Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Канфлікт паміж мэдычным цэнтрам “Экамэдсэрвіс” і Міністэрствам аховы здароўя будзе вырашаць Вышэйшы гаспадарчы суд


Ігар Карней, Менск Юрысты мэдычнага цэнтру “Экамэдсэрвіс” зьвярнуліся ў Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі са скаргай на дзеяньні Міністэрства аховы здароўя. Кіраўніцтва беларуска-амэрыканскага прадпрыемства просіць прызнаць несапраўдным загад міністэрства аб ануляваньні ліцэнзіі на мэдычную дзейнасьць “Экамэдсэрвісу” паводле вынікаў комплекснай праверкі. Папярэднія слуханьні ў Вышэйшым гаспадарчым судзе заплянаваныя на 10 чэрвеня.

Як паведамілі ў Вышэйшым гаспадарчым судзе, іхным рашэньнем дзеяньне загаду Міністэрства аховы здароўя на час высьвятленьня спрэчнай сытуацыі прыпыненае, і мэдычны цэнтар “Экамэдсэрвіс” пакуль працягвае працу. Кіраўніцтва цэнтру за той тэрмін спадзяецца вырашыць канфліктную сытуацыю. Пра гэта апавяла супрацоўніца “Экамэдсэрвісу” Натальля Крэмнева:

(Крэмнева: ) “Паколькі працэдуры ліквідацыі прадпрыемства на той падставе, што ў яго забралі ліцэнзію, не існуе, мы зьвярнуліся з заявай у Вышэйшы гаспадарчы суд і папрасілі адмяніць захады Міністэрства аховы здароўя. Суд спэцыяльным вызначэньнем прыпыніў рашэньне міністэрства, тым самым дазволіўшы нам працягнуць працу”.

У штаце першага ў Беларусі недзяржаўнага мэдычнага цэнтру “Экамэдсэрвіс” больш за 200 супрацоўнікаў. Штодня яго наведваюць дзясяткі пацыентаў. Як кажуць самі супрацоўнікі цэнтру, у адзін момант спыніць такі канвэер немагчыма фізычна, паколькі некаторыя хворыя праходзяць тут курс лячэньня.

Прадстаўнік Вышэйшага гаспадарчага суду Павал Чарамісін пацьвердзіў, што скарга ад “Экамэдсэрвісу” атрыманая і першае слуханьне справы, хутчэй за ўсё, адбудзецца ўжо 10 чэрвеня.

(Чарамісін: ) “Натуральна, што суд гэтае пытаньне будзе разглядаць, і ўжо ў самым блізкім часе адбудуцца папярэднія слуханьні”.

Тым часам у Міністэрстве аховы здароўя працягваюць настойваць на тым, што рашэньне аб ануляваньні ліцэнзіі “Экамэдсэрвісу” правільнае і мэдычнаму цэнтру трэба згортваць дзейнасьць. Гаворыць памочнік міністра Алег Матусевіч:

(Матусевіч:) “Безь ліцэнзіі яны працаваць ня могуць. Я асабіста сам цяпер не разумею, чаму сытуацыя выглядае з дакладнасьцю да наадварот. З гэтым цяпер юрысты разьбіраюцца; тут, пэўна, яшчэ нейкія юрыдычныя нюансы. Але ліцэнзію спынілі, значыць, спынілі, без усялякіх варыянтаў. Ня ведаю, што ў гэтым зьвязку яшчэ вырашыць гаспадарчы суд”.

Рашэньне Міністэрства аховы здароўя аб ануляваньні ліцэнзіі “Экамэдсэрвісу” прынятае паводле вынікаў праверкі Камітэтам дзяржкантролю і шэрагу зацікаўленых міністэрстваў. У афіцыйным камэнтары Міністэрства аховы здароўя паведамляецца, што прычынай адкліканьня ліцэнзіі стала “грубае парушэньне ліцэнзійных патрабаваньняў у ажыцьцяўленьні мэдычнай дзейнасьці”. Падставай да гэтага, як стала вядома, сталі тры парушэньні: тое, што кардыёляг і псыхатэрапэўт ня маюць вышэйшай катэгорыі, а масажыст не прайшоў курсаў перападрыхтоўкі. Такім чынам, за парушэньні ў трох відах дзейнасьці цэнтар пазбавілі ліцэнзіі амаль у паўсотні відаў паслугаў. Такога, паводле прадстаўнікоў “Экамэдсэрвісу”, у гісторыі беларускай мэдыцыны яшчэ не было.
XS
SM
MD
LG