Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сталічнае тэлебачаньне” пацясьніла тэлеканал “Россия” на беларускіх экранах


Ігар Карней, Менск Беларускія гледачы тэлеканалу “Россия” зьвярнулі ўвагу, што на экране побач з эмблемай каналу ў выглядзе расейскага “трыкалёру” зьявілася выява дзяржаўнага сьцягу Беларусі. А ўвечары замест анансаваных расейскіх перадачаў пачала выходзіць аналітычная праграма, падрыхтаваная менскімі тэлежурналістамі. Хто ініцыяваў выцясьненьне расейскага дзяржаўнага тэлеканалу?

Былы супрацоўнік Беларускага тэлебачаньня Леанід Міндлін згадвае, што яшчэ раней ад каналу “Россия” адрэзалі рэгіянальных гледачоў, а на вызваленае месца ўключылі канал “Лад”.

(Міндлін: ) “Кнопку каналу “Россия” аддалі СТВ. Штовечар там цяпер ідзе праграма “Экспэрт”, паціху перакрываюць некаторыя праграмы расейскага каналу. І калі была забаўляльная праграма “Зорны дыліжанс”, яны самі ў рэкляме казалі: глядзіце праграму на канале СТВ і “Россия”. І зьяўленьне эмблемы ў выглядзе беларускага сьцяжка зьвязана з тым, што яны на гэтай кнопцы “сядзяць”. Ідэя прыблізна такая ж, як у выпадку з ОНТ: будуць расейскі канал перакрываць і забіраць пад свае перадачы”.

Кіраўнік “Сталічнага тэлебачаньня” Аляксандар Зімоўскі яшчэ напярэдадні леташняга рэфэрэндуму быў пастаўлены за прыклад іншым сваім калегам. Аляксандар Лукашэнка ў часе візыту на БТ заявіў: СТВ разьвіваецца так шпарка, што яму ўжо цесна ў межах сталіцы. Пасьля таго, як нядаўна Зімоўскага прызначылі ў Савет Рэспублікі, у яго стала больш магчымасьцяў пашырыць уплыў падначаленага каналу. Сёньня на СТВ мне пацьвердзілі, што “Сталічнае тэлебачаньне” паступова “прапісваецца” і на галоўным дзяржаўным расейскім канале.

(Супрацоўніца СТВ: ) “Так, мы вяшчаем і на тэлеканале “Россия”. У нас ёсьць правы на паказ на канале “Россия”.

(Карэспандэнт: ) “Ці можна казаць, што прадукцыі СТВ на канале “Россия” будзе ўсё больш?”

(Супрацоўніца СТВ: ) “Можа быць…”

Апошнія гады канал “Россия” досыць крытычна ставіўся да цяперашняга беларускага кіраўніцтва. У прыватнасьці, аналітычныя перадачы журналіста Мікалая Сванідзэ — адны з самых рэзкіх у дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі на расейскім тэлебачаньні. А летась МЗС Беларусі не працягнуў акрэдытацыю журналістам карэспандэнцкага пункту каналу “Россия” за неаб’ектыўнае, з гледзішча беларускага боку, асьвятленьне акцыяў беларускай апазыцыі.

Між тым, у прэсавым цэнтры каналу “Россия” мне сказалі, што ідэя сумеснага вяшчаньня, сапраўды, абмяркоўвалася.

(Супрацоўніца прэс-цэнтру: ) “Абвяшчалася пра сумеснае вяшчаньне, пра сумесны праект. І калі прымалася рашэньне, то, відавочна, яно законнае. Зрэшты, такая практыка існуе ня толькі ў вас у Менску. Падобнае ёсьць таксама ва Ўкраіне”.

На гэты момант па-за ўплывам беларускіх тэлевізійнікаў застаецца толькі канал НТВ. Аднак, як апавялі крыніцы ў блізкіх да дзяржаўнага тэлебачаньня колах, ужо ёсьць ідэя стварэньня тэлерэдакцыі, якая ў недалёкай пэрспэктыве часткова ці цалкам перакрые і НТВ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG