Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Віядрыны прывітала адкрыцьцё ЭГУ ў Вільні


Алена Струвэ, Менск Прафэсарка Гезынэ Шван, вядомая навуковая і грамадзкая дзяячка ды прэзыдэнтка ўнівэрсытэту Віядрына ў Франкфурце-на-Одэры вітае адкрыцьцё Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў выгнаньні, якое адбылося сёньня ў Вільні. Паводле ейных словаў, ЭГУ і ягоныя студэнты маюць добрую рэпутацыю па-за межамі Беларусі. Зь нямецкім прафэсарам Гезінэ Шван гутарыла наша карэспандэнтка.

Пасьля закрыцьця беларускімі ўладамі менскага Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту прэзыдэнт Віядрыны адной зь першых у Нямеччыне заявіла пра сваю гатовасьць прыняць на вучобу былых студэнтаў ЭГУ. З таго часу прайшоў год. Зараз 37 менскіх студэнтаў рыхтуюцца да выпускных іспытаў. Наколькі задаволеная гэтай моладзьдзю прафэсура ў Віядрыне.

(Шван: ) “Тыя студэнты з ЭГУ, якія ўжо год вучацца ў Віядрыне, вельмі здольныя, добра падрыхтаваныя. Можна толькі радавацца, што ў нас займаецца такая разумная моладзь, і адначасна сумаваць, што гэтыя юнакі і дзяўчаты ня могуць знайсьці сябе духоўна, выкарыстаць свае веды ў сваёй уласнай краіне. Гэта было б так цудоўна для іх радзімы. Магу сказаць, што я толькі раз была ў Беларусі – у 2000 годзе, ў рамках каапэрацыі зь менскім Эўрапейскім ўнівэрсытэтам – але зыходзячы з таго досьведу, які мае наш партнэрскі ўнівэрсытэт, усё, што адбываецца ў краіне адпавядае майму ўяўленьню пра дыктатуру. Беларусь, бадай, апошні эўрапейскі бастыён неправавой і дыктатарскай ўлады. Абсалютна відавочна, што ЭГУ быў сьвядома зачынены Лукашэнкам з-за ягоны празаходні дух. Аднак я ўпэўненая, што здольную моладзь нельга караць тым, каб яна жыла ў недэмакратычнай сыстэме”.

Паводле спадарыні прафэсара Шван, за апошні год навучаньня беларускіх студэнтаў у Віядрыне, у франкфурцкім унівэрсытэце зьявілася сваё беларускае лобі. Як прыклад таму, сёньняшняе сьвята Віядрыны – “Белыя ночы на Одэры”, прысьвечанае Віцебску і Беларусі.

(Шван: ) “ Я вельмі радая таму, што робіць адзін з арганізатараў імпрэзы прафэсар Шлёбэль. Акрамя выкладчыкаў у нас вельмі актыўная нямецкая студэнцкая група, якая сымпатызуе Беларусі – не яе палітычнай сыстэме, але самой краіне. Гэтыя нямецкія студэнты таксама клапоцяцца пра сваіх сябраў з ЭГУ – тых, хто заканчвае сваю вучобу ў Віядрыне альбо зьбіраецца працягваць вучобу далей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG