Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскія ўлады не дазволілі правесьці сходу ініцыятыўнай групы, якая спрабуе зладзіць рэфэрэндум аб перайменаваньні вуліц


Валер Каліноўскі, Менск Менскі гарвыканкам не дазволіў правесьці сходу ініцыятыўнай групы, якая зьбіраецца арганізаваць гарадзкі рэфэрэндум наконт вяртаньня ранейшых назваў цэнтральным вуліцам і праспэктам гораду, перайменаваным у траўні ўказам А.Лукашэнкі. У сувязі з гэтым арганізатары вымушаныя зьмяніць час і фармат сходу. Аднак яны запэўніваюць, што сход усё роўна адбудзецца ў адпаведнасьці з заканадаўствам.

Актывісты грамадзкай кампаніі ў справе рэфэрэндуму зьбіраліся правесьці сход ініцыятыўнай групы 13 чэрвеня ў парку 50-годзьдзя Кастрычніка. Гэтыя дата і месца былі пададзеныя ў адпаведнай заяўцы гарадзкім уладам. Аднак Менскі гарвыканкам прыслаў адмоўны адказ, спаслаўшыся на тры фармальныя прычыны: што нібыта заяўка была аформленая няправільна, не была ўказаная мэта сходу і колькасьць яго ўдзельнікаў, а таксама не акрэсьленыя захады дзеля бясьпекі грамадзянаў.

Адзін з кіраўнікоў аргкамітэту ў справе рэфэрэндуму Сяргей Альфер паведаміў, што новая заяўка ў гарвыканкам падавацца ня будзе, і каб не парушаць заканадаўства, сход ініцыятыўнай групы пройдзе ў закрытым памяшканьні.

Адзін з найбольш верагодных варыянтаў — у сядзібе БНФ. Вызначаныя дата і час сходу — 21 чэрвеня ў 19 гадзін. Гэта відавочна зьменшыць колькасьць патэнцыйных удзельнікаў сходу.

Іншы прадстаўнік аргкамітэту Ўладзімер Лабковіч паведаміў, што праекты ўсіх дакумэнтаў, якія будуць разглядацца на паседжаньні ініцыятыўнай групы і якія мяркуецца потым перадаць у гарвыканкам для зацьвярджэньня, падрыхтаваныя.

Тым ня менш, спадар Лабковіч не выключае, што ўлады могуць адмовіць у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы для пачатку збору подпісаў за рэфэрэндум:

(Лабковіч: ) “Гэта рэальная праблема, якая турбуе ўсіх жыхароў гораду Менску. Мы не сустракалі ніводнага чалавека, які быў бы задаволены гэтай сваволяй зь перайменаваньнем вуліцаў. Для нас самае галоўнае, каб у нас атрымалася грамадзкая кампанія і была падтрымка нашых грамадзянаў”.

Уладзімер Лабковіч паведаміў, што да грамадзкай ініцыятывы за вяртаньне ранейшых назваў цэнтральным праспэктам і вуліцам Менску далучаюцца ўсё новыя людзі і структуры. Цяпер яе падтрымлівае болей за дваццаць партыяў і грамадзкіх арганізацыяў ды рухаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG