Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня будзе вырашацца лёс чэкавай прыватызацыі ў Беларусі.


Юлія Шарова, Менск Палата прадстаўнікоў мае разгледзіць зьмены ў закон “Пра імянныя прыватызацыйныя чэкі”. Гаворка вядзецца пра тое, каб адмяніць грашовую кампэнсацыю для грамадзянаў, што не пасьпелі абмяняць свае чэкі “Маёмасьць” на акцыі прадпрыемстваў. Такое рашэньне прапануе ўрад, але многія заканадаўцы прытрымліваюцца іншага погляду.

Чэкавая прыватызацыя ў Беларусі пачалася ў 1994 годзе – тады грамадзяне краіны здолелі атрымаць чэкі “Маёмасьць”, прыраўнаваныя да каштоўных папераў, якія можна было абменьваць на акцыі прадпрыемстваў. Прыватызацыя была разьлічаная на пяць год, але ў 1999 годзе ўрад падоўжыў яе тэрміны, бо пераважная большасьць трымальнікаў чэкаў не сьпяшалася мяняць іх на акцыі. Закон “Пра імянныя прыватызацыйныя чэкі” абяцаў грашовую кампэнсацыю за нескарыстаныя ў тэрмін паперы, але цяпер яе хочуць адмяніць. Згодна з урадавай пастановай, чэкавая прыватызацыя павінна скончыцца 31 сьнежня 2005 году. Прыкладна 2,5 мільёны беларусаў чэкі “Маёмасьць” не скарысталі. Калі зьмены ў закон прымуць, яны застануцца без дывідэндаў і грашовай кампэнсацыі.

Інфармацыйныя агенцыі днямі распаўсюдзілі заяву намесьніка старшыні парлямэнцкай камісіі жыльлёвай палітыкі, будаўніцтва, гандлю й прыватызацыі Галіны Палянскай, якая лічыць, што адмяняць кампэнсацыю за чэкі “Маёмасьць” ня варта. Чыноўнікі ж даводзяць адваротнае, хоць і называюць сытуацыі неадназначнай. Напрыклад, дырэктар Гомельскага абласнога тэрытарыяльнага фонду дзяржмаёмасьці Віктар Хадзько, называе беларускую чэкавую прыватызацыю лятарэяй. У кожным выпадку нехта будзе пакрыўджаны, і нехта прайграе.

(Хадзько:) “Праз паўгода, калі будзе адмененая чэкавая прыватызацыя, гэтыя людзі, якія абмянялі іх на акцыі, могуць сказаць: што ж вы зрабілі? Мы на акцыі чэкі абмянялі, па акцыях дывідэндаў няма. Калі будзе выплачаная кампэнсацыя, дык скажуць: глядзіце, нехта прыехаў тут з фонду, пхнуў нам нейкія акцыі, па якіх няма дывідэндаў, дык лепей мы б іх не абменьвалі, а хоць па гэтых чэках атрымалі кампэнсацыю. Таму сытуацыя неадназначная”.

Экспэрымэнт з чэкавай прыватызацыяй усё ж варта скончыць, лічыць спадар Хадзько. На сёньняшні дзень, тлумачыць ён, у Беларусі няма паўнавартаснага рынку каштоўных папераў. А прыватызуюцца пераважна праблемныя прадпрыемствы, акцыі якіх не прыносяць сур’ёзных дывідэндаў, таму ўладальнікі акцыяў ня шмат выйгралі.

Эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць, што беларускі ўрад канчаткова вырашыў адмяніць кампэнсацыю за нявыкарыстаныя чэкі “Маёмасьць” і правядзе адпаведны закон праз парлямэнт.

(Раманчук:) Тры мільярды даляраў, якія паводле ацэнак каштуюць тыя чэкі, гэта тыя грошы, якіх, безумоўна, у бюджэце няма. А спрабаваць нейкую апэрацыю абмену чэкаў на акцыі таксама ўрад не гатовы. Лукашэнка таксама казаў, што буйныя й добрыя прадпрыемствы за чэкі ніхто прадаваць ня будзе, будуць прадаваць толькі за грошы. Таму я лічу, што палата прыме той варыянт, які прапануе ўрад.
XS
SM
MD
LG