Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скандал у Саюзе палякаў – дзяржаўная друкарня выпусьціла "фальшывы" нумар газэты “Głos znad Niemna”


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня выйшаў 19-ы нумар газэты Саюзу палякаў Беларусі “Głos znad Niemna”. У самім Саюзе, аднак, лічаць гэта правакацыяй з боку ўладаў, паколькі абласная друкарня адмовілася браць да друку новы нумар “Głosa”, падрыхтаваны рэдакцыяй, але выпусьціла іншую газэту, у якой нават не ўказаны рэдактар, што зьяўляецца парушэньнем Закону аб друку.

Газэта “Głos znad Niemna” зьявілася сёньня ў гарадзенскіх шапіках да 12-ці гадзінаў. Апытаныя кіяскёры адказалі карэспандэнту, што ім далі па адным-два асобнікі. Нумар падпісаны “рэдакцыйнай калегіяй”, наклад пазначаны — 5500 асобнікаў.

Меркаваньне галоўнага рэдактара Анджэя Пісальніка:

(Пісальнік: ) “Тое, што сёньня ў кіёсках зьявіўся “Głos znad Niemna”, гэта —правакацыя, гэта трэба сказаць адназначна. Таму што ані Саюз палякаў Беларусі, ані рэдакцыя “Głos znad Niemna” ня маюць ніякага дачыненьня да гэтага нумару!”

Анджэй Пісальнік паведаміў дырэктару абласной друкарні Пятру Мітрафанаву, а таксама ў пракуратуру, што, на ягоную думку, было парушана заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі. Ён таксама зрабіў захады, каб спыніць распаўсюд газэты.

Тое, што газэта надрукавана ў дзяржаўнай друкарні, сьведчыць, што гэта зроблена з дазволу ўладаў, мяркуе спадар Пісальнік.

Паводле яго, яшчэ заўчора дырэктар друкарні яму гаварыў, што ніякага іншага “Głos znad Niemna” ніхто не рыхтуе. Дарэчы, сёньняшні нумар, які трапіў у шапікі, падпісаны да друку яшчэ 7 чэрвеня — у аўторак.

(Пісальнік: ) “Але сёньня аказалася, што яны надрукавалі і нават перадалі ў экспэдыцыю гэтую газэту. І тут такая яшчэ дэталь: у экспэдыцыі “Белпошты” і “Саюздруку” нам скардзяцца, што газэта паступіла да іх без накладных. Гэта яшчэ раз пацьвярджае, што тут нейкая правакацыя і злачынства, як я мяркую, крымінальнае. Але ацэнку гэтаму дасьць пракуратура”.

У сёньняшнім нумары “Głos znad Niemna” пазначана, што выдаўцом зьяўляецца Грамадзкае аб’яднаньне “Саюз палякаў Беларусі”. Але намесьнік старшыні Саюзу Юзаф Пажэцкі зазначае, што нумар выйшаў нелегальна, бяз згоды кіраўніцтва СПБ і зьяўляецца правакацыяй супраць Саюзу палякаў.

Былы рэдактар “Głos znad Niemna” Анджэй Дубікоўскі сказаў мне, што ня мае дачыненьня да сёньняшняга нумару газэты і нават яшчэ ня бачыў яго. А былы старшыня Саюзу палякаў Тадэвуш Кручкоўскі, пачуўшы пытаньне аб газэце, адмовіўся размаўляць.



На здымку: галоўны рэдактар “Głosa znad Niemna” Анджэй Пісальнік зь “нелегальным” нумарам газэты.

У сёньняшнім нумары газэты “Głos znad Niemna” надрукаваны артыкул Тадэвуша Кручкоўскага з доўгай назвай “Усе нашыя праблемы былі створаны людзьмі і могуць быць разьвязаныя людзьмі” (адносна сытуацыі вакол СПБ), а таксама ягоны ліст да міністра замежных справаў Польшчы Уладзімежа Цімашэвіча, напісаны яшчэ 29 лістапада летась. У гэтым лісьце спадар Кручкоўскі прасіў разабрацца з сытуацыяй, якая паўстала ў дачыненьнях паміж СПБ і тагачасным намесьнікам амбасадара Польшчы ў Менску Марэкам Буцько, які нібыта ўмешваўся ва ўнутраныя справы Саюзу палякаў. У газэце таксама зьмешчаны на расейскай мове рашэньне Мін''юсту РБ аб нелегітымнасьці вынікаў апошняга — 6-га зьезду СПБ і новага кіраўніцтва арганізацыі.

Як вядома, міністэрства юстыцыі абвясьціла, што легітымным зьяўляецца старое кіраўніцтва СПБ на чале з Т.Кручкоўскім, і яно мусіць паўторна правесьці зьезд Саюзу палякаў.
XS
SM
MD
LG