Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму міністар адукацыі баіцца палітычнай актыўнасьці моладзі?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 10 чэрвеня). Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: дырэктар незарэгістраванага Беларускага гуманітарнага ліцэю Ўладзімер Колас і былая старшыня Рады Задзіночаньня беларускіх студэнтаў Вольга Кузьміч.

(Валер Карбалевіч: ) “Перасьлед студэнтаў і навучэнцаў у сыстэме адукацыі за палітычную дзейнасьць даўно ўжо стаў у Беларусі звыклай зьявай. Толькі ў пачатку гэтага тыдня закончылася галадоўка ў Жодзіна і іншых гарадах дзесяцёх маладых людзей, якіх выключаюць з навучальных установаў. Яны патрабавалі спыніць палітычна матываваны перасьлед ва ўстановах адукацыі. Кіраўнікі навучальных установаў без усялякага пісьмовага загаду змагаліся з палітычным вальнадумствам.

І вось цяпер зьявіўся загад міністра адукацыі Радзькова “Аб мерах дзеля недапушчэньня спробаў уцягваньня навучэнцаў і студэнтаў у супрацьпраўную дзейнасьць палітычнага кшталту”. У чым прычына зьяўленьня такога дакумэнта? Чым ён выкліканы? Навошта ён спатрэбіўся, калі, здаецца, і да гэтага часу асноўныя патрабаваньні, якія выкладзеныя ў загадзе, выконваліся ў навучальных установах?”

(Уладзімер Колас: ) “Сапраўды, з аднаго боку, вядома, што студэнцтва ў нас знаходзіцца, за невялікім выключэньнем, у цалкам кантраляваным стане. Яно падпарадкавана рэктарату, дэканату. Існуюць вядомыя рычагі ўплыву на студэнтаў. Гэта і акадэмічныя сродкі, такія, як экзамэны, інтэрнат, стыпэндыя. З дапамогай такіх інструмэнтаў студэнцтва трымаецца ў залежным стане яшчэ з савецкага часу. Усё гэта выкарыстоўваецца ўладамі. І гэта спрацавала падчас рэфэрэндуму і выбараў у Палату прадстаўнікоў восеньню мінулага году. Студэнцтва было загнанае на гэтыя выбарчыя ўчасткі, на датэрміновае галасаваньне. У прынцыпе, мэта ўладаў была дасягнутая. Студэнты ў прынцыпе ня выказалі ніякага пратэсту.

Напэўна, гэты загад выкліканы сапраўднымі вынікамі студэнцкага галасаваньня, якое ўсё ж такі вядомае адпаведным органам, скажам так. І таму спрацаваў страх той групоўкі, якая трымае ўладу, каб гэтую ўладу ня страціць. Яна лічыць, што таго стану, у якім трымаюць студэнтаў цяпер, недастаткова”.

(Вольга Кузьміч: ) “Гэты загад зьявіўся не выпадкова. Гэта ня першы дакумэнт такога кшталту. Летась выйшаў загад №283, паводле якога адміністрацыі навучальных установаў мусілі кантраляваць дзейнасьць студэнтаў і іхнае жыцьцё. Зьяўленьне гэтага загаду сьведчыць пра тое, што не заўсёды ў нашых уладаў атрымліваецца так, як яны хочуць. Гэта чарговы крок, каб запужаць студэнтаў.

Прычыны зьяўленьня гэтага загаду можна ўбачыць у яго зьмесьце. Міністар даволі падрабязна патлумачыў, чым гэта выклікана. Найперш, у дакумэнце тлумачыцца, што ў хуткім часе адбудуцца выбары. Таму трэба не дапусьціць распаўсюду ў навучальных установах інфармацыі пра апазыцыйныя палітычныя сілы. Падчас рэфэрэндуму студэнтаў сапраўды заганялі на выбарчыя ўчасткі. Але, відавочна, што студэнтаў баяцца. Ва ўсіх краінах студэнцтва — гэта значная сіла. І калі яна разгорнецца, то спыніць яе немагчыма.

Беларускія ўлады ацанілі роль студэнцтва ва ўкраінскай аранжавай рэвалюцыі, таму вырашылі, што студэнтаў трэба больш кантраляваць, заціскаць. У загадзе тлумачыцца, што студэнтаў трэба выхоўваць праз прадмет “Правы чалавека”, “Асновы права” і іншае. Прычым, ставіцца мэта запужаць ня толькі студэнтаў, але і выкладчыкаў, якія мусяць несьці пэрсанальную адказнасьць за тое, што робіцца ў навучальных установах. Вядома, што ёсьць шмат студэнтаў, якія супраць цяперашняй беларускай ўлады. Пра гэта сьведчаць і галадоўка жодзінскіх навучэнцаў, і канфлікт на журфаку БДУ.

Цяпер улады ня маюць юрыдычных магчымасьцяў, каб выключаць моладзь з установаў адукацыі. Бо, паводле інструкцыі Міністэрства адукацыі, ёсьць толькі шэсьць прычынаў дзеля выключэньня студэнтаў. І сярод іх няма такой прычыны, як непадтрыманьне цяперашняй улады і Лукашэнкі. Таму, калі строга прытрымлівацца літары закону, сёньня студэнта немагчыма выключыць з палітычных матываў.

Гэта магчыма толькі ў БДУ і Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце. Таму што іхныя статуты падпісваў Лукашэнка. І там ёсьць пункт, што студэнтаў можна выключаць за ўдзел у несанкцыяваных акцыях. І таму гэты загад дае юрыдычныя падставы для выключэньня непажаданых студэнтаў і навучэнцаў з адукацыйных установаў, разьвязвае рукі іх кіраўніцтву”.

(Карбалевіч: ) “У дакумэнце згадваюцца такія небясьпечныя, на меркаваньне міністра адукацыі, зьявы ў навучальных установах, як прапаганда апазыцыйна настроенымі навучэнцамі і студэнтамі сваіх поглядаў сярод аднагодкаў, “крытыканства”. Пастаўленая задача забясьпечыць кантроль над нагляднай агітацыяй, Інтэрнэтам у навучальных установах, правядзеньне службовага расьсьледаваньня выпадкаў удзелу навучэнцаў і студэнтаў у несанкцыянаваных ацыях. Паколькі санкцыянаваных апазыцыйных акцыяў цяпер практычна няма і, гледзячы па ўсім, не прадбачыцца, то гэта азначае фактычную забарону ўвогуле на апазыцыйную дзейнасьць моладзі, якая вучыцца. Якую прававую ацэнку можна даць гэтаму дакумэнту? Як ён стасуецца з Канстытуцыяй, дакумэнтамі ў справе абароны правоў чалавека, якія беларуская дзяржава абавязалася выконваць?”

(Колас: ) “Увогуле, усё, што цяпер робіцца ўладамі ў дачыненьні да іншадумства, знаходзіцца па-за прававым полем, па-за Канстытуцыяй, якая гарантуе грамадзянам Беларусі свабоду поглядаў, сумленьня, слова, СМІ, права на правядзеньне сходаў, мітынгаў, утварэньня грамадзкіх арганізацыяў, партыяў, рухаў і іншага. Але ў рэальнасьці ўсё гэта немагчыма, бо ўлады перашкаджаюць. І мэта гэтых перашкодаў відавочная. Людзі, якія стаяць ва ўладе, выкарыстоўваюць незаконныя сродкі, сілу дзеля ўтрыманьня ўлады. І згаданы загад — яскравае сьведчаньне гэтай тэзы.

Мы пастаўленыя ў сытуацыю такога біблейскага выбару паміж дабром і злом, сумленьнем і пакараньнем, якое пагражае таму, хто жыве па сумленьні і выбірае праўду. Гэта вельмі цяжкі выбар, але ён паўстае цяпер перад кожным. Гэты загад патыхае духам мінулага, сталіншчыны, сталінскіх рэпрэсіяў. Гэты дух усё яшчэ прысутнічае ў нашым грамадзтве, ён ня выветрыўся”.

(Кузьміч: ) “Я ня бачу ніякай прававой асновы ў гэтым дакумэнце. Хачу зьвярнуць увагу, што адрозьненьне гэтага дакумэнта ад іншых яшчэ ў тым, што тут улады імкнуцца націснуць ня толькі на студэнтаў, але і на выкладчыкаў, адміністрацыю навучальных установаў. На іх накладаецца адказнасьць за сытуацыю ў студэнцкім асяродзьдзі, кантроль за ім. А сярод выкладчыкаў шмат нармальных, прыстойных, сьвядомых людзей, якія ня хочуць працаваць на гэтую сыстэму. Безумоўна, гэта не адпавядае ні нашым законам, ні тым дакумэнтам, якія ратыфікавала нашая дзяржава”.

(Карбалевіч: ) “Якія наступствы можа мець гэты загад? Як ён паўплывае на актыўнасьць моладзі, якая вучыцца, падчас будучых прэзыдэнцкіх выбараў?”

(Колас: ) “Усё будзе залежаць ад моладзі, ад яе загартаванасьці, сумленнасьці, сьвядомасьці. Загад вельмі трапна націскае на пэўныя клявішы чалавечай істоты. Ёсьць у чалавека такія якасьцьі, як схільнасьць да канфармізму, прыстасаванства. Асабліва ў маладым узросьце хочацца і добра апрануцца, мець сродкі, каб жыць прыгожа, атрымаць іншыя радасьці жыцьця. І ўсё гэта можна атрымаць, калі ты будзеш, як усе, ня будзеш паўставаць, будзеш на тым баку, хто цкуе. Гэта вялікая спакуса. Не зусім папулярная цяпер ахвярнасьць. Але выбар неабходны. Я веру ў тое, што ўсё ж такі большасьць нашай моладзі — людзі і сумленныя, і мужныя”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, загад міністра адуцкацыі Радзькова цалкам адпавядае палітыцы ўладаў, якія працуюць дзеля зачышчэньня грамадзкай прасторы ад усялякага іншадумства. І асноўная стаўка робіцца на запалохваньне, рэпрэсіі, а не на перакананьне нязгодных. Іншая справа, ці дасьць гэта тое, што трэба ўладам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG