Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне магілёўскіх студэнтаў: “Ці можна адлічаць з навучальнай установы за ўдзел у мітынгу?”


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Стала вядома пра загад міністра адукацыі “Пра захады дзеля недапушчэньня спробаў уцягваньня навучэнцаў і студэнтаў у супрацьпраўную дзейнасьць палітычнага кшталту”. Гэты загад прадугледжвае адлічэньне студэнтаў з навучальных установаў за ўдзел у акцыях пратэсту. Як ставяцца да гэтага загаду самі студэнты? Наша карэспандэнтка ў Магілёве запыталася пра гэта ў маладых людзей, якія навучаюцца ў Беларуска-расейскім ўнівэрсытэце.

(Карэспандэнтка: ) “Загадамі Міністэрства адукацыі студэнтаў, якія ўдзельнічаюць у акцыях пратэсту, дазволена адлічаць з навучальных установаў. Як вы да гэтага ставіцеся?”

(Спадар: ) “Вельмі адмоўна. Чаму? Таму што чалавек павінен мець права выказаць сваё меркаваньне. Я лічу, што ўлада вядзе няправільную прапаганду”.

(Спадар: ) “Нэгатыўна стаўлюся, канечне ж. Я мяркую, што кожны чалавек мае права выбару”.

(Спадар: ) “У прынцыпе, я лічу, што гэта асаблівага дачыненьня да вучобы ня мае. Ня трэба з-за гэтага ламаць чалавеку жыцьцё”.

(Спадар: ) “Ну як гэта — калі чалавеку трэба выказаць сваё меркаваньне? Я лічу, што гэта адмоўны момант”.

(Спадар: ) “Проста ўзяць і адлічыць ні за што? Сур’ёзнае пытаньне. Проста выказаць сваё нейкае слова кожны мае права. Усё ж такі ў дэмакратычнай краіне жывём”.

(Спадарыня: ) “Супраць катэгарычна. У кожнага сваё меркаваньне — так у людзей павінна быць. Не павінна дзяржава ў гэта ўмешвацца”.

(Спадарыня: ) “Не, гэта дрэнна, натуральна. Я з гэтым ня згодна ўвогуле. Я лічу, што гэтага ня маюць права рабіць папросту. Тое, што вучань выйшаў мітынгаваць супраць чагосьці, то яго трэба адлічыць — не, я лічу, што не”.

(Спадар: ) “Супраць. Таму што ў кожнага чалавека павінна быць сваё меркаваньне, і ўсё. Ён можа гэта сказаць, чаму б і не?”

(Спадарыня: ) “Адмоўна, таму што ўсе павінны мець права на свабоду слова. Калі не памыляюся, то ў Канстытуцыі ў нас прапісана права на свабоду слова. Сама я не бяру ўдзелу, таму што я адношуся да актыўных студэнтаў, але ў прынцыпе я лічу, што кожны павінен мець права выказацца”.

(Спадар: ) “Як выкладчык? Я сумняваюся наконт адказу. На мой погляд, не павінен уплываць на адлічэньне ўдзел у рознага кшталту страйках”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што гэта няправільна. Таму што якое дачыненьне маюць акцыі пратэсту да вучобы ў інстытуце? Я вось так мяркую”.

(Спадар: ) “Адмоўна, кожны мае права выказаць сваё меркаваньне”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што гэтага не павінна быць, бо студэнты — гэта людзі, яны хочуць выказаць пратэст, і могуць гэта рабіць. Павінна быць свабода слова, не павінна быць цэнзуры”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG