Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які лёс чакае эўрапейскую валюту?


Юры Дракахруст, Прага Пытаньне, што будзе з Эўразьвязам пасьля францускага і галяндзкага рэфэрэндумаў, мае адно цалкам практычнае вымярэньне – што будзе з эўрапейскай валютай эўра. Пасьля адмовы французаў і галяндцаў падтрымаць Эўрапейскую Канстытуцыю курс эўра адносна даляру зьнізіўся да найніжэйшага ўзроўню за апошнія 8 месяцаў. У Італіі і Нямеччыне загучалі заклікі вярнуцца да нацыянальных валютаў – ліры і маркі. З аглядам некаторых публікацыяў замежнага друку, прысьвечаным лёсу эўра, вас азнаёміць наш карэспандэнт.

Брытанская "Times" паведамляе, што ў сетцы італьянскіх супэрмаркетаў сталі прымаць да аплаты разам з эўра старыя забытыя ліры. Італьянскія газэты друкуюць фота прадаўцаў, якія радасна трымаюць плякаты з надпісам “Ліра, зь вяртаньнем”. “Можа, гэта і проста рэклямны трук гандляроў – піша "Times" – але ўлады Эўразьвязу перасьцерагаюцца, што гэта можа быць знакам будучыні”.

Вынікі францускага і галяндзкага рэфэрэндумаў ажывілі старыя праблемы Зьвязу. Літаральна адразу пасьля гэтых галасаваньняў міністар аховы здароўя Італіі Рабэрта Мароні заявіў, што Італія павінна вярнуцца да “старой добрай ліры”. Пазьней Мароні падтрымаў калега па кабінету міністар юстыцыі Рабэрта Кастэлі. Старшыня Цэнтральнага банку Эўропы Жан-Клёд Трышэ назваў падобныя заявы «глупымі».

Як адзначае ўплывовы брытанскі часопіс "Economist" цяпер спадар Трышэ безумоўна мае рацыю – эўразона не дэманструе прыкметаў распаду, новыя краіны-сябры не адмаўляюцца ад ідэі ў хуткім часе перайсьці на адзіную эўрапейскую валюту. Аднак паводле часопісу гэтыя заявы ўжо нельга адхіляць як простую недарэчнасьць.

"Times" адзначае, што канурэнтаздольнасьць італьянскай эканомікі адносна Нямеччыны зьнізілася пасьля ўвядзеньня эўра на чвэрць. Апошнія паўгода Італія перажывае эканамічны спад. Шмат людзей у Італіі і ня толькі ў ёй, абвінавачваюць эўра ў росьце цэнаў. Паводле сацыялягічных апытаньняў, ня менш як дзьве траціны італьянцаў у той ці іншай ступені не задаволеныя эўра, а прыблізна кожны чацьверты хоча вяртаньня ліры.

Няпэўнасьць і сумневы датычна эўра існуюць і ў “лякаматыве” эўрапейскай эканомікі – Нямеччыне. Брытанскі часопіс "Economist" прыводзіць дадзеныя апытаньня, зробленага на замову нямецкага часопісу "Stern", паводле якога 56% немцаў хацелі б вяртаньня нямецкай маркі. Гэтую ідэю пачынаюць абмяркоўваць у колах нямецкіх палітыкаў і эканамістаў.

"Economist" піша, што калі адзіная валюта ўводзілася, меркавалася, што гэта падштурхне краіны-сябры Зьвязу да рэформаў, каб зрабіць свае эканомікі больш канкурэнтаздольнымі. Аднак галоўныя краіны Зьвязу – Нямеччына, Францыя і Італія – апошнія гады супраціўляліся гэтай неабходнасьці.

“Калі ўрады краінаў эўразоны хочуць аднавіць веру ў эўра, як і ў больш шырокі эўрапейскі праект, яны павінны знайсьці ў сабе мужнасьць ісьці курсам эканамічных рэформаў – піша журналіст "Economist" і дадае – "калі ж гэтага не адбудзецца, эўра сапраўды чакае крызыс, таму рэформы значна больш важныя для будучыні Эўразьвязу, чым любыя жарсьці вакол Канстытуцыі".
XS
SM
MD
LG