Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валер Леванеўскі працягвае галадоўку, нягледзячы на пагрозы


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня дзесяты дзень, як у Івацэвіцкай калёніі галадуе Валер Леванеўскі, лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў, асуджаны за паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Напярэдадні сям''я Леванеўскага ўпершыню атрымала ад яго лісты, адасланыя пасьля пачатку галадоўкі.

Вязень піша, што працягвае галадаваць і не здымае свайго патрабаваньня адстаўкі кіраўніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Уладзіміра Коўчура, якога ён абвінавачвае ў парушэньні правоў зьняволеных. Таксама Валер Леванеўскі паведамляе, што яму пагражалі сьмерцю, калі ён не спыніць скардзіцца на турэмнае начальства.

Паводле Леванеўскага, такія пагрозы выказваў адзін з асуджаных, які заўважаны ў актыўным супрацоўніцтве з адміністрацыяй калёніі. Валер Леванеўскі запатрабаваў завесьці супраць гэтага чалавека крымінальную справу за пагрозу.

У Івацэвіцкай пракуратуры карэспандэнту Радыё Свабода адказалі, што “трымаюць на кантролі сытуацыю з Валерам Леванеўскім”. Пры гэтым супрацоўнік пракуратуры прызнаў, што не сустракаўся зь вязьнем за час ягонай галадоўкі і адмовіўся назваць сябе.

Нагадаем, Валер Леванеўскі быў асуджаны на 2 гады зьняволеньня , зь якіх адбыў у калёніі ужо больш за год . Вязень разьлічваў на амністыю, аднак ёсьць верагоднасьць, што яму адмовяць ў датэрміновым вызваленьні нібыта з-за парушэньняў дысцыпліны.
XS
SM
MD
LG