Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Скрабец галадуе ў ізалятары 26-ты дзень


Уладзімер Глод, Менск Адзін з актывістаў беларускай апазыцыі, кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Сяргей Скрабец 26-ты дзень трымае галадоўку ў Берасьцейскім сьледчым ізалятары. Пра гэта нашаму радыё паведаміў адвакат былога парлямэнтара Міхаіл Хоміч.

Сяргей Скрабец па-ранейшаму п’е толькі ваду. Пра гэта мне паведаміў 9 чэрвеня адвакат Міхаіл Хоміч. Апошнім часам Сяргей Скрабец скардзіцца на галаўны боль, бяссоньніцу, дакучны боль у нырках.

Начальнік Берасьцейскага сьледчага ізалятару Мікалай Сухадольскі, зь якім я размаўляў па тэлефоне 9 чэрвеня, гаворыць, што лекар, які працуе ў ізалятары, рэгулярна мерае Скрабцу крывяны ціск і тэмпэратуру:

(Сухадольскі: ) “У нас ёсьць свой лекар, Скрабец, калі гэта неабходна, яго выклікае”.

(Карэспандэнт: ) “І як ён сябе адчувае?”

(Сухадольскі: ) “Нармальна ён сябе адчувае, нармальна. Учора я зь ім размаўляў, нармальна ён ходзіць, размаўляе”.

На мае далейшыя пытаньні — прынамсі, пра тое, ці можна ва ўмовах сьледчага ізалятару выйсьці з галадоўкі — спадар Сухадольскі фактычна не адказваў, паўтараючы раз за разам, што са Скрабцом усё нармальна.

Уладзімер Чырвоненка — прафэсійны лекар, які да таго ж мае асабісты досьвед галадаваньня, гаворыць, што небясьпечныя для здароўя наступствы звычайна пачынаюцца на трэцім тыдні галадоўкі:

(Чырвоненка: ) “Насамрэч сапраўдныя праблемы са станам здароўя пачынаюцца з трэцяга тыдня. Да трох тыдняў больш-менш бясьпечна. Калі вялікіх непрыемнасьцяў са станам здароўя няма, то, можа, калі-нікалі гэта нават карысна. Але такія доўгатэрміновыя галадоўкі, як у Сяргея Скрабца, шкодныя, улічваючы да таго ж і ягоны ўзрост, калі кампэнсаторныя магчымасьці арганізму аслабленыя. Ва ўмовах сьледчага ізалятару выйсьці з галадоўкі вельмі цяжка, улічваючы неабходнасьць спэцыяльнай дыеты. Але я ня думаю, што праваахоўныя органы маюць ня толькі жаданьне, але і магчымасьці для такой дыеты”.

Экс-дэпутата абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — падрыхтоўка да злачынства і хабарніцтва. 9 чэрвеня дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава падчас плянарнага паседжаньня скарысталася тым, што на трыбуну выйшаў міністар юстыцыі Віктар Галаванаў, і пацікавілася ў яго, на якой падставе ў сьледчым ізалятары больш за тры тыдні знаходзіцца былы калега Сяргей Скрабец. Аднак кіраўнік Палаты Ўладзімер Канаплёў сказаў, што пытаньне Абрамавай ня тычыцца пытаньня, якое разглядаецца, і прапанаваў міністру на яго не адказваць. Віктар Галаванаў прыслухаўся да парады.

Адвакат Сяргея Скрабца, як мы ўжо паведамлялі ўчора ўвечары, просіць зьмяніць свайму падабароннаму меру стрыманьня. Міхаіл Хоміч спадзяецца, што ўлады могуць разгледзець ягонае хадайніцтва 10 чэрвеня.

Сяргей Скрабец у Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня ўзначальваў дэпутацкую групу “Рэспубліка”. Летам 2004 году ён удзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Летась у кастрычніку ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай пра палітычны прытулак, аднак атрымаў адмоўны адказ. Сёлета ў красавіку Беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт, у якім сьцьвярджалася, што спэцслужбы затрымалі кур’ера, які вёз зь Вільні 200 тысяч даляраў — нібыта для фінансаваньня палітычнай дзейнасьці Сяргея Скрабца.
XS
SM
MD
LG