Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Менскі АМОН разагнаў акцыю пратэсту супраць перайменаваньня праспэкта Скарыны (абноўлены)


Альгерд Невяроўскі, Менск Актывісты моладзевай арганізацыі партыі БНФ, а таксама ініцыятываў “Вока” і “Час” арганізавалі сёньня ўвечары ў Менску каля станцыі мэтро “Акадэмія навук” акцыю супраць перайменаваньня праспэкта Скарыны. Акцыя працягвалася 15 хвілінаў. Пасьля аддзел амонаўцаў выштурхаў яе ўдзельнікаў на аддаленыя вуліцы гораду.

Арганізатары акцыі спачатку плянавалі правесьці яе каля менскага цырку. Але ў прызначаны час там ужо стаялі аўтобусы, поўныя міліцыянтаў. Таму было вырашана правесьці яе каля Акадэміі навук.

Маладыя хлопцы й дзяўчаты расьцягнуліся ланцугом на рагу каля станцыі мэтро з шыльдамі “праспэкт Францішка Скарыны” ў руках. Некаторыя ўдзельнікі акцыі раздавалі людзям улёткі з інфармацыяй пра перайменаваньне галоўнага менскага праспэкту, а таксама партрэты беларускага першадрукара.

Людзі рэагавалі даволі прыхільна і хацелі паставіць свой подпіс у падтрымку мясцовага рэфэрэндуму ў гэтай справе:

(Спадарыня: ) “Я лічу, што Францішак Скарына для Беларусі зрабіў вельмі шмат. І галоўная вуліца сталіцы павінна называцца імем паважанага чалавека. А тыя назвы, якія прапануюць для перайменаваньня, праспэкт Незалежнасьці – гэта таксама вельмі добра, але гэта нейкая безыменная назва”.

(Хлопец: ) “Абсалютна супраць. Па-першае, будуць вялікія затраты, а па-другое, народ прызвычаіўся ўжо да роднай назвы”.

Адзін з арганізатараў акцыі, актывіст моладзевай арганізацыі партыі БНФ Франак Вячорка лічыць, што такія інфармацыйныя акцыі вельмі карысныя:

(Вячорка: ) “На сёньняшні дзень гэта самае важнае – інфармацыйныя акцыі. Бо зьяўляецца вельмі шмат прыхільнікаў, якія гатовыя дапамагчы і маюць на гэта нават ня просту сілу рук, а могуць дапамагчы й матэрыяльна. Але ім раней не было куды зьвяртацца”.

Вось, што сказала ўдзельніца акцыі Антаніна Гулько:

(Гулько: ) “Гэта для нас вельмі важнае пытаньне – назвы нашых вуліцў. І калі іх зьмяняюць незразумела па якіх прычынах – гэта выклікае ў нас абурэньне. І мы хочам захаваць нашую гісторыю, наш любімы горад такім, якім мы яго ведаем”.

Тым часам на месцы правядзеньня акцыі зьявіўся аддзел АМОНу, які пачаў выштурхоўваць моладзь з праспэкту Скарыны на вуліцу Сурганава за Батанічны сад.

Франак Вячорка так пракамэнтаваў дзеяньні ўладаў:

(Вячорка: ) “Яны проста выводзяць нас далей ад цэнтру. Гэта проста спроба ізаляваць і адлучыць нас ад людзей. Бо самае асноўнае чаго яны баяцца – гэта кантакту зь людзьмі”.

Амонаўцы загналі ўдзельнікаў акцыі ў мікрараён Сьляпянка дзе ўсіх адпусьцілі.
XS
SM
MD
LG