Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 чэрвеня з друкарні ў Нясьвіжы выходзіць першая кніга Сымона Буднага


RFE/RL Каляндар Свабоды – 10 чэрвеня. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 10 чэрвеня.

10 чэрвеня 1562 году з друкарні ў Нясьвіжы выходзіць першая кніга беларускага асьветніка Сымона Буднага “Катэхізыс”. Каму даводзілася бываць на цэнтральным нясьвіскім пляцы, той абавязкова памятае разьмешчаную там статую Буднага з разгорнутай кнігай у руках. Гэта і ёсьць той “Катэхізыс”.

10 чэрвеня 1925 году пастановай Савету народных камісараў БССР Янку Купалу прысвоілі званьне народнага паэта Беларусі ў сувязі з 20-годзьдзем ягонай творчай дзейнасьці. Купала стаў першым афіцыйна прызнаным народным паэтам.

Сярод тых, хто сёньня адзначае свой дзень народзінаў – Вячаслаў Кебіч, першы прэм’ер-міністар незалежнай Рэспублікі Беларусі. Між іншым, паводле спэцыяльнасьці спадар Кебіч – станкабудаўнік і нават мае званьне заслужанага машынабудаўніка Беларусі. А нарадзіўся ён у 1936 годзе.

10 чэрвеня 1933 году нарадзілася Алена Ткачук, беларуская архітэктарка, якая нейкі час была галоўнай мастачкай Менску. Менчукі ведаюць яе асноўныя працы – гэта будынак Інстытуту народнай гаспадаркі, тэатар музычнай камэдыі, а таксама рэстаран “Журавінка”, які цяпер капітальна перабудаваны і ператвораны ў цэлы комплекс офісаў і рэстаранаў.

Колькі словаў пра каляндар заўтрашняе суботы.

11 чэрвеня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Хвядосься. Як казалі ў народзе, “Хвядосься-каласяніца – жыта каласіцца”, гэта значыць, на збажыне зьяўляюцца каласкі. Жыта два тыдні зелянее, два тыдні каласіцца, два адцьвітае, два наліваецца, два падсыхае. Такі ў хлеба парадак высьпяваньня – усе стадыі па два тыдні.

11 чэрвеня 1718 году прыйшла на сьвет Саламея Пільштынова, у дзявоцтве Русецкая. Імя гэтай пісьменьніцы часта згадваюць сучасныя беларускія фэміністкі, бачачы ў ёй сваю далёкую папярэдніцу. Бурлівая і багатая на прыгоды біяграфія гэтай жанчыны сапраўды захапляе. Саламея нарадзілася ў Наваградчыне, а ўжо ў 14 гадоў патрапіла разам з мужам у Стамбул. Вывучылася на лекарку і, вярнуўшыся, мела мэдычную практыку ў Нясьвіжы. Вынікам яе падарожжаў сталася кніга “Авантуры майго жыцьця”, якую часьцяком называюць раманам.

11 чэрвеня 1923 году выйшла ў сьвет паэма Якуба Коласа “Новая зямля” – прызнаны нацыянальны эпас беларусаў. Паэма пачынаецца вядомымі кожнаму радкамі “Мой родны кут, як ты мне мілы” і распавядае пра пошукі сялянамі сваёй долі, што ўвасобілася ва ўласнай зямлі.
XS
SM
MD
LG