Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭГУ рыхтуецца да інаўгурацыі ў Вільні – прэзыдэнт Літвы прывітаў студэнтаў і выкладчыкаў


Тацяна Поклад, Вільня Сёньня ў Вільні пачалася двухдзённая міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная інаўгурацыі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту (ЭГУ). Унівэрсытэт, зачынены ў Менску беларускімі ўладамі, будзе цяпер працаваць у Літве.

Інаўгурацыйную канфэрэнцыю ладзіць грамадзкая ўстанова "EHU International", якая працягвае дзейнасьць зачыненага ЭГУ ў замежжы. У канфэрэнцыі бяруць удзел кіраўніцтва, супрацоўнікі і студэнты ЭГУ, многіх ВНУ з Літвы і іншых краінаў, прадстаўнікі ўладаў Літвы, прадстаўнікі інстытуцыяў Эўразьвязу, у тым ліку Эўрапарлямэнту, прадстаўнікі краінаў эўрапейскай супольнасьці, – амбасадары многіх эўрапейскіх краінаў у Беларусі і Літве, амбасадар ЗША ў Літве Дональд Мул, прадстаўнікі фонду Сораса і МакАртура, іншых міжнародных грамадзкіх арганізацыяў з усяго сьвету.

Удзельнікаў канфэрэнцыі прывітаў прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус. Ён адзначыў, што праект ЭГУ – рэальная альтэрнатыва рэжыму, які паўстае супраць навучаньня дэмакратычным каштоўнасьцям.

(В.Адамкус: ) "Гэта не выпадкова, што Вільня сталася тым месцам, дзе Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт будзе працягваць сваю місію... Вільня была цэнтрам беларускай культуры, дзе ў розныя пэрыяды гісторыі жылі і дзейнічалі беларускія пісьменьнікі, грамадзкія і дзяржаўныя дзеячы. Францыск Скарына, мысьліўца і навукоўца, які зрабіў вялізарную па значнасьці працу для разьвіцьця беларускай мовы і літаратуры, жыў, працаваў і надрукаваў першую беларускую кнігу ў Вільні ў 16 ст., тагачаснай сталіцы ВКЛ. Сёньня ў Вільні мы сталіся сьведкамі нараджэньня ўнікальнага праекту Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, які аб''ядноўвае грамадзкія арганізацыі, акадэмічныя інстытуцыі, прыватных фондаў, урады краінаў Эўразьвязу і ЗША. Гэта маральны і грамадзянскі абавязак Літвы – дапамагчы нашым суседзям будаваць адкрытае і дэмакратычнае грамадзтва. ЭГУ выконвае вызначальную ролю ва ўзмацненьні духу інтэлектуальнага жыцьця беларусаў."

Сказаў прэзыдэнт Літвы.

Ад імя Эўрапейскай камісіі выступіла Юдыт Гебэтсройтнэр, сябра кабінэту эўракамісара Бэніты Фэрэры-Вальднэр, якая ізноў адзначыла памкненьні Эўракамісіі падтрымліваць разьвіцьцё дэмакратыі і грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.

(Гебэтсройтнэр: ) “ Мы цалкам падтрымліваем Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, дзякуем за яго працу дзеля свабоды беларускай моладзі, і таксама вітаем сьмеласьць студэнтаў унівэрсытэту!”

Літоўскі эўрапарлямантар Раландас Павілёніс сказаў:

(Павілёніс: ) "Суседняя краіна Эўразьвязу ўсё яшчэ знаходзіцца пад дыктатурай. Таму мы заклікалі Эўракамісію і краіны супольнасьці ўзяць прыклад донараў з Эўропы і ЗША і дапамагчы ЭГУ ўсімі магчымымі шляхамі. Гэта будзе рэальны ўнёсак дзеля павялічэньня прасторы свабоды. Гэта будзе вельмі важны крок дзеля таго, каб абрынуліся сьцены дзяржавы-вязьніцы".

Сёньня ў Вільні атрымалі дыплёмы тыя выпускнікі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, якія, працягваючы сваё навучаньне ў ВНУ ў розных краінах, адначасова займаліся паводле дыстанцыйных праграмаў ЭГУ. Амбасадар Францыі ў Рэспубліцы Беларусь, Стэфан Шмялеўскі перадаў узнагароды прафэсарам ЭГУ – Францускія Мэдалі.

На цяперашні момант налічваецца каля 600 студэнтаў ЭГУ зь Беларусі, якія будуць працягваць адукацыю дыстанцыйна і, як плянуецца, неўзабаве будуць мець магчымасьць аўдыторных заняткаў у Вільні, магчыма, у памяшканьні Віленскага ўнівэрсытэту Мікалая Рэмэра.

***

Грамадзкая ўстанова "E.H.U. International" ад восені 2004 году дзейнічае як унівэрсытэт у выгнаньні. Яе асноўная мэта – стварыць у Беларусі і для Беларусі альтэрнатыўную сыстэму вышэйшай адукацыі, вольную ад стандартаў ідэалягізаванай дзяржаўнай адукацыі. Студэнтам будуць прапанаваныя сучасныя адукацыйныя праграмы, якія таксама аб''яднаюць беларускую моладзь, не абыякавую да інтэграцыі Беларусі ў эўрапейскую супольнасьць. Будзе забясьпечвацца прызнаньне навуковых ступеняў, атрыманых у ЭГУ, на міжнародным узроўні. Цяпер распачнецца праца па акрэдытацыі ўнівэрсытэту ў Літве і ліцэнзаваньню праграмаў.

ЭГУ будзе прыймаць найперш і забясьпечваць стыпэндыямі студэнтаў зь Беларусі, хаця ўнівэрсытэт ня будзе закрыты і для ахвотных вучыцца з іншых краінаў. Як распавёў прафэсар Уладзімер Дунаеў, прарэктар ЭГУ, плянуецца і новая праграма “Беларускіх студыяў”.
XS
SM
MD
LG