Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На рынках Гомелю прадаюць не правераныя на радыяцыю лісічкі


Казімер Яноўскі, Гомель Першыя летнія дары лесу, грыбы лісічкі, зьявіліся на рынках Гомелю. Гандляры прадаюць іх без праверкі на радыяцыю. Сытуацыю вывучаў наш карэспандэнт.

На Цэнтральным рынку дзьве жанчыны і дзяўчына гадоў дваццаці прадавалі лісічкі побач з адкрытымі прылаўкамі. Спрабую пагутарыць з прадавачкамі:

(Карэспандэнт: ) “Колькі вашы лісічкі каштуюць?”

(Першая жанчына: ) “Па тры тысячы”.

(Карэспандэнт: ) “А дзе вы іх зьбіралі?”

(Другая жанчына: ) “У лесе. Зоны чыстыя, правераныя — Гарнастаеўка, Грабаўка”.

(Карэспандэнт: ) “Ці правяралі вы лісічкі на радыяцыю?”

(Другая жанчына: ) “Абавязкова. Мы ж здаём грыбы нарыхтоўшчыкам, а там абавязкова правяраюць. І цяпер правяралі”.

(Карэспандэнт: ) “І што?”

(Другая жанчына: ) “Чыстыя!”

(Карэспандэнт: ) “Квіток можна паглядзець?”

(Другая жанчына: ) “А яны тут чамуcьці не даюць квіткоў, хаця ўказ Лукашэнкі наконт гэтага быў”, — кажа суразмоўніца, якая ўрэшце назвалася Галінаю Іванаўнай.

Як высьветлілася, жанчыны зьяўляюцца перасяленкамі з заражанай радыяцыяй вёскі Сябровічы Чачэрскага раёну. Жывуць цяпер у Рудні-Марымонавай, за 30 кілямэтраў ад абласнога цэнтру. Гэта ў іншым баку ад сапраўды адносна чыстых паселішчаў Грабаўка і Гарнастаеўка.

Жанчыны іх называюць для адчэпкі, каб усё-такі прадаць свае не правераныя на радыяцыю лісічкі. Лёгіка простая: яны выжылі пасьля Чарнобылю, дык чаго іншым засьцерагацца:

(Люба: ) “Калі Чарнобыль не забіў нас, дык лісічкі не заб’юць. Ямо абы-што”, — разважае прадавачка лісічак спадарыня Люба.

У лябараторыі Цэнтральнага рынку мне паведамілі, што сёлета яны яшчэ ніводнага разу не правяралі сьвежых грыбоў.

(Аплачыкава: ) “Пакуль іх яшчэ не было. Не прыносілі іх правяраць. Напэўна, яшчэ ня вырасьлі”, — мяркуе лябарант-радыёляг Ала Аплачыкава.

І гэта пры тым, што першых гандляроў лісічкамі мне асабіста давялося бачыць на Цэнтральным рынку яшчэ ў мінулую суботу.

Кожны год з надыходам лета на рынкі рэгіёну гандляры прывозяць нямала грыбоў і ягадаў. Далёка ня ўсе яны прыдатныя ў ежу з прычыны радыяцыі. Але дзейснага сродку барацьбы з завозам такой прадукцыі адміністрацыі рынкаў пакуль не прыдумалі. Яны проста раяць не купляць неправеранай прадукцыі.
XS
SM
MD
LG