават падаюць адно адному прыклад – займацца спортам дзеля здароўя, выстаяць у новых умовах пры напружанай вучобе і працы, што дае падтрымку і фізычную, і духоўную.

(Філатаў: ) “ “Я працую таксама і як адміністратар сайту “СЕГУН”, а гэта той самы сайт, які працуе са студэнтамі ЭГУ, якія разьехаліся. І я магу сказаць, што студэнты, якія зараз у розных краінах, яны досыць добра апякуюцца сваім здароўем. Я ведаю, што шмат маіх сяброў нават заняліся бегам трушком... Калі прыяжджаеш за мяжу, то робіцца, з аднога боку, і менш часу, але зь іншага боку – больш, і таму яны гэты час аддаюць фізычнай падрыхтоўцы. Гэта адбівае і думкі пра настальгію. Спорт дзеля гэтага вельмі добра надаецца. Наш курс у свой час славіўся вельмі вялікай нагрузкай, шмат курсаў было, але ж я ня бачыў людзей, якіх бы гэта зламіла. Мы былі ўсе больш ці менш спартовыя, у нас была выдатная футбольная каманда. Я не думаю, што гэта так ужо складана – вучобу сумяшчаць са здаровым ладам жыцьця.”

Пытаюся пра “здаровы лад жыцьця” яшчэ аднога студэнта са значна большым досьведам вучобы ў іншай краіне – Вадзім Вілейта заканчвае навучаньне ў Інстытуце міжнародных дачыненьняў і палітычных навук пры Віленскім унівэрсытэце.

(В. Вілейта: ) “Так, я даю рады свайму здароўю, можа гэта ня дужа патрыятычна, можа нават і эгаістычна, але я паставіў сабе задачу пры ўсіх сваіх дзейнасьцях, пры ўсіх навучальных працэсах ня згубіць здароўя пры гэтым. Я за гэта ўдзячны сваім бацькам, яны вучылі мяне не забывацца на здароўе пры працы і вучобе. Таму я паставіў сабе задачу, што я патрэбны людзям, можа і Беларусі спатрэблюся, спадзяюся, як здаровы, а ня хворы чалавек. Я хаджу ў спартыўны клюб, трэніруюся, я хаджу ў басэйн. Плюс, люблю часам пагуляць у баскетбол, а ўзімку бегаю на лыжах – рэгулярна.”

***

Ёсьць прафэсіі, пра якія адразу можна сказаць, што яны – шкодныя для здароўя. Напрыклад, праца ў хімічнай або мэталюргічнай прамысловасьці. Прафэсія рэпарцёр, як вядома небясьпечная, штогод дзясяткі журналістаў гінуць у гарачых кропках. Але нават у самыя мірныя часы прафэсія рэпарцёра патрабуе добрага фізычнага здароўя, таму што... Паслухайма карэспандэнта расейскага тэлекампаніі РТР Віктара Дзятліковіча.

(Дзятліковіч: ) “Калі ты працуеш у Беларусі, дык, канечне, гэта ня вельмі цяжка. Калі ты працуеш у Расеі, і калі ты па спэцыфіцы сваёй працы мусіш вельмі часта выяжджаць у выпраўкі, дык канечне, вельмі часта трапляеш у сытуацыю, калі ты на гэтым тыдні працуеш у Маскв, потым ты ляціш у Казахстан, потым – на Далёкі Ўсход. І, канечне, калі казаць пра часавыя паясы, дык аказваесься ў такіх умовах, што сёньня плюс тры, потым – мінус пяць і гэтак далей”.

Віктар гаворыць, што паступова ён прызвычаіўся да такога рытму жыцьця, але на пачатку было вельмі цяжка.

(Дзятліковіч: ) “Я паляцеў ува Ўладзівасток, і ў параўнаньні зь мясцовым маскоўскім часам розьніца ў часе была ці то 7, ці то 8 гадзінаў... Я прыяжджаю ў гатэль, спрабую заснуць, але атрымліваецца так, што ўва Ўладзівастоку ўжо другая гадзіна начы, у Маскве толькі 6 гадзінаў вечара, арганізм ня ў стане ўспрыняць такую розьніцу. Я спусьціўся ў бар у гатэлі, сядзеў там чатыры гадзіны, блізу 7 гадзіны раніцы па мясцовым часе я ўсё ж такі пайшоў у нумар і нейкім чынам заснуў. Праспаў дзьве ці тры гадзіны, мяне абудзілі, сказалі. што трэба працаваць”.

Гэты выпадак шмат чаму Віктара навучыў. Цяпер, калі ён ведае, што наперадзе выпраўка ў далёкі горад, ён загадзя пачынае рыхтавацца да новага рэжыму дня – намагаецца зьмяніць свой распарадак дня, наколькі гэты дазваляе праца, раней або пазьней засынаць і прачынацца. Аднак, пры гэтых падарожжах мяняецца ня толькі час. Мяняюцца і кліматычныя ўмовы. Сёньня пад паўднёвым сонейкам, а праз колькі дзён трапляеш у паўночны сьнег.

(Дзятліковіч: ) “Дзякуй Богу, існуе інтэрнэт. І перад тым, як ляцець у Якуцію, ты глядзіш, якая там тэмпэратура, якое там надвор’е.”

І ўсё роўна без праблемаў не абыходзіцца:

(Дзятліковіч: ) “Усё гэта адбіваецца на тым, наколькі вялікая валізка ў цябе, нават не адна, а дзьве ці тры. Адная з апошніх маіх выправак была, калі я ляцеў з Масквы, у Маскве было плюс 15, а я ляцеў на Таймыр, там было мінус 20, я прыходзіў у аэрапорт ў нейкіх сланцах, але ў мяне з сабой было тры вялікія валізкі, каб, прыехаўшы на Таймыр, адразу ў самалёце проста пераапрануцца”.

Натуральна, пры такім рытме жыцьця добрае фізычнае здароўе – гэта папросту аснова, безь якой нармальная праца немагчымая.

(Дзятліковіч: ) “ “На здароўі гэта, канечне ж, адбіваецца, таму што калі ты можаш падрыхтаваць неабходныя рэчы, дык псыхалягічна ты ўсё адно ня можаш перабудавацца з плюс 15 на мінус 20. І я ведаю шмат людзей, якія так ляталі, і я сам неаднаразова так патрапляў, што ў іншым надвор’і ты ня можаш перарабіць сябе, і канечне хваробы пачынаюцца”.

***

Лекарка Вольга Юрчанка зь Віцебску цяпер працуе ў праскай клініцы "Матол" і мае сваю прыватную практыку. Пераважная большасьць яе кліентаў прыехала ў Чэхію з рэспублікаў былога СССР.

(Юрчанка: ) “Тыя людзі, якія любяць жыцьцё, якіх радуе жыцьцё, пасьпяховыя людзі болей думаюць аб прафіляктыцы. Да мяне вельмі часта прыходзяць пацыенты ня ў тым цяжкім стане, каб была патрэбная неадкладная дапамога. У асноўным, гэта людзі сярэдняга ўзросту, у гэтым узросьце звычайна або пачынаюцца нейкія захворваньні, або людзі папросту пачынаюць думаць аб сваім здароўі”.

Вольга заўважае, што сёньняшнія пацыенты звычайна вельмі добра інфармаваныя і да стану свайго здароўя ставяцца ўважліва.

(Юрчанка: ) “Яны зьвяртаюцца да лекара, як толькі зьяўляюцца нейкія невялікія праблемы. Людзі інфармаваныя, інтэрнэт разьвіты, яны чытаюць пра гэта, дбаюць пра сваё здароўе, часта хочуць менавіта прафіляктычных мерапрыемстваў, напрыклад, ішэмічнай хваробы сэрца або гіпэртанічнай хваробы – гэтак званых хваробаў века. І таму часьцяком яны прыходзяць папросту параіцца”.

Як ні дзіўна, захаваць добрае здароўе дапамагаюць вельмі простыя правілы – займайся спортам, абмяжуй сябе ў ежы, адмоўся ад шкодных звычак.

(Юрчанка: ) “Хваробы века – гэта анкалягічныя захворваньні, хваробы сэрца, высокі ціск. І шмат хто з пацыентаў прыходзіць да нас, таму што маюць звышвагу або злоўжываюць алькаголем і тытунём. Даўно вядома, што гэта шкодна, але часам карысна гэта паўтарыць. Дарэчы, да такіх, здаецца, звычайных парадаў людзі ставяцца вельмі сур’ёзна. Як толькі ў іх падвышаецца ціск або зьяўляюцца нейкія незразумелыя болі ў сэрцы, людзі пачынаюць задумвацца і вельмі сур’ёзна прыслухоўваюцца да парадаў”.

Пераважная большасьць пацыентаў Вольгі – гэта прадпрымальнікі або бізнэсоўцы, гаспадары кампаніяў. Калі ўсё ж такі давядзецца ім захварэць, дык бальнічных яны звычайна нават і не патрабуюць.

(Юрчанка: ) “Таму што яны фактычна працуюць на сябе, або яны настолькі зацікаўленыя ў тым, каб ня страціць працу, што яны думаюць толькі пра тое, каб як мага хутчэй стаць здаровым або ўвогуле не хварэць. Я ўжо нават і ня згадаць такі выпадак, каб да мяне на прыём прыйшоў нехта, хто б хацеў хварэць як мага болей і не хадзіць на працу”.

"На што быць пасьпяховым, калі вы згубіце здароўе і не пасьпееце атрымаць асалоду ад усяго таго, што прынёс вам посьпех?" – пытаецца амэрыканскі пісьменьнік Браян Трэйсі і раіць – не адкладайце рашэньне ўшчыльную заняцца сваім здароўем, пачніце літаральна сёньня з таго, што адмовіцеся хаця б ад адной шкоднай звычкі. Зрабіце гэта рашуча! Пра рашучасьць, як неад’емную частку посьпеху – у наступнай праграме цыклю “Беларусы за мяжой”.

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG