Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекары са сьледчага ізалятару лічаць стан здароўя С.Скрабца “здавальняючым”


Уладзімер Глод, Менск Адзін з актывістаў беларускай апазыцыі, кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Сяргей Скрабец 27-мы дзень трымае галадоўку ў Берасьцейскім сьледчым ізалятары.

Сяргей Скрабец па-ранейшаму п’е толькі ваду і трымае галадоўку. Апошні тыдзень яго штодня наведвае лекар Берасьцейскага сьледчага ізалятару: ён мерае вязьню крывяны ціск і тэмпэратуру. А 10 чэрвеня экс-дэпутата аглядалі і іншыя лекары з ізалятару. Яны вызначылі стан здароўя Сяргея Скрабца як “здавальняючы” і лічаць, што нейкія тэрміновыя мэдычныя дзеяньні адносна яго на сёньняшні дзень не патрэбныя. Пра гэта мне паведаміў малодшы брат Сяргея Скрабца —Аляксандар:

(Скрабец: ) “Даведку я паглядзеў, ён (адвакат Хоміч) мне яе паказаў: маўляў, паглядзіце, што лекары зрабілі, яны напісалі, што ён добра пачуваецца. Сяргей жа больш за 25 дзён галадае, а яны пішуць, што ён сябе добра адчувае”.

Нашая размова адбылася ўжо пасьля таго, як з Аляксандра сёньня зьнялі падпіску пра нявыезд. 10 чэрвеня яго выклікаў берасьцейскі сьледчы Андрэй Ліванаў, які вядзе справу Сяргея Скрабца. Малодшы брат праходзіў у ёй як суўдзельнік і абвінавачваўся паводле тых жа самых артыкулаў Крымінальнага кодэксу — падрыхтоўка да злачынства і хабарніцтва. Ён прысутнічаў пры размове, якую вёў Сяргей Скрабец з тымі людзьмі, якія пасьля паведамілі, што Сяргей прапаноўваў ім хабар. Праз тыдзень пасьля затрыманьня экс-дэпутата яго малодшы брат быў на тры дні арыштаваны, знаходзіўся ў Берасьцейскім сьледчым ізалятары, даваў паказаньні. Пасьля гэтага быў адпушчаны пад падпіску пра нявыезд.

Аляксандар Скрабец сказаў, што прапанаваў сьледчаму замяніць старэйшага брата ў зьняволеньні, каб Сяргея адпусьцілі паправіць здароўе:

(Скрабец: ) “Калі адзін з братоў павінен сядзець у турме, дык, можа, пакуль выпусьцім Сяргея Мікалаевіча? Але сьледчы кажа што такое не прадугледжана”.

Адвакат Сяргея Скрабца Міхаіл Хоміч мяркуе, што пасьля такога заключэньня мэдычнай камісіі зьмяніць меру стрыманьня экс-дэпутату будзе цяжэй. Паводле яго, адпаведнае хадайніцтва сёньня не прайшло ўсіх этапаў ўзгадненьня:

(Хоміч: ) “У выходныя дні гэта нерэальна. Яно будзе канчаткова разгледжана ў панядзелак”.

Сяргей Скрабец у Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня ўзначальваў дэпутацкую групу “Рэспубліка”. Летам 2004 году ён удзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Летась у кастрычніку ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай пра палітычны прытулак, аднак атрымаў адмоўны адказ. Сёлета ў красавіку Беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт, у якім сьцьвярджалася, што спэцслужбы затрымалі кур’ера, які вёз зь Вільні 200 тысяч даляраў — нібыта для фінансаваньня палітычнай дзейнасьці Сяргея Скрабца.
XS
SM
MD
LG