Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Месца жыхарства і рызыка захварэць на рак


Кастусь Бандарук, Прага У сёньняшнім выпуску: каля вы жывяце недалёка ад аўтазапраўкі альбо лініі электраперадачы, гэта можа быць небясьпечным для вашага здароўя. Паводле францускіх і брытанскіх навукоўцаў, некаторыя суседзтвы небясьпечныя для нашага здароўя.

Вельмі часта чалавек ня мае магчымасьці выбару жыльля ці месца жыхарства, ня мае ўплыву на тое, ці побач з ягонай хатай не пабудуюць аўтамагістралі, аўтазапраўкі альбо лініі электраперадач. Калі, аднак, магчымасьць выбару месца жыхарства ёсьць, варта ўлічыць найноўшыя вынікі дасьледаваньняў францускіх і брытанскіх навукоўцаў.

Ужо ў 1979 годзе Нэнсі Вэртгаймэр з Унівэрсытэту Калярада выказала думку, што дзеці, якія жывуць непадалёк ад лініяў электраперадач, асабліва падвергнутыя ракавым захворваньням. З таго часу працягваліся безупынныя дэбаты на гэты конт з удзелам саміх хворых, навукоўцаў і палітыкаў, а таксама прадстаўнікоў энэргетыкі. У гэтай дыскусіі найчасьцей згадвалася пра рак крыві - лейкемію.

На лейкемію ў наш час хварэе 1 на 2000 дзяцей да 15 гадоў жыцьця. Хвароба палягае ў тым, што ў касьцявым мозгу назапашваюцца так званыя “бласты”, нясьпелыя клеткі крыві. Яны пранікаюць у кроў і паводзяць сябе, бы зельле ў агародзе: не даюць разьвівацца здаровым клеткам: чырвоным і белым крывяным шарыкам, эрытрацытам і лейкацытам. Першыя зь іх развозяць кісларод па ўсіх органах, а другія - абараняюць арганізм ад інфэкцыйных мікробаў. Разам з крывёю гэтыя паразыты трапляюць у пячонку, ныркі, селязёнку ды іншыя органы.

Сымптомы хваробы - слабасьць, санлівасьць, малакроўе, гарачка, крывацёк з носа і дзяснаў, боль суставаў і цягліцаў. Сучасная хіміятэрапія дазваляе перамагчы хваробу, але прыблізна 20% хворых – паміраюць.

Прычыны хваробы пакуль адназначна не акрэсьленыя. Некаторыя навукоўцы лічаць, што лейкеміі спрыяюць вірусы, прысутнасьць некаторых хімічных рэчываў, у прыватнасьці, бэнзолу, радыяцыя, блізкасьць правадоў лініі электраперадач, а нават спажываньне некаторых прадуктаў такіх як чыпсы і сасіскі.

Група дасьледаваньняў дзіцячага раку Оксфардзкага Ўнівэрсытэту на чале з Джэральдам Дрэпэрам спрабавала высьветліць адну з магчымых прычынаў лейкеміі - падвышаны ўзровень электрамагнэтычнага поля побач зь лініямі электраперадачы. Свае высновы навукоўцы апублікавалі на старонках навуковага часопісу British Medical Journal.

Брытанцы правялі буйнамаштабнае дасьледаваньне з удзелам 29 тысяч хворых дзяцей з Англіі і Валіі ва ўзросьце да 14 гадоў. Усе яны нарадзіліся паміж 1962 і 1995 гадамі. Зь іх ліку 9700 захварэлі на лейкемію, у 6600 дзяцей выяўлена пухліну цэнтральнай нэрвовай сыстэмы, а больш за 12 тысяч дзяцей хварэлі на іншыя віды раку.

Хворых дзяцей навукоўцы параўналі з улікам полу, даты і месца нараджэньня, а таксама месца жыхарства, у прыватнасьці, як далёка яны жылі ад лініі элекраперадач. Ужо ў 2001 годзе Міжнароднае агенцтва барацьбы з ракам залічыла электрамагнітнае поле вакол электрычных правадоў да патэнцыйных прычынаў раку. Аказалася, што ў дзяцей, якія зь дня нараджэньня жылі бліжэй як за 200 мэтраў ад высокавольтнай лініі, рызыка захворваньня на лейкемію была ажно на 70% большая. Пры гэтым вучоныя адзначылі, што 1% брытанцаў жыве менавіта ў такой адлегласьці ад электралініяў. Калі яны жылі за 600 мэтраў і далей ад лініі, рызыка лейкеміі зьмяншалася да 23%. Затое ў выпадку іншых відаў раку, гэта ня мела ўплыву на здароўе дзяцей.

Яшчэ адну з магчымых прычынаў лейкеміі ў дзяцей дасьледавалі францускія вучоныя з Нацыянальнага інстытуту здароўя і мэдычных дасьледаваньняў на чале з Жаклін Клавэл. Яны абсьледавалі 280 дзяцей з буйных гарадоў і прыйшлі да наступнай высновы: у дзяцей, якія жывуць ля аўтазапраўкі альбо рамонтнай майстэрні, рызыка захаварэць на рак павялічваецца ў 4 разы. Чым даўжэй працягваецца гэтае небясьпечнае суседзтва, імавернасьць захварэць на лейкемію павялічваецца штогод на 3%.

У артыкуле, апублікаваным на старонках часопісу Occupational and Environmental Medicine францускія вучоныя мяркуюць, што віноўнікам зьяўляюцца прадукты згараньня бэнзыну-бэнзол. Ужо раней было вядома, што рэчыва, якім насычанае паветра на заводах па вытворчасьці гумы, плястмасаў ды іншых палімэрных вырабаў, выклікае ў рабочых генэтычныя мутацыі, розныя формы раку і расстройства нэрвовай сыстэмы. Дарэчы, яшчэ раней супрацоўнікі Нацыянальнага інстытуту раку ў Мілане выявілі сувязь лейкеміі з пражываньнем ля буйных аўтамагістраляў. Яны прыйшлі да высновы, што сталае ўзьдзеяньне выхлапных газаў падвышае верагоднасьць разьвіцьця лейкеміі ў 4-5 разоў.

Вучоныя пакуль ня лічыць вынікі сваіх дасьледаваньняў канчатковымі, але прапануюць улічыць небясьпеку суседзтва некаторых аб’ектаў для чалавечага здароў’я.
XS
SM
MD
LG