Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Хэкер: “Беларусы атрымаюць сёлета, як і летась, ня меней за 100 тысячаў нямецкіх візаў”


Алена Струвэ, Менск Летнія чэргі па візы ў нямецкі кансулят у Менску налічваюць сотні людзей. Беларуская тэлевізія тлумачыць сытуацыю зьняважлівым стаўленьнем нямецкага боку да беларускіх грамадзянаў. Кіраўнік нямецкай дыпляматычнай місіі доктар Марцін Хэкер ня згодны з падобнай ацэнкай сытуацыі і называе прысьвечаны гэтай тэме сюжэт дзяржаўнага тэлебачаньня прагандысцкім. Нямецкі амбасадар спадзяецца, што сёлета, як летась, беларускім грамадзянам будзе выдадзена ня меней за 100 тысяч візаў. Прычым, трэцяя частка зь іх бясплатная.

Наша карэспандэнтка перадае пра сёньняшнюю прэсавую канфэрэнцыю нямецкага амбасадара.

Як вынікае зь сюжэту нацыянальнай тэлевізіі ад 5 чэрвеня, беларускія грамадзяне мусяць праводзіць ля кансуляту пяць дзён запар. Калі гэта не менчукі, а прыежджыя, то яны вымушаныя начаваць на гэтае тэрыторыі. Немцы, паводле беларускага тэлеканалу, таксама не паклапаціліся ні пра адпаведныя пад’язныя шляхі, ні пра паркоўкі, ні пра прыбіральні.

Адказваючы на крытыку БТ, супрацоўнікі амбасады ў часе сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі адзначылі, што пад’язныя шляхі ўскладненыя нечаканым для немцаў будаўніцтвам жылога дому непасрэдна побач з будынкам кансуляту і што гэтыя будаўнічыя працы маюць пэўную небясьпеку як для супрацоўнікаў амбасады, так і для беларускіх грамадзянаў. Было агучана, што нямецкі бок ня мае права будаваць прыбіральні ў Менску на тэрыторыі па-за межамі амбасады, што ўвогуле ў сюжэце БТ гучалі выказваньні ананімных сьведкаў: замест іхных твараў аўтары паказвалі неба.

Паводле спадара Марціна Хэкера, журналісты, якія рыхтавалі сюжэт, не імкнуліся да дыялёгу з амбасадай ФРН і яе супрацоўнікамі.

(Хэкер: ) “Для мяне відавочна, што беларускаму тэлебачаньню лепш было б правесьці з намі дыялёг, чым рабіць такую прапагандысцкую перадачу. Падобныя падыходы толькі ўмацоўваюць меркаваньні, як і якім чынам разнастаіць аднабаковае інфармацыйнае асьвятленьне незалежным вяшчаньнем для грамадзянаў Беларусі праз спадарожнік ці праз інтэрнэт. Мы ў Эўразьвязе шукаем партнэрства з вамі. Мы мусім адказваць на пытаньні ў тых выпадках, калі беларускія грамадзяне хочуць атрымаць інфармацыю”.

У зьвязку з сытуацыяй вакол чэргаў ля кансуляту нямецкі амбасадар, як і ягоныя калегі — кіраўнікі дыпмісіяў Францыі і Італіі — былі ўчора запрошаныя на размову ў беларускае МЗС.

(Хэкер: ) “У часе размовы са спадаром Герасіменкам я сказаў, што мы вельмі рады таму, што беларускі бок выказвае такую зацікаўленасьць у пытаньні паездак беларускіх грамадзянаў у краіны Эўразьвязу і таксама ў такім пытаньні, як трэба ставіцца да грамадзянаў Беларусі. Выклікае шкадаваньне, што беларускі бок абапіраецца на выказваньні ананімных сьведкаў і не спытаўся ў нас пра нашую пазыцыю. Я рады, што Нямеччына і Эўразьвяз зьяўляюцца прывабнымі для беларусаў”.

Паводле спадара амбасадара Хэкера, пэўная напружанасьць зь візамі выкліканая ў тым ліку і ўзрослай колькасьцю фальшывых запрашэньняў і іншых дакумэнтаў, якія апошнім часам падаюцца беларускімі грамадзянамі. З гэтае нагоды ў кансулят на працу ў Менск запрошаны зь Нямеччыны адмысловы экспэрт у гэтым пытаньні.

Спадар Хэкер спадзяецца на далейшую актывізацыю кантактаў паміж беларусамі і немцамі “Аднак калі на 10 тысяч беларусаў, якія едуць у Нямеччыну, прыходзіцца толькі 4 тысячы немцаў, якія едуць у Беларусь, я думаю, што беларускі бок таксама мусіць думаць наконт таго, як зрабіць сваю краіну больш прывабнай”, — перакананы нямецкі дыплямат.
XS
SM
MD
LG