Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмены у правілы дарожнага руху “абмяркуе” народ


Ігар Карней, Менск Аляксандар Лукашэнка ініцыяваў “усенароднае абмеркаваньне” праекту новых правілаў дарожнага руху. Спачатку праект будзе надрукаваны ў газэце “СБ. Беларусь сегодня”, а потым прапановы чытачоў прэзыдэнцкай газэты будзе зьбіраць непасрэдна адміністрацыя Лукашэнкі. Некаторыя адмыслоўцы ў гэтым зьвязку лічаць, што вынясеньне на агульнае абмеркаваньне такой нязначнай падзеі мае на мэце перанесьці ў цень куды больш важную дыскусію адносна перайменаваньня сталічных праспэктаў, што распачалі прадстаўнікі дэмакратычных рухаў.

Неабходнасьць падобных захадаў напярэдадні патлумачыла намесьніца кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Пяткевіч. Паводле Пяткевіч, многія нормы дзейных правілаў аджылі сваё. Апроч таго, старыя правілы ня ўлічваюць рэаліі сёньняшняга дня: карыстаньне за рулём мабільнымі тэлефонамі, рух з уключанымі ліхтарамі ды іншыя.

Нагадаю, што рэвізію правілаў дарожнага руху летась у лістападзе ініцыяваў асабіста Аляксандр Лукашэнка. Выступаючы перад дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, Лукашэнка раптам абурыўся: маўляў, на вуліцы сонца сьвеціць, а “бедных кіроўцаў” ДАІ прымушае езьдзіць з уключанымі фарамі. Гэта было сказана 17 лістапада, а ўжо 19-га зьмены ў правілы былі ўнесеныя прэзыдэнцкім указам. Дзяржаўныя СМІ адразу ж падхапілі, што патрабаваньні руху з уключанымі ліхтарамі і дагэтуль выклікала абурэньне і неразуменьне як у кіроўцаў, так і ў мінакоў. Аднак, прыкладам, Алег Маркевіч, які ў канцы 90-х заснаваў Асацыяцыю ўладальнікаў і кіроўцаў аўтатранспарту, лічыць, што неабходнасьць зьменаў правілаў дарожнага руху цалкам надуманая.

(Маркевіч: ) “Не выпадае першай асобе дзяржавы займацца нават ня другараднымі, а нейкімі “пяціраднымі” праблемамі. Беларусь заўсёды была адметная дысцыплінай кіроўцаў, бо самі беларусы славяцца сваёй памяркоўнасьцю і, адпаведна, дысцыплінаванасьцю на дарогах. Тым болей, што аўтатранспарт тут – амаль паўсюдна іншамаркі, добрыя машыны ў параўнаньні зь сярэднімі “Жыгулямі” у Расеі, не магу зразумець: чаму так востра і рэзка паўстала пытаньне зьменаў у правілы дарожнага руху? Як сьведчыць досьвед, усе зьмены ўрэшце робяцца ў бок больш жорсткіх санкцыяў. Нічога добрага ў гэтым сэнсе дзяржава яшчэ не зрабіла, бо дзяржава – гэта апарат гвалту. Яна заўсёды робіць усё дзеля таго, каб “прышчаміць” правы звычайных грамадзянаў”.

Дарэчы, у ДАІ дагэтуль неадназначна ставяцца да зьменаў у правілы дарожнага руху. На патрабаваньні Лукашэнкі супрацоўнікі ДАІ тлумачылі, што карыстаньне ўключанымі ліхтарамі ў зімовы пэрыяд дазволіла зьнізіць дарожна-транспартны траўматызм. Так, колькасьць наездаў на пешаходаў скарацілася на 3%, лабавых сутыкненьняў – на 7%, сутыкненьняў на скрыжаваньнях – на 10%, а колькасьць загіблых у сьветлы час сутак – на 25%. Але да статыстыкі прэзыдэнт застаўся абыякавым. Гэтаксама, як і да досьведу суседніх краінаў – Латвіі, Літвы, Польшчы, Славаччыны, Чэхіі, дзе рух з уключанымі ліхтарамі абавязковы, няведаньне іхных правілаў не вызваляе ад адказнасьці замежных кіроўцаў.

І хоць у кантэксьце прынамсі эўрапейскіх краінаў гэтыя зьмены выглядаюць ня вельмі аргумэнтаванымі, але зьдзіўленьне выклікае нават ня гэта, а тое, што правілы дарожнага руху можна ўсенародна абмяркоўваць. Яны ж зьяўляюцца законам, які фармулююць спэцыялісты. Чаму народ павінен гэта абмяркоўваць?

Назіральнікі адзначаюць, што даўно ў краіне не было масавай дыскусіі ці рэфэрэндуму, а гэта, акрамя рэальнага вырашэньня супярэчлівай праблемы, яшчэ можа быць і спосабам адцягнуць увагу ад нейкіх іншых, ня меней, а то і болей, важных пытаньняў. Прыкладам, палітык і праваабаронца Валеры Шчукін зьвязвае гэта з жаданьнем Лукашэнкі паставіць у цень ужо разгорнутую дэмакратычнымі сіламі дыскусію пра неабходнасьць рэфэрэндуму адносна перайменаваньня прэзыдэнцкім указам сталічных праспэктаў.

(Шчукін: ) “Гэта правакацыя ад пачатку. Сюды, мне падаецца, хочуць падсунуць “дохлага ката”: ня будзе рэфэрэндуму толькі па правілах дарожнага руху, штосьці яшчэ кінуць у якасьці балясту. Што да рэфэрэндуму ў справе перайменаваньня праспэктаў, то тут справа складаная. Нават калі і будзе зарэгістраваная ініцыятыўная група, Менгарвыканкам, які будзе правяраць подпісы, створыць сытуацыю як з Казуліным у “Народнай волі”. Спэцыяльна падкінуць правакатараў, якія падпішуцца, а потым высьветліцца, што нідзе ён не падпісваўся... Абавязкова запатрабуюць подпісы як мінімум 10% ад колькасьці выбарцаў. Гэта значыць – амаль 100 тысячаў подпісаў, як у часе выбараў прэзыдэнта. І каб пры гэтым не было ніводнага парушэньня. А гэта практычна немагчыма”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG