Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускія памежнікі неадэкватна рэагуюць на прозьвішчы апазыцыйных палітыкаў?


Ігар Карней, Менск Сёньня беларускія памежнікі амаль пяць гадзінаў пратрымалі на мяжы аўтамабіль старшыні Менскай гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Ігара Шынкарыка, якім ехалі ў адзін зь літоўскіх санаторыяў сваякі беларускіх палітыкаў. Як паведамілі ў офісе АГП, машыну Шынкарыка літаральна разабралі на часткі, аднак да “кампрамату” былі аднесеныя толькі некалькі асобнікаў улётак “Пяць крокаў да лепшага жыцьця”.

Сёньня на аздараўленьне ў Літву выправіўся цэлы шэраг апазыцыйных актывістаў і іх сваякоў: адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Анатоль Шумчанка, жонка Міколы Статкевіча Тацяна, жонка Юрыя Хадыкі Валянціна, маці Вячаслава Сіўчыка Галіна, старшыня Менскай гарадзкой арганізацыі АГП Ігар Шынкарык і актывістка АГП з Бабруйску Ірына Качан.

Паездку арганізавала Аб’яднаная грамадзянская партыя і “Праваабарончы Альянс”. Як паведамілі ў офісе АГП, сваякоў вядомых палітыкаў затрымалі на беларускім участку мяжы амаль на пяць гадзінаў.

У дачыненьні да ўсіх іх была ўжытая працэдура асабістага дагляду. Цягам усяго часу памежнікі тэлефанавалі вышэйшаму начальству па далейшыя ўказаньні. Да таго ж, як распавёў намесьнік старшыні АГП Аляксандар Дабравольскі, машыну старшыні Менскай гарадзкой арганізацыі АГП Ігара Шынкарыка ў пошуках кампрамату разабралі “літаральна на часткі”.

Праўда, у выніку мытнікі знайшлі толькі некалькі ўлётак. Гаворыць Аляксандар Дабравольскі:

(Дабравольскі: ) “Нядаўна іх усё ж прапусьцілі. Знайшлі ў багажніку машыны тры нейкія ўлёткі. Але тут справа ў прозьвішчах: Хадыка, Статкевіч, Сіўчык, Шынкарык. Усё зразумела…”.

У тым, што прычынай падвышанай увагі да людзей, якія ехалі ў Літву на аздараўленьне, ёсьць іхныя прозьвішчы, не сумняецца практычна ніхто.

Разам з тым, у АГП кажуць: людзі, якія асабліва мелі патрэбу ў псыхалягічнай і фізычнай рэабілітацыі, насамрэч ужо атрымалі немалую дозу адмоўных эмоцый пасьля сустрэчы зь беларускімі памежнікамі.
XS
SM
MD
LG