Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэтэран Радыё Свабода, выбітны паэт-эмігрант Рыгор Крушына выдадзены ў “Беларускім кнігазборы”


Валянціна Аксак, Менск Том выбраных твораў Рыгора Крушыны зьявіўся ў недзяржаўным выдавецтве “Беларускі кнігазбор”. Гэта першае выданьне спадчыны паэта на радзіме, які, ратуючыся ад перасьледу сталінскіх карных органаў, змушаны быў шэсьцьдзесят гадоў таму пакінуць Беларусь.

Тэматычны плян-каталёг 200-тамовага незалежнага праекту “Беларускі кнігазбор” уключае і выданьне выбраных твораў тых беларускіх літаратараў, якія з розных прычынаў апынуліся за межамі радзімы. Кніга Рыгора Крушыны — другая з гэтага сьпісу (першым быў зборнік Натальлі Арсеньневай).

Гаворыць укладальнік і аўтар прадмовы да тому Рыгора Крушыны Міхась Скобла:

(Скобла: ) “Ён быў адным з самых прыкметных паэтаў на эміграцыі, аўтарам васьмі кніг, што выходзілі ў розны час у Нямеччыне, у Рыме, у Нью-Ёрку. У зборніку “Сны і мары” паэт паказаў сябе сапраўдным паэтам-віртуозам, стварыўшы першыя беларускія вершы туюгі, сэкстыны, канцоны, вілянэлі, паліндромы. У згаданым зборніку 86 вершаў і амаль у кожным — маленькае адкрыцьцё. Так што праігнараваць Рыгора Крушыну “Беларускі кнігазбор” папросту ня мог”.

Рыгора Крушыну дасьледчыкі называюць паэтам дыянісійскага таленту, прыхільнікам Эрасу. Аднак у яго шмат і грамадзянскай лірыкі. Ён нарадзіўся на Случчыне, зусім юным у 1925 годзе праходзіў па судовай справе за сяброўства ў студэнцкім гуртку, мэтай якога была адбудова вольнай і незалежнай Беларусі. Незалежніцкія матывы гучаць у ягонай лірыцы ваеннага і паваеннага часу.

У 1947 годзе у Нямеччыне выйшаў ягоны зборнік “Лебедзь чорная”, загалоўны верш якога пра вечнае супрацьстаяньне сьвятла і ценю стаўся праграмным:

Лебедзь чорная — Гэта нашае жыцьцё. Ў ноч бяззорную Мы — апалае лісьцё. Адарваныя Ад Палесься мы зусім, Наш каханы край Песьцім песьнямі і сьнім.

Гэты верш, як і многія іншыя, быў запісаны ў Мюнхэне ў студыі Радыё Свабода, дзе Рыгор Крушына пад псэўданімам Кастусь Рамановіч працаваў у 1950—1960-я гады. Захаваў архіў паэта ягоны сын Ігар Казак, дзякуючы рупнасьці якога і выйшаў цяпер том выбраных твораў Рыгора Крушыны на радзіме.

***



На фота з кнігі: Беларуская рэдакцыя “Радыё Свабода”. Мюнхэн, 1957—1958 гг. Сядзяць: Уладзімер Дудзіцкі, Пётра Сыч; стаяць: Уладзімер Цьвірка, Рыгор Крушына, Барбара Вержбаловіч, Янка Запруднік.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG