Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чарнобыльскі ліквідатар з Калінкавічаў Васіль Сіліверст праз галадоўку дамогся перагляду прычынаў сваёй інваліднасьці


Казімер Яноўскі, Калінкавічы Міністэрства аховы здароўя пагадзілася перагледзець гісторыю захворваньняў інваліда-чарнобыльца з Калінкавічаў Васіля Сіліверста. Гэта адбылося пасьля ягонай працяглай галадоўкі і лістоў пратэсту

Першы намесьнік міністра аховы здароўя Віктар Калбанаў пісьмова паведаміў спадару Сіліверсту, што паўторны разгляд ягонай медычнай справы нацыянальным экспэртным саветам адбудзецца пасьля дадатковага дасьледаваньня шчытападобнай залозы ды іншых хворых органаў.

Такая выснова зроблена на падставе аналізу ранейшых мэдычных дакумэнтаў, якія Васіль Сіліверст як афіцэр запасу, удзельнік ліквідацыі Чарнобыльскай катастрофы, падаваў у Цэнтральную вайскова-лекарскую камісію міністэрства абароны, Гомельскі абласны ды Рэспубліканскі міжведамасны экспэртныя саветы.

Гаворыць Васіль Сіліверст:

(Сіліверст:) “Калі яны і надалей будуць працягваць такую бюракратычную валакіту, як да гэтага адпісваліся дзесяць гадоў, у Беларусі будзе галадаваць нашмат больш ліквідатараў і найперш у Гомельскай вобласьці. Чалавек 50 ужо сёньня гатовы прыйсьці мне на дапамогу”.

Спадар Сіліверст аб`явіў галадоўку ў Калінкавічах напярэдадні 26 красавіка і трымаў яе больш як тры тыдні. Ён патрабаваў ад міністэрства аховы здароўя прызнаньня прычыннай сувязі сваіх захворваньняў ды інваліднасьці з удзелам у ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.
XS
SM
MD
LG