Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Верзьці грушы на вярбе


Валянцін Бойка, Мазыр Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

За часам Старажытнага Рыму лаціняне, пачуўшы чыюсьці балбатню, маглі глыбакадумна зазначыць: quidquid in buccam venerit, stultus loquitur (дурны гаворыць усё, што прыйдзе да галавы). Ня ведаю, ці разглядалі гэтае выслоўе як абразу гонару і годнасьці, або як простую канстатацыю факту. Таксама не магу дакладна сказаць, якую суму ў рымскіх сэстэрцыях меў адсудзіць пакрыўджаны прамоўца. Адрозна ад рымлянаў, беларус, пачуўшы, як нехта гаворыць поўную бязглузьдзіцу, махнуў бы рукою ды падсумаваў: вярзе грушы на вярбе.

Верзьці (вярзьці) грушы на вярбе – расказваць пра тое, чаго няма і быць ня можа. Сапраўды, ці ж растуць на вярбе грушы? Як ня дзіўна, але часам растуць. Паслухаеш, што вакол гавораць, дык, аказваецца, там грушы на вярбе сасьпелі, а там бульба на бярозе закаласавала. Дзесьці коткі лятаюць, а недзе й жабу ў плуг запрагаюць. Бо, як той казаў, дурняў ня сеюць, ня жнуць, а самі раджаюцца.

Пустая мельница без ветра мелет – характарызуе баюна расейская прымаўка. А немец, глынуўшы піва, задуменна дадасьць: reden wie ihm der Schnabel gewachsen ist (апавядае, як у яго вырасла дзюба).

Шчасьлівы народ – беларусы. Там бульба можа не ўрадзіць, там збожжа дажджом намочыць, затое штодня квітнеюць навокал райскія сады. І ўсё грушы на вярбе. Густа-густа. Ажно гольле долу хіліцца ад цяжару. Ды толькі ніяк не сасьпеюць. А мы ўсё чакаем. Як у народзе кажуць, ждалі, ждалі, дый усе жданкі паелі.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG