Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакратычныя актывісты правялі акцыю ў абарону праспэкта Машэрава (фота)


Альгерд Невяроўскі, Менск Некалькі дзясяткаў актывістаў Партыі камуністаў Беларускай, БНФ і Аб’яднанай грамадзянскай партыі арганізавалі ўчора ўвечары на праспэкце Машэрава раздачу менчукам улётак з заклікам паставіць свой подпіс у падтрымку правядзеньня гарадзкога рэфэрэндуму ў справе перайменаваньня цэнтральных менскіх вуліцаў і праспэктаў. Цягам гадзіны было раздадзена каля тысячы улётак. Міліцыянты пагражалі затрыманьнем лідэрам ПКБ і АГП Сяргею Калякіну й Анатолю Лябедзьку.

Актывісты апазыцыйных партыяў групамі па некалькі чалавек расьцягнуліся па праспэкце Машэрава і раздавалі людзям улёткі з заклікам паставіць свае подпісы у падтрымку гарадзкога рэфэрэндуму. Людзі актыўна падыходзілі, бралі ўлёткі й выказвалі сваё стаўленьне да адпаведнага ўказу Аляксандра Лукашэнкі:

(Спадарыня: ) “Адмоўна стаўлюся таму, што праспэкт Машэрава быў ужо даўно. Мне здаецца, што заслужыў Машэраў. Трэба каб застаўся гэты праспэкт”.

(Спадар: ) “Я тут жыву. Я яго паважаў і любіў. Таму, што ён быў у нас прэзыдэнтам”.

(Пэнсіянэр: ) “Гэта подла. Машэраў увайшоў ня толькі ў беларускую гісторыю, але й усяго сьвету”.

Пераважная большасьць людзей, што атрымалі ўлёткі, выказвалі сваю падтрымку ідэі мясцовага рэфэрэндуму.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць, што непасрэдны кантакт зь людзьмі падчас раздачы ўлётак вельмі прадуктыўны:

(Лябедзька: ) “Я думаю, што гэта вельмі важна. Патрэбныя спалучэньні. Стаяць ня толькі з партрэтамі, што прыцягваюць увагу людзей, якія праяжджаюць на аўтамабілі, але й тыя, хто ходзіць па тратуары. Зь імі можна камунікавацьі можна адчуваць іх настроі. Таму такое спалучэньне абсалютна разумнае й прадуктыўнае”.



Тым часам да лідэраў Партыі камуністаў і АГП Сяргея Калякіна і Анатоля Лябедзькі падышоў намесьнік начальніка Цэнтральнай раённай управы міліцыі Ігнатовіч і сказаў, што калі яны ня спыняць раздачу матэрыялаў то будуць затрыманыя. Гаворыць Сяргей Калякін:

(Калякін: ) “Яны баяцца думкі людзей. Таму і спрабуюць абмежаваць правы і свабоды грамадзянаў прадугледжаныя Канстытуцыяй і законамі Рэспублікі Беларусь”.

Міліцыянты аднак не наважыліся затрымаць апазыцыйных лідэраў.

Тым часам, як перадае расейская інфармацыйнае агенцтва “Інтэрфакс”, менчукі фактычна не прызнаюць новых назваў праспэктаў Скарыны й Машэрава, а таксама вуліцаў Ерусалімскай, Варвашэні, Дразда й Старабарысаўскі тракт. Выклікаючы таксоўкі, замаўляўчы на дом тавары ці пішучы лісты, жыхары Менску ў пераважнай большасьці пазначаюць старыя назвы перайменаваных Аляксандрам Лукашэнкам вуліцаў і праспэктаў. Кіраўнікі пошты й таксапаркаў прызнаюцца, што гэта пэўным чынам ускладняе працу іх установаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG